Богаслужэнні
Канон вялікі прападобнага айца нашага Андрея Крыцкага і Іерусалімскага
У аўторак першага тыдня Вялікага посту на вялікім павячэр’і
Песня 1
Ірмос
Памочнік і Абаронца стаў мне на спасенне: Ён — мой Бог, і буду славіць Яго, Ён — Бог айца майго, і буду ўзносіць Яго, бо са славаю Ён праслаўлены.
Прыпеў
Памілуй мяне, Божа, памілуй мяне.
Каінава пераўзышоўшы забойства, я па сваёй волі зрабіўся забойцам сумлення душы́, жы́вячы плоць і ваю́ючы супраць душы́ ліхімі маімі дзе́яннямі.
З Авелем, Іісусе, я не зраўняўся ў праведнасці, ні дароў Табе прыемных не прыносіў я ніколі, ні спраў богаўгодных, ні ахвяры чыстай, ні жыцця беззага́ннага.
Як Каін, так і мы з табой разам, душа злашчасная, Стварыцелю ўсяго прынеслі ахвяру заганную — і справы нячыстыя, і жыццё нягоднае; за гэта і асу́джаны.
Гліну ажывіўшы, Стварыцель, Ты даў мне плоць і косці, дыханне і жыццё; але, Тварэц мой, Збавіцель мой і Суддзя, у пакаянні прымі мяне!
Адкрываю перад Табою, Спасіцель, грахі, якія зрабіў я, і душы́ і цела майго раны, якія злачынна нане́слі мне ўнутраныя згу́бныя памышле́нні.
Хоць і саграшыў я, Спасіцель, але ведаю, што Ты Чалавекалюбец: караеш спага́дліва і мíлуеш сардэчна, бачыш таго, хто плача, і спяшаешся, як бацька, паклікаць згубленага.
Слава, Троічны
Звыш'існая Троіца, у Адзінстве пакланя́емая, здымі з мяне ярмо цяжкае грахоўнае і, як Міласэрная, дай мне слёзы жалю.
І цяпер, Багародзічны
Багародзіца, Надзея і Абарона тых, хто апявае Цябе! Здымі з мяне ярмо цяжкае грахоўнае, і як Уладычыца Чыстая ў пакаянні прымі мяне.
Песня 2
Ірмос
Пачуй, неба, я буду абвяшчаць і апяваць Хрыста, Які з Дзевы прышоў у плоці.
Пашыў і мне грэх скураную вопратку, зняўшы з мяне першае Богам сатканае адзенне.
Апра́нуты я ў адзежу сораму, як лісцем смакоўніцы, што выкрыва́е мае́ самавольныя пажа́днасці.
Апрану́ўся я ў адзежу, агідна запля́мленую і мярзотна акрыва́ўленую выцяка́ннямі пажа́длівага і сласталю́бнага жыцця.
Паддаўся я згу́бным пажа́днасцям і разбура́льным звычкам, і таму вораг цяпер прыгнята́е мяне.
Перавагу аддаўшы жыццю, прывя́занаму да рэчаў і набы́ткаў, замест бескары́слівасці, Спасіцель, цяпер я пад цяжкім ярмом знаходжуся.
Упрыгожыў я куміра плоці каляровай аздобаю нячыстых памышле́нняў і цярплю асуджэ́нне.
Пра адно толькі знешняе ўбранства паклапаціўся я старанна, у занядба́нні пакінуўшы ўнутраную богападобную скінію.
Пахава́ў я пажа́днасцямі сваімі прыгажосць першатворнага вобраза, Спасіцель, але Ты, як некалі драхму, шукаючы, знайдзі яе.
Саграшыў я і як блудніца ўсклікаю да Цябе: "Адзін я саграшыў перад Табою, але прымі, Спасіцель, як міра, мае слёзы!"
"Міласцівы будзь, — як мытнік усклікаю да Цябе, — Міласцівы будзь да мяне, Спасіцель, бо ніхто з дзяцей Адама так, як я, не саграшыў перад Табою!"
Слава, Троічны
Цябе, Адзінага ў трох Асобах Бога ўсіх, апяваю: Айца, і Сына, і Духа Святога.
