Богаслужэнні
Канон вялікі прападобнага айца нашага Андрея Крыцкага і Іерусалімскага
У чацвер першага тыдня Вялікага посту на вялікім павячэр’і
Песня 1
Ірмос
Памочнік і Абаронца стаў мне на спасенне: Ён — мой Бог, і буду славіць Яго, Ён — Бог айца майго, і буду ўзносіць Яго, бо са славаю Ён праслаўлены.
Прыпеў
Памілуй мяне, Божа, памілуй мяне.
Агнец Божы, Які ўзяў на Сябе грахі ўсіх, здымі з мяне ярмо цяжкае грахоўнае, і як Міласэрны, дай мне слёзы жа́лю.
Да Цябе прыпада́ю, Іісусе, саграшыў я перад Табою, будзь мíласцівы да мяне, здымі з мяне ярмо цяжкае грахоўнае, і як Міласэрны, дай мне слёзы жа́лю.
Не паўстань на суд са мною, выносячы мае дзе́янні, дасле́дуючы словы і выкрыва́ючы наме́ры; але па міласэрнасці Тваёй, нягледзячы на грахі мае цяжкія, спасі мяне, Усемагутны.
Пакаяння час! Прыходжу да Цябе, Стварыцеля майго: здымі з мяне ярмо цяжкае грахоўнае, і як Міласэрны, дай мне слёзы жа́лю.
Багацце душы ў грахах растра́ціўшы, застаўся я без дабрадзейнасці і набожнасці, і, пакутуючы ад голаду, усклікаю: "Міласці Падацель, Госпадзі, спасі мяне!"
Прыпеў
Прападобная маці Марыя, малі Бога за нас.
Упакорыўшыся Хрыстовым бажэственным законам, ты да Яго наблізілася, пакінуўшы нястры́мныя імкненні да асалоды, і дасягнула ўсіх дабрадзейнасцяў, як адной, з поўным благагаве́ннем.
Слава, Троічны
Звыш'існая Троіца, у Адзінстве пакланя́емая, здымі з мяне ярмо цяжкае грахоўнае і, як Міласэрная, дай мне слёзы жалю.
І цяпер, Багародзічны
Багародзіца, Надзея і Абарона тых, хто апявае Цябе! Здымі з мяне ярмо цяжкае грахоўнае, і як Уладычыца Чыстая ў пакаянні прымі мяне.
Песня 2
Ірмос
Глядзіце і ўбачце, што Я — Бог, Які манну, як дождж, паслаў і ваду з каменя праліў некалі ў пустыні людзям Маім дзясніцаю адзінаю і моцаю Маёю.
"Мужчыну я забіў — язва мне, і юнака — рана мне", — усклікаў, рыдаючы, Ламе́х; а ты не страпяну́лася нават, душа мая, запля́міўшы плоць і апага́ніўшы розум.
Вежу задумала ты збудаваць, душа, і цвярдыню ўздзвігнуць сваімі пажаднасцямі, калі б Тварэц не перашкодзіў задумам тваім і не зрынуў на зямлю намаганні твае.
Як жа падобны я да Ламе́ха, ранейшага забойцы, душу́, як мужчыну, і розум, як юнака, забіўшы сласталюбнымі жаданнямі, а цела, як брата свайго, забіўшы, падобна Каіну-забойцу.
Дажджом праліў Гасподзь некалі агонь ад Госпада на беззаконне я́рае і спаліў садо́млян; ты ж распаліла агонь геены, у якім належыць табе, душа, быть спа́ленай.
Пара́нены я, пабіты; вось стрэлы ворага, якія працялі маю душу́ і цела, вось раны, язвы гнойныя, пераломы крычаць пра удары самавольных маіх пажаднасцей.
Прыпеў
Прападобная маці Марыя, малі Бога за нас.
Працягнула ты рукі свае да Міласэрнага Бога, Марыя, у бездані зол патана́ючы, і, як Пятру, чалавекалюбна руку́ дапамогі Ён пада́ў табе, твайго навярта́ння ўсімі шляхамі шукаючы.
Слава, Троічны
Беспачатная, няствораная Троіца, нераздзельнае Адзінства, прымі мяне, які каецца, спасі мяне, які саграшыў, я — стварэнне Тваё, не пагарджай мною, але злітуйся і збаў мяне ад вогненнага асуджэння.
