Богаслужэнні
Канон вялікі прападобнага айца нашага Андрея Крыцкага і Іерусалімскага
У сераду першага тыдня Вялікага посту на вялікім павячэр’і
Песня 1
Ірмос
Памочнік і Абаронца стаў мне на спасенне: Ён — мой Бог, і буду славіць Яго, Ён — Бог айца майго, і буду ўзносіць Яго, бо са славаю Ён праслаўлены.
Прыпеў
Памілуй мяне, Божа, памілуй мяне.
З юнацтва я, Хрысце, запаведзі Твае паруша́ў, пажа́дліва, нядба́йна, бяздзе́йна правёў я ўсё жыццё, таму ўсклікаю да цябе, Спасіцель: "Хаця б пад канец, спасі мяне!"
Упаўшага ніц перад варотамі Тваімі, Спасіцель, хаця б у старасці не адкінь мяне ў пекла ні з чым, але перад канцом, як Чалавекалюбец, дай мне саграшэнняў адпушчэнне.
Маёмасць сваю, Спасіцель, у блудзе растра́ціўшы, застаўся я без пладоў набожнасці, і, пакутуючы ад голаду, усклікаю: "Ойча міласэрны, паспяшайся, Сам злітуйся нада мною!"
Я, захоплены разбойнікамі — помысламі маімі, увесь імі знявечаны цяпер і ранамі пакрыты; але Ты Сам, Хрысце Спасіцель, прыйдзі і ацалі мяне.
Свяшчэннік, заўважыўшы мяне, прайшоў міма, і левіт, убачыўшы мяне ў цяжкай бядзе, голым, пакінуў без увагі. Але Ты, Які з Марыі заззяў Іісусе, прыйдзі і памілуй мяне.
Прыпеў
Прападобная маці Марыя, малі Бога за нас.
Ты мне дай светлаза́рную благадаць ад Вышняга Бажэственнага Промысла, каб пазбе́гнуць азмрочання пажа́днасцямі і апяваць старанна Твайго, Марыя, жыцця слаўныя подзвігі.
Слава, Троічны
Звыш'існая Троіца, у Адзінстве пакланя́емая, здымі з мяне ярмо цяжкае грахоўнае і, як Міласэрная, дай мне слёзы жалю.
І цяпер, Багародзічны
Багародзіца, Надзея і Абарона тых, хто апявае Цябе! Здымі з мяне ярмо цяжкае грахоўнае, і як Уладычыца Чыстая ў пакаянні прымі мяне.
Песня 2
Ірмос
Пачуй, неба, я буду абвяшчаць і апяваць Хрыста, Які з Дзевы прышоў у плоці.
Паў я з-за няўстрыманасці, падобна Давіду і апаганіўся; але абмый і мяне, Спасіцель, слязамі маімі.
Ні слёз, ні пакаяння няма ў мяне, ні скрухі сардэчнай; Ты, Спасіцель, як Бог, Сам дай мне гэта.
Страціў і першасную прыгажосць і хараство маё, і цяпер ляжу голы і саромеюся.
Дзверы Твае не зачыні перада мною тады, Госпадзі, Госпадзі, а адкрый іх для мяне, які каецца перад Табою.
Пачуй стогны душы маёй і прымі вачэй маіх слёзныя кроплі, Спасіцель, і спасі мяне.
Чалавекалюбец! Ты жадаеш спасення ўсім, пакліч і як Добры прымі мяне, які каецца.
Прыпеў
Прасвятая Багародзіца, спасі нас.
Прачыстая Багародзіца Дзева, адзіная ўсімі апяваемая, маліся старанна за спасенне наша.
Ірмос
Глядзіце і ўбачце, што Я — Бог, Які манну, як дождж, паслаў і ваду з ка́меня праліў некалі ў пустыні лю́дзям Маім дзясніцаю адзінаю і моцаю Маёю.
"Глядзіце і ўбачце, што Я — Бог!" Слухай, душа мая, Госпада, Які прамаўляе, і адступі ад ранейшага граху, і страшыся Яго як Непадкупнага Суддзі і як Бога.
На каго падобная ты, мнагагрэшная душа, як не на першага Каіна, а затым на Ламе́ха, пабіўшы камяня́мі — зладзействамі — цела і ўмярцвіўшы розум нягоднымі памышленнямі?