І цяпер, Багародзічны
Прачыстая Багародзіца Дзева, адзіная ўсімі апява́емая, маліся старанна, каб спасцíся нам.
Песня 3
Ірмос
Умацуй, Госпадзі, на камені запаведзяў Тваіх няўстойлівае сэрца маё, бо адзіны Ты Святы і Гасподзь.
Крыніцу жыцця знайшоў я ў Табе — Пераможцы смерці, і ўсклікаю да Цябе ад сэрца майго, пакуль яшчэ не канец: "Саграшыў я, змілуйся і спасі мяне!"
Саграшыў я, Госпадзі, саграшыў перад Табою! Змілуйся нада мною: бо няма грэшніка сярод людзей, якога б я не пераўзышоў саграшэннямі.
Падобнае тым, якія ў часы Ноя блудадзейнічалі, рабіў я, Спасіцель, і успадкаваў пакаранне іх: у патопе патапле́нне.
Падобнае Хаму, які бацьку знява́жыў, рабіла ты, душа: не закрыла ты сораму бліжняга, тварам назад адвярну́ўшыся.
Як пажару Лот, пазбягай, душа мая, граху, уцякай ад Садома і Гаморы, пазбягай полымя ўсякага бяздумнага жадання.
Памілуй, Госпадзі, памілуй мяне, усклікаю да Цябе, калі прыйдзеш з Ангеламі Тваімі, каб усім адплаціць належнае паводле спраў іх.
Слава, Троічны
Троіца простая, не створаная, беспачатная Істота, апяваемая ў Трох Іпастасях, спасі нас, якія з вераю пакланяемся ўладзе Тваёй.
І цяпер, Багародзічны
Ад Айца раней часоў народжанага Сына Ты ў часе нарадзіла, Божая Радзіцелька, не спазнаўшы мужа, — о дзіўны цуд, — Дзеваю застаючыся і малаком кормячы.
Песня 4
Ірмос
Пачуў прарок прышэсце Тваё, Госпадзі, і ўстрашы́ўся, што Ты хочаш з Дзевы нарадзіцца і людзям явíцца, і сказаў: "Пачуў я вестку Тваю, і ўстрашы́ўся". Слава сіле Тваёй, Госпадзі!
Не спі, душа мая, дасканалься, як вялікі сярод патрыярхаў, каб дасягнуць табе дзе́яння з разуме́ннем, каб узбагаціцца розумам, які бачыць Бога, і пранікнуць у непрыступны змрок сузіраннем, і набыць скарб вялікі.
Дванаццаць патрыярхаў вялікі сярод патрыярхаў нарадзіўшы, таямніча ўсталяваў для цябе, душа мая, лесвіцу дзейнага ўзыходжання, прамудра размясціўшы дзяцей, як аснаванне, як прыступкі для ўзыходжання.
Па прыкладу Іса́ва ненавіснага аддала ты, душа, свайму спакусніку першародства першаснай прыгажосці, і бацькоўскае благаславенне страціла, і дваяка паддала́ся спакусе, няшчасная: дзеяннем і розумам; таму цяпер пакайся.
Эдомам Ісаў быў празва́ны за крайнюю да жанчын пажадлівасць: бо няўстры́манасцю заўсёды пала́ючы і сласталюбствам апага́ньваючыся, ён быў іменава́ны Эдомам, што азначае: "распале́нне душы́ грэхалю́бнай".
Пра Іава на гноішчы пачуўшы, і пра яго апраўданне, ты, душа мая, не ўзяла́ з яго прыкладу мужнасці, не мела ты цвёрдай волі ва ўсім, што спазнала, што зазнала, але аказалася нецярпліваю.
Той, які быў раней на троне, — цяпер голы, на гноішчы, у язвах; багаты дзецьмі і знакаміты стаў раптоўна бяздзетным і бяздомным; але харомамі сваімі лічыў ён гноішча, а язвы — камяня́мі каштоўнымі.
Слава, Троічны
Нераздзе́льнае Істотаю і нязлітнае ў Асобах, Троічнае Адзінае Бажаство, Табою, Адзінаца́рственнае і Супрастольнае, я навуча́юся богапазнанню. Спяваю Табе песню ве́лічную, якая ў вы́шнім свеце тройчы спяваецца.
