Богаслужэнні
Канон вялікі прападобнага айца нашага Андрея Крыцкага і Іерусалімскага
У панядзелак першага тыдня вялікага посту на вялікім павячэр’і
Глас 6
Песня 1
Ірмос
Памочнік і Абаронца стаў мне на спасенне: Ён — мой Бог, і буду славіць Яго, Ён — Бог айца майго, і буду ўзносіць Яго, бо са славаю Ён праслаўлены.
Прыпеў
Памілуй мяне, Божа, памілуй мяне.
З чаго пачну аплакваць акаяннага майго жыцця дзе́янні? Які пакладу пачатак, Хрысце, цяперашняму пла́чу? Але Ты, як Міласэрны, дай мне саграшэнняў прабачэнне.
Прыйдзі, няшчасная душа, з плоццю тваёю да Стварыцеля ўсяго, спавядайся і пакінь, нарэшце, ранейшую бяздумнасць, і прынясі Богу пакаянне слёзнае.
За першаствораным Адамам ў парушэ́нні пасле́даваўшы, спазна́ў я сябе адлу́чаным ад Бога, і ад вечнага Царства, і ад асалоды — з-за грахоў маіх.
Го́ра мне, няшчасная мая душа! Навошта стала ты падобнаю першай Еве? Бо глядзела ты зламысна, і ўра́зілася жорстка, і дакранулася да дрэва, і пакаштавала ежу дзёрзка і бяздумна.
Замест Евы пачуццёвай, паўстала ўва мне Ева ўя́ўная — у плоці пажа́длівае памышле́нне, пака́зваючы на выгляд салодкае, але на смак заўсёды горкае піццё.
Варты выгна́ння з Эдэма быў Адам, бо не вы́канаў адзіную Тваю, Спасіцель, запаведзь; як жа пакутаваць буду я, які заўсёды адвяргаю жыватворныя Твае словы?
Слава, Троічны
Звыш'існая Троіца, у Адзінстве пакланя́емая, здымі з мяне ярмо цяжкае грахоўнае і, як Міласэрная, дай мне слёзы жалю.
І цяпер, Багародзічны
Багародзіца, Надзея і Абарона тых, хто апявае Цябе! Здымі з мяне ярмо цяжкае грахоўнае, і як Уладычыца Чыстая у пакаянні прымі мяне.
Песня 2
Ірмос
Пачуй, неба, я буду абвяшчаць і апяваць Хрыста, Які з Дзевы прышоў у плоці.
Пачуй, неба, я буду абвяшчаць; зямля, слухай голас таго, хто ка́ецца перад Богам і апявае Яго.
Спагля́нь на мяне, Божа, Спасіцель мой, мíласцівым Тваім позіркам і прымі маё гарачае спавяданне.
Саграшыў я больш за ўсіх людзей, адзін саграшыў перад Табою; але Ты як Бог памілуй, Спасіцель, Тваё стварэнне.
Увасобіўшы сваіх страсце́й агіднасць, сласталю́бнымі жаданнямі сказіў я прыгажосць розуму.
Бура зла ахоплівае мяне, міласэрны Госпадзі, але Ты, як Пятру, і мне руку́ працягні.
Апаганіў я плоці маёй вопратку і забрудзіў тое, Спасіцель, ў чым вобраз Твой і падабенства.
Азмрочыў я душы́ прыгажосць асалодаю страсце́й і цалкам увесь розум у пыл ператварыў.
Парваў я ўжо адзенне маё першае, якое саткаў мне Стварыцель адпачатку, і таму ляжу голы.
Апрануўся я ў рванае рыззё, якое саткаў для мяне змей сваёю пара́даю, і саро́меюся.
Слёзы блудніцы, Мíласцівы, і я праліваю; ачысці мяне, Спасіцель, па міласэрнасці Тваёй.
Паглядзе́ў я на прыгажосць дрэва і спакусіўся розумам, таму цяпер ляжу голы і цярплю сорам.
Аралі на хрыбце́ маім усе правадыры́ страсцей, расця́гваючы ўздоўж па мне беззаконне сваё.