І цяпер, Багародзічны
Прачыстая Уладычыца, Божая Радзіцелька, Надзея тых, хто звяртаецца да Цябе, і Прыстанішча захопленых бураю, мíласцівага Стварыцеля і Сына Твайго ўмíласціві і да мяне малітвамі Тваімі.
Песня 3
Ірмос
Умацуй, Госпадзі, на камені запаведзяў Тваіх няўстойлівае сэрца маё, бо адзіны Ты Святы і Гасподзь.
Да Агары — старажытнай егіпцянкі, падобная ты, душа, зрабіўшыся рабой самавольства і нарадзіўшы новага Ісма́іла — дзёрзкасць.
Пра лесвіцу, што вядзе ад зямлі да неба і была пака́зана Іакаву, ведала ты, душа мая, чаму ж не дасягнула ты трывалага узыходжання — набожнасці?
Свяшчэнніка Божага і цара самотнага — як падбенства Хрыстовага жыцця ў свеце сярод людзей — прыклад пераймай.
Навярніся, зарыдай, душа няшчасная, пакуль яшчэ не дайшло да канца свята жыцця, пакуль не зачыніў дзверы хораму Гасподзь.
Не зрабіся стаўпом саляным, душа, азірнуўшыся назад, няхай страшы́ць цябе прыклад Садома: імкніся ўверх, ратуйся ў Сігоры.
Не адрынь маленні тых, хто апявае Цябе, Уладар, а злітуйся, Чалавекалюбец, і дай прабачэнне тым, што з вераю просяць.
Слава, Троічны
Троіца простая, не створаная, беспачатная Істота, апяваемая ў Трох Іпастасях, спасі нас, якія з вераю пакланяемся ўладзе Тваёй.
І цяпер, Багародзічны
Ад Айца раней часоў народжанага Сына Ты ў часе нарадзіла, Божая Радзіцелька, не спазнаўшы мужа, — о дзіўны цуд, — Дзеваю застаючы́ся і малаком кормячы.
Песня 4
Ірмос
Пачуў прарок прышэсце Тваё, Госпадзі, і ўстрашы́ўся, што Ты хочаш з Дзевы нарадзіцца і людзям явíцца, і сказаў: "Пачуў я вестку Тваю, і ўстрашы́ўся". Слава сіле Тваёй, Госпадзі!
Час жыцця майго кароткі і напоўнены пакутамі і заганамі; але ў пакаянні мяне прымі і да розуму прывядзі, каб не зрабіцца мне здабы́чаю і ежай для ворага, Ты Сам, Спасіцель, злітуйся нада мною.
У царскай годнасці, вянцом і парфіраю ўбраны, чалавек, які валодаў маёмасцю вялікай і быў праведным, меў багацце незлічонае і статкі, раптоўна збяднеўшы, багацце, славу і царства страціў.
Калі ж ён праведным быў і беззаганным больш за ўсіх, але не пазбегнуў подступаў і пастак падманшчыка, то ты, няшчасная грэхалюбная душа, што рабіць будзеш, калі так здарыцца і нешта нечаканае насцігне цябе?
Ганарлівы я цяпер у словах, дзёрзкі таксама і сэрцам у безразва́жнасці і марнасці; але не асудзі мяне разам з фарысеем, а пакорлівасць мытніка мне дай, адзіны Міласцівы, Суддзя праведны, з апошнім і мяне залічы.
Саграшыў я, здзе́кваючыся над сасудам плоці маёй, ведаю гэта, Міласэрны; але ў пакаянні мяне прымі і да розуму прывядзі, каб не зрабіцца мне здабы́чаю і ежай для ворага, Ты Сам, Спасіцель, злітуйся нада мною.
У ідала я сам сябе ператварыў, пажаднасцямі душу́ сваю апаганіўшы, Міласэрны; але ў пакаянні мяне прымі і да розуму прывядзі, каб не зрабіцца мне здабы́чаю і ежай для ворага, Ты Сам, Спасіцель, злітуйся нада мною.
Не слухаў я голасу Твайго, не паслухаўся Пісання Твайго, Заканадавец; але ў пакаянні мяне прымі і да розуму прывядзі, каб не зрабіцца мне здабы́чаю і ежай для ворага, Ты Сам, Спасіцель, злітуйся нада мною.
Прыпеў
Прападобная маці Марыя, малі Бога за нас.
У глыбіню вялікіх мярзот зацягнутая, не загра́зла ты ў іх, а ўзышла памышленнямі добрымі праз дзе́янні да найвышэйшай дабрадзейнасці са славаю, Марыя, свет ангелаў здзівіўшы.