І цяпер, Багародзічны
І нараджаеш Ты, і застае́шся Дзеваю, і захоўваеш у тым і ў другім прыродную дзявоцкасць; Народжаны з Цябе абнаўляе законы прыроды: і ўлонне дзявоцкае нараджае. Дзе жадае Бог, там пераадольваецца прыродны парадак, бо Ён робіць усё, як жадае.
Песня 5
Ірмос
Мяне, што з ночы не перастаю апяваць Цябе, Чалавекалюбец, прасвятлі, малюся, і настаў мяне на выкананне запаведзяў Тваіх, і навучы мяне, Спасе, здзяйсня́ць волю Тваю.
Пра Маісея чула ты, душа, як у старажытнасці яго ў кошыку, быццам у хораме, па вадзе насіла хвалямі рэчкі, і пазбег ён горкага бедства, задуманага фараонам.
Пра баб-павітух чула ты, няшчасная душа, што павінны былí некалі забіваць немаўлят мужчынскага полу — плод цнатлівасці; таму цяпер, як вялікі Маісей, пі малако прамудрасці.
Як Маісей вялікі егіпцяніна, ты, няшчасная душа, не забіла таго, што калечыць розум; як жа ты, скажы, паселішся ў пустыні страсцей праз пакаянне?
У пустыні пасяліўся вялікі Маісей; ідзі ж і ты, душа, рабі па прыкладу яго жыцця, каб і табе прысутнічаць пры сузіранні Богаяўле́ння ў цярновым кусце́.
Маісеева жазло, якое стукнула па моры і адкрыла глыбіню, уяўляй, душа, як вобраз Крыжа Божага, якім зможаш і ты вялікае здзе́йсніць.
Аарон прыносіў Богу ў агні беззаганнае, чыстае; а Афнí і Фінее́с прыносілі як і ты, душа, чу́жаснае для Бога нячыстае жыццё.
Слава, Троічны
Цябе, Троіца, мы славім, Адзінага Бога: "Святы, святы, святы Ты: Айцец, Сын і Дух", — простая Істота, Адзінства заўсёды пакланя́емае.
І цяпер, Багародзічны
З Цябе, непару́шаная, бязмужняя Маці-Дзева, увасобіўся паводле майго складу Бог, Які стварыў вякі, і злучыў з Сабою чалавечую прыроду.
Песня 6
Ірмос
Я ўсклікнуў усім сэрцам маім да міласэрнага Бога, і пачуў Ён мяне з пекла апраме́тнага, і вывеў з пагібелі жыццё маё.
Хва́лі, Спасіцель, грахоў маіх, як у Чырвоным моры, вярнуўшыся, раптам пакрылі мяне, як некалі егіпцян і іх коннікаў.
Неразумны твой выбар, душа, як у Ізраіля ў старажытнасці: бо замест божай манны ты аддала́ перавагу бяздумнаму, сласталюбнаму насычэнню страсця́мі.
Калодзежам хананейскіх памышле́нняў аддала́ перавагу ты, душа, замест каменя з жы́лаю вады, з якога рэчка прамудрасці, нібы чаша, пралівае струмяні багослоўя.
Свіному мясу, і катлам, і егіпецкай ежы аддала́ перавагу ты, душа мая, замест нябеснай ежы, як некалі бяздумны народ у пустыні.
Калі стукнуў Маісей, раб Твой, жазлом аб камень, ён вобразна прадвы́явіў жыватворчыя рэбры Твае, з якіх усе мы, Спасіцель, чэрпаем піццё сапраўднага жыцця.
Даследуй, душа, як Іісус Навíн, і пабач абетава́ную зямлю, якая яна, і пасяліся ў ёй праз выкана́нне закона.
Слава, Троічны
"Я ёсць Троіца простая, нераздзельная, адрозная ў Асобах, і Адзінства Я ёсць, злу́чанае па прыродзе", — Айцец абвяшчае, і Сын, і Бажэственны Дух.
І цяпер, Багародзічны
Улонне Тваё нарадзіла нам Бога, Які прыня́ў наш вобраз; Яго ж як Тварца ўсяго малі, Багародзіца, каб нам па малітвах Тваіх апраўда́цца.
Госпадзі, памілуй (тройчы).