Усіх, што жылí да закона, поглядам акінуўшы, душа, не стала ты падобнаю Сіфу, не ўзяла прыклад ні з Яно́са, ні з Яно́ха ў перасяле́нні, ні з Ноя, а застала́ся ўбогаю ў параўнанні з жыццём праведнікаў.
Ты адна распахнула вадаспа́ды гневу Бога твайго, душа мая, і, як зямлю, патапіла ўсю плоць, і справы, і жыццё, і застала́ся без выратава́льнага каўчэга.
Прыпеў
Прападобная маці Марыя, малі Бога за нас.
З усёю стараннасцю і любоўю звярнулася ты да Хрыста, адвярнуўшыся ад ранейшага шляху грахоўнага, жывучы́ ў пустынях непраходных, і бездакорна выконваючы Яго Божыя запаведзі.
Слава, Троічны
Беспачатная, няствораная Троіца, нераздзельнае Адзінства, прымі мяне, які каецца, спасі мяне, які саграшыў, я — стварэнне Тваё, не пагарджа́й мною, але злíтуйся і збаў мяне ад вогненнага асуджэння.
І цяпер, Багародзічны
Прачыстая Уладычыца, Божая Радзіцелька, Надзея тых, хто звяртаецца да Цябе, і Прыстанішча захопленых бураю, міласцівага Стварыцеля і Сына Твайго ўмíласціві і да мяне малітвамі Тваімі.
Песня 3
Ірмос
Умацуй, Госпадзі, на камені запаведзяў Тваіх няўстойлівае сэрца маё, бо адзіны Ты Святы і Гасподзь.
Ні благаславення Сімавага не атрымала ты ў спадчыну, душа злашчасная, ні вялікага абша́ру ўладання, як Іа́фет, не атрымала на зямлі прабачэння.
З зямлі Харра́н — з граху выйдзі, душа мая, паспяшайся ў зямлю, якая вытача́е вечна жывую нятле́ннасць і якую Аўраам атрымаў у спадчыну.
Пра Аўраама чула ты, душа мая, як ён у старажытнасці пакінуў зямлю бацькоўскую і зрабіўся пры́хаднем; яго рашучасць вазьмі за прыклад.
Каля дуба Мамврыйскага патрыярх, Ангелаў пачаставаўшы, атрымаў у старасці ў спадчыну абетаванне ва ўзнагароду.
Пра Ісаака, злашчасная душа мая, даведаўшыся як пра новую ахвяру ўсеспалення, таямніча прыне́сеную Госпаду, вазьмі за прыклад яго рашучасць.
Пра Ісма́іла ты чула, душа мая, вы́гнанага, як народжанага рабыняю; глядзі, устрымлівайся, каб і з табою з-за распуснасці не атрымалася падобнага.
Прыпеў
Прападобная маці Марыя, малі Бога за нас.
Ахоплены я бураю і штормам саграшэнняў, але ты сама мяне, маці, вы́ратуй цяпер і прывядзі да прыстанку Бажэственнага пакаяння.
Прыпеў
Прападобная маці Марыя, малі Бога за нас.
Рабскае маленне і цяпер, прападобная, узнёсшы да міласэрнай Багародзіцы, адкрый і для мяне тваім хада́йніцтвам Бажэственныя ўваходы.
Слава, Троічны
Троіца простая, не створаная, беспачатная Істота, апява́емая ў Трох Іпастасях, спасі нас, якія з вераю пакланя́емся ўладзе Тваёй.
І цяпер, Багародзічны
Ад Айца раней часоў народжанага Сына Ты ў часе нарадзіла, Божая Радзіцелька, не спазнаўшы мужа, — о дзіўны цуд, — Дзеваю застаючы́ся і малаком кормячы.
Песня 4
Ірмос
Пачуў прарок прышэсце Тваё, Госпадзі, і ўстрашы́ўся, што Ты хочаш з Дзевы нарадзіцца і людзям явíцца, і сказаў: "Пачуў я вестку Тваю, і ўстрашы́ўся". Слава сіле Тваёй, Госпадзі!
Цела маё апаганена, дух забру́джаны, увесь я пакрыты язвамі; але Ты, як урач, Хрысце, ацалі і тое і другое маім пакаяннем, амый, ачысці і зрабі мяне, Спасіцель мой, за снег чысце́йшым.