Слава, Троічны
Нераздзельнае Істотаю і нязлітнае ў Асобах, Троічнае Адзінае Бажаство, Табою, Адзінацарственнае і Супрастольнае, я навучаюся богапазнанню. Спяваю Табе песню ве́лічную, якая ў вышнім свеце тройчы спяваецца.
І цяпер, Багародзічны
І нараджаеш Ты, і застаешся Дзеваю, і захоўваеш у тым і ў другім прыродную дзявоцкасць; Народжаны з Цябе абнаўляе законы прыроды: і ўлонне дзявоцкае нараджае. Дзе жадае Бог, там пераадольваецца прыродны парадак, бо Ён робіць усё, як жадае.
Песня 5
Ірмос
Мяне, што з ночы не перастаю апяваць Цябе, Чалавекалюбец, прасвятлі, малюся, і настаў мяне на выкананне запаведзяў Тваіх, і навучы мяне, Спасе, здзяйсняць волю Тваю.
Долу ску́рчанай прымі падабенства, душа, прыйдзі, прыпадзі да ног Іісуса, каб Ён вы́прастаў цябе і ты роўна пайшла б па шляхах Гасподніх.
Хаця Ты і глыбокі калодзеж, Уладар, але пашлі для мяне струмянí з прачыстых Тваіх жыл, каб я, падобна самаранцы, наталíўшыся, больш не меў смагі, бо струмяні жыцця Ты вытача́еш.
Сілаа́мам няхай будуць для мяне слезы мае, Уладару Госпадзі, каб амыў і я вочы сэрца майго і ўбачыў духоўным зрокам Цябе, Святло Спрадвечнае.
Прыпеў
Прападобная маці Марыя, малі Бога за нас.
З непараўна́льнай любоўю Дрэву Крыжа жадаючы пакланіцца, спадобілася ты жада́нага; спадобі ж і мяне, усеблажэнная, дасягну́ць вышэйшай славы.
Слава, Троічны
Цябе, Троіца, мы славім, Адзінага Бога: "Святы, святы, святы Ты: Айцец, Сын і Дух", — простая Істота, Адзінства заўсёды пакланя́емае.
І цяпер, Багародзічны
З Цябе, непару́шаная, бязмужняя Маці-Дзева, увасобіўся паводле майго складу Бог, Які стварыў вякі, і злучыў з Сабою чалавечую прыроду.
Песня 6
Ірмос
Я ўсклікнуў усім сэрцам маім да міласэрнага Бога, і пачуў Ён мяне з пекла апраме́тнага, і вывеў з пагібелі жыццё маё.
Я, Спасіцель, згу́бленая ў Цябе некалі царская драхма; але, запаліўшы свяцільнік — Прадцечу Твайго, Слова, пашукай і знайдзі Твой вобраз.
Паўстань і змагайся, як Іісус з Амалíкам, з плоцкімі пажаднасцямі, заўсёды перамагаючы і гавааніця́наў — падманныя помыслы.
Прыпеў
Прападобная маці Марыя, малі Бога за нас.
Каб полымя пажаднасцей патушы́ць, ручаі слёз няспынна пралівала ты, Марыя, душою палымнее́ючы; такую ж благадаць падава́й і мне, твайму рабу.
Прыпеў
Прападобная маці Марыя, малі Бога за нас.
Бясстра́снасці нябеснай дасягну́ла ты, маці, высокім жыццём на зямлі; таму маліся, каб і тым, хто апявае цябе, збавіцца ад пажаднасцей хадайніцтвамі тваімі.
Слава, Троічны
"Я ёсць Троіца простая, нераздзельная, адрозная ў Асобах, і Адзінства Я ёсць, злучанае па прыродзе", — Айцец абвяшчае, і Сын, і Бажэственны Дух.
І цяпер, Багародзічны
Улонне Тваё нарадзіла нам Бога, Які прыняў наш вобраз; Яго ж як Тварца ўсяго малі, Багародзіца, каб нам по малітвах Тваіх апраўдацца.
Госпадзі, памілуй (тройчы).
Слава, і цяпер
Кандак, глас 6
Душа мая, душа мая, паўстань, што спіш ты? Канец набліжа́ецца, і ты моцна збянтэ́жышся. Уздымíся ж, каб злітаваўся над табою Хрыстос Бог, Які ўсюды прысу́тны і ўсё напаўня́е.