Слава, Троічны
Цябе, Адзінага ў трох Асобах Бога ўсіх, апяваю: Айца, і Сына, і Духа Святога.
І цяпер, Багародзічны
Прачыстая Багародзіца Дзева, адзіная ўсімі апява́емая, маліся старанна, каб спасцíся нам.
Песня 3
Ірмос
На непару́шным, Хрысце, камені запаведзяў Тваіх умацуй мае памышленні.
Агонь ад Госпада аднойчы нібы дажджом праліўшы, зямлю Садомскую Гасподзь некалі спаліў.
На гары ратуйся, душа, як той самы Лот, і ў Сігоры укрывайся.
Уцякай ад запале́ння, душа, уцякай ад садомскага пажарышча, уцякай ад знішчэ́ння Бажэственным полымем.
Саграшыў перад Табою адзін я, саграшыў больш за ўсіх, Хрысце Спасіцелю, але не пагарджа́й мною!
Ты, Пастыр Добры, знайдзі мяне, як ягня, і заблука́лым не пагарджа́й мною.
Ты Салодкі Іісусе, Ты Стварыцель мой! Табою я, Спасіцель, апраўда́юся.
Спавяда́юся перад Табою, Спасіцель: саграшыў я, саграшыў перад Табою, але аслаб, адпусці мне, як Міласэрны.
Слава, Троічны
О, Троіца, Адзіны Божа! Збаў нас от падма́ну, і спакус, і няшчасцяў.
І цяпер, Багародзічны
Радуйся, Улонне, Якое Бога ўмясціла, радуйся, Прастол Гасподні, радуйся, Маці Жыцця нашага.
Песня 4
Ірмос: Пачуў прарок прышэсце Тваё, Госпадзі, і ўстрашы́ўся, што Ты хочаш з Дзевы нарадзіцца і лю́дзям явіцца, і сказаў: "Пачуў я вестку Тваю, і ўстрашы́ўся". Слава сіле Тваёй, Госпадзі!
Справамі рук Тваіх не пагарджа́й, стварэння Твайго не пакінь, Суддзя праведны. Хоць і адзін я саграшыў, як чалавек, больш за ўсякага чалавека, Чалавекалюбец, але Ты маеш, як Гасподзь усяго, уладу адпускаць грахі.
Набліжа́ецца канец, душа, набліжа́ецца, а ты не дба́еш, не рыхтуешся; час скарача́ецца, устань: блізка, пры дзвяра́х Суддзя. Як сон, как кве́цень, час жыцця бяжыць, навошта мы марна мітусімся?
Уздыміся, душа мая! Пра ўчы́неныя табою справы думай, і іх перад вачыма сваімі ўяўля́й, і кропля за кропляй слёзы твае пралівай, раскажы адважна пра свае справы і думкі Хрысту і апраўдайся.
Няма ў жыцці ні граху, ні дзе́яння, ні зла, у якіх бы я, Спасіцель, не саграшыў, розумам, і словам, і жаданнем, і наме́рам, і думкаю, і справаю саграшы́ўшы, як ніхто іншы ніколі.
Таму і асу́джаны быў, таму і абвінава́чаны быў я, няшчасны, сваім сумленнем, за якое нічога ў свеце няма стражэйшага; Суддзя і Збавіцель мой, Які ўсё ведаеш, злітуйся, абарані і спасі мяне, раба Твайго.
Лесвіца, якую бачыў у старажытнасці вялікі сярод патрыярхаў, указвае, душа мая, на ўзыхо́джанне справамі і на ўзвышэ́нне розумам; таму, калі хочаш жыць у дзе́янні, і ў разуменні, і ў сузіранні, то абнаўляйся.
Гарачыню дзённую мусіў цярпець патрыярх і мароз начны пераносіў, кожны дзень прыбы́так памнажа́ючы, пасучы́, працуючы, рабскі слу́жачы, каб з дзвюма жонкамі злучы́цца.
Пад жонкамі дзвюма разумей дзе́йнасць і пазна́нне праз сузіра́нне: пад Ліяю, як мнагадзетнаю — дзейнасць, пад Рахіллю ж, як атры́манаю многаю працаю — пазна́нне, бо без працы ні дзейнасць, ні сузіранне, душа мая, не ўдаскана́ляцца.