Слава, і цяпер
Кандак, глас 6
Душа мая, душа мая, паўстань, што спіш ты? Канец набліжа́ецца, і ты моцна збянтэ́жышся. Уздымíся ж, каб злітаваўся над табою Хрыстос Бог, Які ўсюды прысу́тны і ўсё напаўня́е.
Песня 7
Ірмос
Саграшылі мы, учынілі беззаконне, няпраўду перад Табою, і не захавалі, і не выканалі таго, што Ты запаве́даў нам. Але не пакінь нас да канца, айцоў Божа!
Калі везлі на калясніцы каўчэг, і цялец у бок павярнуў, то Оза, толькі дакрануўшыся да каўчэга, зазна́ў на сабе гнеў Божы; таму пазбягай яго дезёрзкасці, душа, ушаноўвай Бажэственнае са страхам.
Ты чула пра Авесалома, як ён супраць прыроды паўстаў; ведаеш пра яго мярзотныя ўчынкі, якімі ён апаганіў ложа бацькі свайго Давіда. Але ты сама рабіла па прыкладу яго пажа́длівых і сласталю́бных памкне́нняў.
Скары́ла ты свабодную сваю годнасць целу твайму, бо знайшоўшы іншага Ахітафе́ла — ворага, ты, душа, схілілася да яго пара́даў; але іх разбурыў Сам Хрыстос, каб ты ўратавалася поўнасцю.
Саламон цудоўны і поўны благадаці прамудрасці некалі злое перад Богам учыніўшы, адступіўся ад Яго. Да яго ты сама, душа, зрабілася падобнай жыццём сваім, пракляцця вартым.
Асалодамі страсцей сваіх захоплены, Саламон апага́ніўся. На жаль, раўнівец прамудрасці зрабіўся раўніўцам распутных жанчын і стаў чу́жасным для Бога. Ты сама, душа, рабіла падобнае яму ў розуме агіднай сласталю́бнасцю.
Да Раваа́ма падобнай стала ты, душа, бо ён не паслухаўся бацькоўскіх парадаў, а таксама падобнай і да найгоршага раба, Іераваа́ма, даўняга мяцежніка. Але адкінь падабенства ім і ўсклікай да Бога: "Саграшыла я, злітуйся нада мною!"
Слава, Троічны
Бог Троіца апяваецца як Троіца Простая, Нераздзельная, Адзінасутная і Адзіная Істотаю, як Светачы і Святло, як Святыя тры і адзінае Святое; таму апявай, праслаўляй, душа, Жыццё і Жыццí — усіх Бога.
І цяпер, Багародзічны
Апяваем Цябе, благаслаўляем Цябе, пакланя́емся Табе, Богарадзіцелька, бо нарадзіла Ты Адзінага з Нераздзельнай Троіцы — Хрыста Бога і Сама адкрыла нам, якія жывуць на зямлі, нябеснае.
Песня 8
Ірмос
Яго воінствы нябесныя славяць, і перад Ім трымцяць Херувімы і Серафімы; кожнае дыханне і стварэнне, апявайце, благаслаўляйце і ўзносьце Яго на ўсе вякі!
Ты па прыкладу Азíі, душа, зрабіўшы, носіш яго праказу ў сабе падвойную, бо пра нягоднае думаеш і беззаконнае робіш. Пакінь тое, чаго трымаешся, і звярніся да пакаяння.
Пра ніневíіцянаў чула ты, душа, як пакаяліся яны перад Богам у рубішчы і попеле, па іх прыкладу ты не зрабіла, а аказалася горшай за ўсіх, хто саграшыў да закона і пасля закона.
Ты чула пра Іерамію, душа, які ў рове з граззю з рыданнямі ўсклікаў да горада Сіёна і слёз шукаў; пераймай яго слёзнае жыццё і атрымаеш спасенне.
Іо́на ў Фарсíс пабег, прадба́чачы навяртанне ніневіцян: бо ён ведаў, будучы прарокам, міласэрнасць Божую, і таму раўнівасцю палымнеў, каб не з’явілася прароцтва лжывым.
Чула ты, душа, як Данііл у рове закрыў пашчы звяроў; даведалася ты, як юнакі разам з Азарыяй пагасілі вераю полымя распа́ленай печкі.