Песня 7
Ірмос
Саграшылі мы, учынілі беззаконне, няпраўду перад Табою, і не захавалі, і не выканалі таго, што Ты запаве́даў нам. Але не пакінь нас да канца, айцоў Божа!
Зніклі дні мае, як сон ад прабуджэння, таму, як Езекíя я пла́чу на ложы маім, каб падоўжаны мне быў час жыцця; але які Ісаія пахада́йнічае за цябе, душа, калі не Бог усіх?
Прыпада́ю да Цябе і прыно́шу Табе, як слёзы, словы мае: "Саграшыў я, як не саграшыла блудніца і беззаконне ўчыніў, як ніхто іншы на зямлі; але памілуй, Уладару, стварэнне Тваё і пакліч мяне!"
Пахава́ў я вобраз Твой і сказíў запаведзь Тваю, азмрочылася ўва мне ўся прыгажосць, і пажаднасцямі пату́шаны свяцільнік; але злітуйся, Спасіцель, і вярні мне радасць, як спявае Давід.
Звярніся, пакайся, адкрый схаванае, скажы Богу Усёзнаўцу: "Ты ведаеш мае тайны, адзіны Спасіцель; Сам жа памілуй мяне, як спявае Давід, па міласці Тваёй!"
Прыпеў
Прападобная маці Марыя, малі Бога за нас.
Усклікнуўшы да Прачыстай Багамаці, ты перш утаймавала буру ярых бушуючых пажаднасцей, і пасароміла ворага-падманшчыка; але цяпер пада́й дапамогу ў смутку і мне, рабу твайму.
Прыпеў
Прападобная маці Марыя, малі Бога за нас.
Таго, Якога ўзлюбіла ты, Якога пажадала, дзеля Якога ты плоць знясíліла, прападобная, малі цяпер Хрыста за рабоў, каб Ён, быў міласцівы да ўсіх нас, каб мірны стан даў усім, хто пакланя́ецца Яму.
Слава, Троічны
Бог Троіца апяваецца як Троіца Простая, Нераздзельная, Адзінасутная і Адзіная Істотаю, як Светачы і Святло, як Святыя тры і адзінае Святое; таму апявай, праслаўляй, душа, Жыццё і Жыццí — усіх Бога.
І цяпер, Багародзічны
Апяваем Цябе, благаслаўляем Цябе, пакланяемся Табе, Богарадзіцелька, бо нарадзіла Ты Адзінага з Нераздзельнай Троіцы — Хрыста Бога і Сама адкрыла нам, якія жывуць на зямлі, нябеснае.
Песня 8
Ірмос
Яго воінствы нябесныя славяць, і перад Ім трымцяць Херувімы і Серафімы; кожнае дыханне і стварэнне, апявайце, благаслаўляйце і ўзносьце Яго на ўсе вякі!
Слёзы, як міра з сасуда, узліва́ючы на галаву Тваю, Спасіцель, усклікаю да Цябе, як блудніца, якая міласці шукае, маленне прыношу і прашу, каб атрымаць мне прабачэнне.
Калі і ніхто так, як я, не саграшыў перад Табою, але ўсё ж прымі, Міласэрны Спасіцель, і мяне, які са страхам каецца і з любоўю ўсклікае: "Саграшыў я перад Табой Адзіным, памілуй мяне, Міласцівы!"
Злітуйся, Спасіцель, над Тваім стварэннем і адшукай як Пастух авечку згубленую, апярэдзь мяне, які заблукаў, уратуй ад ваўка, зрабі мяне ягнём на па́шы авечак Тваіх.
Калі Ты сядзеш як Суддзя Міласцівы і я́віш грозную веліч Тваю, Спасіцель, — які ж будзе страх тады! Калі печ пала́е і ўсе баяцца няўмольнага Суда Твайго!
Прыпеў
Прападобная маці Марыя, малі Бога за нас.
Святла Незаходнага Маці, цябе прасвятліўшы, вызваліла ад змроку пажаднасцей; таму, прыняўшы благадаць Духа, прасвятлі, Марыя, тых, што з вераю цябе ўсхваляюць.
Прыпеў
Прападобная маці Марыя, малі Бога за нас.
Цуд новы убачыўшы ў табе, маці, сапраўды ўра́жаны быў Божы ўгоднік Засíма, бо ангела ў плоці ён бачыў, і здзіўленнем увесь напоўніўся, апяваючы Хрыста навекі.