Ты, Слова, будучы распятым за ўсіх, прапанаваў Цела Тваё і Кроў: Цела — каб мяне аднавіць, Кроў — каб амыць мяне. Дух жа аддаў Ты, каб мяне прывесці, Хрысце, да Айца Твайго.
Здзейсніў Ты спасенне пасярод зямлі, Міласэрны, каб нам спасціся, Ты дабравольна на Дрэве быў распяты; Эдэм зачынены адкрыўся; Табе пакланяюцца горнія і дольнія стварэнні і ўсе спасёныя народы.
Няхай кроў з рэбраў Тваіх, Слова, будзе мне купеллю і разам з тым піццём, што вытача́е ваду прабачэння, каб мне поўнасцю ачысціцца, пама́зваючыся і наталя́ючыся Тваімі жыватворнымі словамі, як ма́ззю і піццём.
Як чашу Царква атрымала рэбры Твае жываносныя, з якіх падвойны нам выцякае струме́нь: прабачэння грахоў і пазнання, як вобраз Старога і Новага — разам двух Запаветаў, Спасіцель наш.
Пазба́ўлены я хораму, пазба́ўлены і шлюбу, а разам з тым і вячэры; свяцільнік згас, бо няма ў ім алею, хорам, пакуль я спаў, зачыніўся, вячэра скончылася, а я па руках і нагах звя́заны і выкінуты вон.
Слава, Троічны
Нераздзе́льнае Істотаю і нязлíтнае ў Асобах, Троічнае Адзінае Бажаство, Табою, Адзінацарственнае і Супрастольнае, я навучаюся богапазнанню. Спяваю Табе песню ве́лічную, якая ў вышнім свеце тройчы спяваецца.
І цяпер, Багародзічны
І нараджаеш Ты, і застае́шся Дзеваю, і захоўваеш у тым і ў другім прыродную дзявоцкасць; Народжаны з Цябе абнаўляе законы прыроды: і ўлонне дзявоцкае нараджае. Дзе жадае Бог, там пераадольваецца прыродны парадак, бо Ён робіць усё, як жадае.
Песня 5
Ірмос
Мяне, што з ночы не перастаю апяваць Цябе, Чалавекалюбец, прасвятлі, малюся, і настаў мяне на выкананне запаведзяў Тваіх, і навучы мяне, Спасе, здзяйсняць волю Тваю.
Маючы цяжкі нораў, фараону жорсткаму стаў я падобны, а Іанíю і Іамвры́ю падобны душою і целам, і ўвяз розумам; але Ты, Уладар, памажы́ мне.
З граззю я, няшчасны, змяшаўся розумам сваім, але абмый мяне, Уладар, у купелі слёз маіх, малю Цябе, адзенне плоці маёй вы́беліўшы як снег.
Калі стану я дасле́даваць справы свае, Спасіцель, то бачу, што я кожнага чалавека грахамі пераўзышоў, бо ў поўным разуме́нні я грашыў, а не ў неразуме́нні.
Злітуйся, злітуйся, Госпадзі, над стварэннем Тваім. Саграшыў я — прабач мяне, бо Ты адзін толькі чысты па прыродзе, і ніхто іншы, акрамя Цябе, не бывае без нечыстаты́.
Дзеля мяне Ты, будучы Богам, прыня́ў мой вобраз, здзе́йсніў цуды, ацаліўшы пракажоных, ўмацаваўшы спаралізаванага, і спыніўшы ў жанчыны кровацячэнне, Спасіцель, праз дакрана́нне да кра́ю вопраткі.
Прыпеў
Прападобная маці Марыя, малі Бога за нас.
Паток Іардана перайшоўшы, знайшла ты спакой непару́шны, пазбе́гнуўшы плоцкай асалоды; ад яе і нас пазбаў тваімі малітвамі, прападобная.
Слава, Троічны
Цябе, Троіца, мы славім, Адзінага Бога: "Святы, святы, святы Ты: Айцец, Сын і Дух", — простая Істота, Адзінства заўсёды пакланя́емае.
І цяпер, Багародзічны
З Цябе, непару́шаная, бязмужняя Маці-Дзева, увасобіўся паводле майго складу Бог, Які стварыў вякі, і злучыў з Сабою чалавечую прыроду.
Песня 6
Ірмос
Я ўсклікнуў усім сэрцам маім да міласэрнага Бога, і пачуў Ён мяне з пекла апраме́тнага, і вывеў з пагібелі жыццё маё.