Са Старога Запавета ўсіх я прывёў табе, душа, у прыклад, рабі падобна богаўгодным справам праведных, і, наадварот, пазбяга́й грахоў ліхіх людзей.
Слава, Троічны
Беспачатны Ойча, Сыне субеспачатны, Уцяшыцелю Добры, Дух праведны; Слова Божага Бацька, Айца Беспачатнага Слова, Дух жывы і стваральны, Троіца Адзіная, памілуй мяне.
І цяпер, Багародзічны
Нібы з пурпурнага складу, Прачыстая, духоўная парфіра — плоць Эману́іла ўнутры ўлоння Твайго саткалася; таму мы Цябе, ісцінную Багародзіцу, ўшаноўваем.
Песня 9
Ірмос
Нараджэнне зачатага без семені — неспасціжнае; Плод Маці, не спазнаўшай мужа, — беззаганны: бо абнаўляе Божае нараджэнне законы прыроды. Таму Цябе мы, усе роды, як Боганявесту-Маці праваслаўна велічаем.
Хрыстос быў спакуша́ны: дыявал спакуша́ў Яго, паказваючы камяні, каб Ён ператвары́ў іх у хлябы́; узвёў Яго на гару, каб убачыў усе царствы свету ў адно імгненне; бойся, душа, пасткі такой, не спі і маліся ўвесь час Богу.
Го́рліца пустынелю́бная, голас таго, хто кліча, Хрыстоў свяцільнік усклікаў, прапаведуючы пакаянне; але Ірад з Ірадыядай чынілі беззаконне; глядзі, душа мая, не заблы́тайся ў сетках беззаконнікаў, а ўзлюбі пакаянне.
У пустыні пасяліўся благадаці Прадцеча, і з усёй Іудзеі і Самары́і сыходзіліся слухаць яго і спавядаліся ў грахах сваіх, хрышчэнне прымаючы рупліва. Але ты не рабіла па іх прыкладу, душа.
Шлюб — пачэсны і ложа — неапаганенае, таму што Хрыстос іх некалі благаславіў, плоццю ежу спажываючы, і ў Ка́не на вяселлі ваду ў віно ператвара́ючы, і першы гэты цуд здзяйсня́ючы, каб ты перамянілася, душа.
Спаралізаванага ўмацаваў Хрыстос, і той пасцель сваю ўзяў, і юнака памерлага ўзняў сына ўдавы, таксама — і слугу сотніка; і самаранцы адкрыў Сябе, праз гэта ў Духу служэнне Богу табе, душа, прадвы́значыў.
Тую, што мела кровацячэ́нне, ацаліў дакрана́ннем да кра́ю вопраткі Гасподзь, пракажоных ачысціў, сляпых і кульгавых, прасвятліўшы, вы́правіў, глухіх жа і нямых, і сагну́тую ацаліў словам, каб ты імкнулася спасціся, няшчасная душа.
Слава, Троічны
Айца праславім, Сыну хвалу ўзнясём, Бажэственнаму Духу з вераю паклонімся — Троіцы нераздзельнай, Адзінай Істотаю, як Святлу і Светачам, і Жыццю і Жыцця́м, што дае жыццё і прасвятляе краі свету.
І цяпер, Багародзічны
Горад Твой захоўвай, Богарадзіцелька Прачыстая, бо пад Тваёй аховай ён з вераю ца́рствуе, і Табою ўмацоўваецца, і Тваім спрыя́ннем адольвае ўсякае выпрабава́нне, і скара́е ворагаў, і трымае іх у паслушэ́нстве.
Прыпеў
Прападобны ойча Андрэе, малі Бога за нас.
Андрэе дастахва́льны і ойча найблажэннейшы, пастыр Крыцкі, не пераставай маліцца за тых, хто апявае цябе, каб пазба́віцца нам ад гневу, і гора, і разбурэ́ння, і саграшэнняў бязмерных, ушаноўваючы тваю памяць з вераю.
Ірмос
Нараджэнне зачатага без семені — неспасціжнае; Плод Маці, не спазнаўшай мужа, — беззаганны: бо абнаўляе Божае нараджэнне законы прыроды. Таму Цябе мы, усе роды, як Боганявесту-Маці праваслаўна велічаем.