Слава, Троічны
Беспачатны Ойча, Сыне субеспачатны, Уцяшыцелю Добры, Дух праведны; Слова Божага Бацька, Айца Беспачатнага Слова, Дух жывы і стваральны, Троіца Адзіная, памілуй мяне.
І цяпер, Багародзічны
Нібы з пурпурнага складу, Прачыстая, духоўная парфіра — плоць Эману́іла ўнутры ўлоння Твайго сатка́лася; таму мы Цябе, ісцінную Багародзіцу, ўшаноўваем.
Песня 9
Ірмос
Нараджэнне зачатага без семені — неспасціжнае; Плод Маці, не спазнаўшай мужа, — беззаганны: бо абнаўляе Божае нараджэнне законы прыроды. Таму Цябе мы, усе роды, як Боганявесту-Маці праваслаўна велічаем.
Будзь міласэрным, спасі мяне, Сыне Давідаў, памілуй, Ты, Які апантаных словам ацаліў, і мне словы міласэрныя, як разбойніку, вымаві: "Праўду кажу табе, са Мною будзеш у ра́і, калі прыйду ў славе Маёй!"
Разбойнік дакара́ў Цябе, другі ж разбойнік Богам вы́знаў Цябе, бо яны абодва побач з Табой на крыжы віселі; Ты ж, Усяміласцівы, як разбойніку, які ўвераваў у Цябе і пазнаў у Табе Бога, і мне адкрый дзверы слаўнага Царства Твайго.
Стварэнне пакутавала, бачачы Цябе распятага: горы і камяні ад жаху распада́ліся, і зямля страсяну́лася, і пекла спустошылася, і паме́ркла святло дзённае, бачачы Цябе, Іісусе, цвікамі прыбітага да Крыжа.
Дастойных пладоў пакаяння ад мяне не патрабуй, бо моц мая знясíлілася ўва мне; сэрца мне дай заўсёды скру́шанае і ўбогасць духоўную, каб я Табе іх прынёс як прыемную ахвяру, адзіны Спасіцель.
Суддзя мой і знаўца мяне! Ты хочаш з Ангеламі зноў прыйсці, каб здзе́йсніць суд над усім светам; міласцівым Тваім поглядам тады зірну́ўшы на мяне, Іісусе, злітуйся і змілуйся нада мною, які больш за ўвесь род чалавечы саграшыў.
Прыпеў
Прападобная маці Марыя, малі Бога за нас.
Уразіла ты ўсіх незвычайным жыццём тваім: і Ангелаў чыны́, і чалавечыя сходы, жывучы́ як бясплотная і нашу прыроду пераадолеўшы. Таму, ідучы́, быццам бесцялесная, Марыя, ты нагамі Іардан перайшла.
Прыпеў
Прападобная маці Марыя, малі Бога за нас.
Умíласціў Тварца да тых, што ўсхваля́юць цябе, прападобная маці, каб збавіцца нам ад бед і горасцей, што адусюль насцігаюць нас, каб мы, ад спакус збаўленыя, няспынна велічалі Госпада, Які праславіў цябе.
Прыпеў
Прападобны ойча Андрэе, малі Бога за нас.
Андрэе дастахвальны і ойча найблажэннейшы, пастыр Крыцкі, не пераставай маліцца за тых, хто апявае цябе, каб пазбавіцца нам ад гневу, і гора, і разбурэння, і саграшэнняў бязмерных, ушаноўваючы тваю памяць з вераю.
Слава, Троічны
Айца праславім, Сыну хвалу ўзнясём, Бажэственнаму Духу з вераю паклонімся — Троіцы нераздзельнай, Адзінай Істотаю, як Святлу і Светачам, і Жыццю і Жыцця́м, што дае жыццё і прасвятляе краі свету.
І цяпер, Багародзічны
Горад Твой захоўвай, Богарадзіцелька Прачыстая, бо пад Тваёй аховай ён з вераю царствуе, і Табою ўмацоўваецца, і Тваім спрыяннем адольвае ўсякае выпрабаванне, і скара́е ворагаў, і трымае іх у паслушэнстве.
Ірмос
Нараджэнне зачатага без семені — неспасціжнае; Плод Маці, не спазнаўшай мужа, — беззаганны: бо абнаўляе Божае нараджэнне законы прыроды. Таму Цябе мы, усе роды, як Боганявесту-Маці праваслаўна велічаем.