Паўстань і змагайся, як Іісус з Амалікам, з плоцкімі пажаднасцямі, заўсёды перамагаючы і гавааніця́наў — падма́нныя помыслы.
Перайдзі праз цякучую прыроду часу, як некалі каўчэг запавету, і ўступі ў валоданне тою зямлёю абетавання, душа: Бог загадвае.
Як уратаваў Ты Пятра, які закрычаў, паспяшайся спасці і мяне, Спасіцель, ад звера мяне ўратуй, працягнуўшы руку Тваю, і выведзі з глыбінí грахоўнай.
Як ціхае прыстанішча ведаю Цябе, Уладар, Уладар Хрысце; але з бяздонных глыбіняў граху і адчаю мяне паспяшайся збавіць.
Слава, Троічны
"Я ёсць Троіца простая, нераздзельная, адрозная ў Асобах, і Адзінства Я ёсць, злу́чанае па прыродзе", — Айцец абвяшчае, і Сын, і Бажэственны Дух.
І цяпер, Багародзічны
Улонне Тваё нарадзіла нам Бога, Які прыня́ў наш вобраз; Яго ж як Тварца ўсяго малі, Багародзіца, каб нам па малітвах Тваіх апраўда́цца.
Госпадзі, памілуй (тройчы).
Слава, і цяпер
Кандак, глас 6
Душа мая, душа мая, паўстань, што спіш ты? Канец набліжа́ецца, і ты моцна збянтэ́жышся. Уздымíся ж, каб злітаваўся над табою Хрыстос Бог, Які ўсюды прысу́тны і ўсё напаўня́е.
Песня 7
Ірмос
Саграшылі мы, учынілі беззаконне, няпраўду перад Табою, і не захавалі, і не вы́каналі таго, што Ты запаве́даў нам. Але не пакінь нас да канца, айцоў Божа!
Манасíевы саграшэнні сабрала ты дабравольна, усталява́ўшы пажаднасці, як мярзотных ідалаў, і наклікаўшы, душа, яшчэ большы гнеў на сябе; але горача перайма́ючы яго пакаянне, дасягні скру́шанасці сардэчнай.
На Ахава ты раўнялася ў мярзотных справах, душа мая, гора мне! Зрабілася ты скопішчам плоцкай нечыстаты і паганым ёмішчам пажаднасцей; але з глыбіні сваёй зарыдай і паведамі Богу грахі твае.
Зачы́нена для цябе неба, душа, і голад Божы насцігнуў цябе, як некалі было, калі не паслухаўся Ахаў слоў Іліі Фесвíцяніна; але зрабіся падобнай да Сарэпцкай удавы: наталí душу́ прарока.
Некалі Ілія спаліў два разы па пяцьдзясят слуг Іезаве́лі, тады і прарокаў язычніцкіх ён знішчыў, выкрыва́ючы Аха́ва; але пазбягай таго, каб быць падобнай і тым, і другім, душа, і ўмацоўвайся вераю.
Слава, Троічны
Бог Троіца апяваецца як Троіца Простая, Нераздзельная, Адзінасутная і Адзіная Істотаю, як Светачы і Святло, як Святыя тры і адзінае Святое; таму апявай, праслаўляй, душа, Жыццё і Жыццí — усіх Бога.
І цяпер, Багародзічны
Апяваем Цябе, благаслаўляем Цябе, пакланя́емся Табе, Богарадзіцелька, бо нарадзіла Ты Адзінага з Нераздзельнай Троіцы — Хрыста Бога і Сама адкрыла нам, якія жывуць на зямлі, нябеснае.
Песня 8
Ірмос
Яго воінствы нябесныя славяць, і перад Ім трымцяць Херувімы і Серафімы; кожнае дыханне і стварэнне, апявайце, благаслаўляйце і ўзносьце Яго на ўсе вякі!
Суддзя праведны, Спасіцель, памілуй і збаў мяне ад агню і пакарання, якое справядліва належыць мне на судзе атрымаць; дай апраўдацца мне, пакуль яшчэ не канец, праз дабрадзейнасць і пакаянне.
Як разбойнік усклікаю да Цябе: "Памяні мяне!"; як Пётр, плачу горка; "Прабач мяне, Спасіцель", — прашу, як мытнік; лію слёзы, як блудніца; прымі маё рыданне, як некалі ад ханане́янкі.
Спасіцель, ацалі нагнае́нне пакорнай маёй душы; адзіны Урач, прыкладзі мне пластыр, і ялей, і віно — справы пакаяння, скру́шанасці сардэчнай са слязьмі.
Падобна ханане́янцы, і я ўсклікаю да Сына Давідавага: "Памілуй мяне"; дакранаюся да кра́ю вопраткі, як кроватачывая; плачу, як Марфа і Марыя над Лазарам.
Слава, Троічны
Беспачатны Ойча, Сыне субеспачатны, Уцяшы́целю Добры, Дух праведны; Слова Божага Бацька, Айца Беспачатнага Слова, Дух жывы і стваральны, Троіца Адзіная, памілуй мяне.
І цяпер, Багародзічны
Нíбы з пурпурнага складу, Прачыстая, духоўная парфіра — плоць Эману́іла ўнутры ўлоння Твайго сатка́лася; таму мы Цябе, ісцінную Багародзіцу, ўшаноўваем.
Песня 9
Ірмос
Нараджэнне зачатага без семені — неспасціжнае; Плод Маці, не спазнаўшай мужа, — беззаганны: бо абнаўляе Божае нараджэнне законы прыроды. Таму Цябе мы, усе роды, як Боганявесту-Маці праваслаўна велічаем.
Хрыстос Слова, хваробы ацаляючы, убогім дабраве́сціў, скале́чаных ацаляя́ў, з мытнікамі еў, з грэшнікамі размаўляў, Іаіравай дачцэ душу́, што ўжо адышла, вярнуў дакрана́ннем рукí.
Мытнік атрымаў спасенне і блудніца стала цнатлівай, а фарысей, які хваліўся, атрымаў асуджэнне. Бо першы ўсклікаў: "Будзь міласцівы да мяне!" Другая прасіла: "Памілуй мяне!" А апошні пыхліва прамаўляў: "Божа, дзякую Табе!" І іншыя неразумныя словы.
Закхей быў мытнікам, але ж атрымаў спасенне, фарысей Сíман усумніўся, а блудніца атрымала поўнае прабачэнне ад Таго, Хто мае ўладу адпускаць грахі; імкніся ж, душа, і ты быць падобнай да яе.
Не пажада́ла ты быць падобнай, няшчасная душа мая, да той блудніцы, што, узяўшы алеба́стравую пасудзіну з мірам, слязьмі пама́зала і валасамі абце́рла ногі Спасіцеля, Які разарваў спісак ранейшых грахоў яе.
Ты ведаеш, душа мая, як пракля́ты былí гарады, якім Хрыстос дабраве́сціў Евангелле; страшы́ся гэтага прыкладу, не будзь такой, як яны, бо Уладыка, параўна́ўшы іх з Садомам, да пекла прысудзіў іх.
Не зрабіся горшай за ханане́янку, душа мая, з-за адчаю, бо ты чула пра веру, дзякуючы якой дачка яе ацалілася Божым словам. "Сыне Давідаў, спасі і мяне!" – усклікні з глыбінí сэрца, як яна Хрысту.
Слава, Троічны
Айца праславім, Сыну хвалу ўзнясём, Бажэственнаму Духу з вераю паклонімся – Троіцы нераздзельнай, Адзінай Істотаю, як Святлу і Светачам, і Жыццю і Жыццям, што дае жыццё і прасвятляе краі свету.
І цяпер, Багародзічны
Горад Твой захоўвай, Богарадзіцелька Прачыстая, бо пад Тваёй аховай ён з вераю царствуе, і Табою ўмацоўваецца, і Тваім спрыя́ннем адольвае ўсякае выпрабаванне, і скара́е ворагаў, і трымае іх у паслушэнстве.
Прыпеў
Прападобны ойча Андрэе, малі Бога за нас.
Андрэе дастахвальны і ойча найблажэннейшы, пастыр Крыцкі, не пераставай маліцца за тых, хто апявае цябе, каб пазбавіцца нам ад гневу, і гора, і разбурэння, і саграшэнняў бязмерных, ушаноўваючы тваю памяць з вераю.
Ірмос
Нараджэнне зачатага без семені — неспасціжнае; Плод Маці, не спазнаўшай мужа, — беззаганны: бо абнаўляе Божае нараджэнне законы прыроды. Таму Цябе мы, усе роды, як Боганявесту-Маці праваслаўна велічаем.