Слава, Троічны
Нераздзе́льнае Істотаю і нязлíтнае ў Асобах, Троічнае Адзінае Бажаство, Табою, Адзінаца́рственнае і Супрасто́льнае, я навуча́юся богапазна́нню. Спяваю Табе песню ве́лічную, якая ў вышнім свеце тройчы спяваецца.
І цяпер, Багародзічны
І нараджа́еш Ты, і застаешся Дзеваю, і захоўваеш у тым і ў другім прыродную дзявоцкасць; Народжаны з Цябе абнаўляе законы прыроды: і ўлонне дзявоцкае нараджае. Дзе жадае Бог, там пераадольваецца прыродны парадак, бо Ён робіць усё, як жадае.
Песня 5
Ірмос
Мяне, што з ночы не перастаю апяваць Цябе, Чалавекалюбец, прасвятлі, малюся, і настаў мяне на выкананне запаведзяў Тваіх, і навучы мяне, Спасе, здзяйсня́ць волю Тваю.
У ночы жыццё маё я праводзіў заўсёды, бо цемраю і глыбокім змрокам была́ для мяне ноч граху; але сы́нам дня, Спасіцель, пакажы мяне.
Падобна Рувіму я, акаянны, здзе́йсніў беззаконную і злачы́нную заду́му перад Богам Усявышнім, апаганіўшы ложа маё, як той ложа бацькава.
Спавядаюся перад Табою, Хрысце Цару: саграшыў, саграшыў я, як некалі браты, прадаўшы Іосіфа — плод чысціні і цнатлівасці.
Роднымі праведная душа была звя́зана, прада́дзены быў у рабства ўзлюблены, — як правобраз Госпада; ты ж, душа, сама ўсю сябе прадала злым справам тваім.
Розуму Іосіфа праведнага і цнатлівага будзь падобнай, акаянная і нягодная душа, і не апаганьвайся бяздумнымі імкне́ннямі, заўсёды чы́нячы беззаконні.
Калі і быў некалі ў яме Іосіф, Уладару Госпадзі, то як правобраз пахавання і Уваскрасення Твайго; а я што́ і калі Табе падобнае прынясу?
Слава, Троічны
Цябе, Троіца, мы славім, Адзінага Бога: "Святы, святы, святы Ты: Айцец, Сын і Дух", — простая Істота, Адзінства заўсёды пакланяемае.
І цяпер, Багародзічны
З Цябе, непару́шаная, бязмужняя Маці-Дзева, увасобіўся паводле майго складу Бог, Які стварыў вякі, і злучыў з Сабою чалавечую прыроду.
Песня 6
Ірмос
Я ўсклікнуў усім сэрцам маім да міласэрнага Бога, і пачуў Ён мяне з пекла апраметнага, і вы́веў з пагібелі жыццё маё.
Слёзы, Спасіцель, вачэй маіх і стогны з глыбіні душы шчыра прыношу Табе, усклікаючы сэрцам: "Божа, я саграшыў перад Табою, ачысці мяне!".
Ухілілася ты, душа, ад Госпада твайго, як Дафа́н і Авіро́н; але ўсклікні з пекла апраметнага, просячы літасці, каб прорва зямная не пакрыла цябе.
Як цялушка ашале́лая зрабілася ты, душа, падобнай да Яфрэма; але, як сарну ад пасткі, захавай жыццё сваё, акрыліўшы розум дзе́яннем і сузіра́ннем.
Рука Маісея няхай засведчыць нам, душа, як можа Бог пракажонае жыццё вы́беліць і ачысціць, і не адчайвайся сама за сябе, хоць ты і пракажоная.
Слава, Троічны
"Я ёсць Троіца простая, нераздзельная, адрозная ў Асобах, і Адзінства Я ёсць, злучанае па прыродзе", — Айцец абвяшчае, і Сын, і Бажэственны Дух.
І цяпер, Багародзічны
Улонне Тваё нарадзіла нам Бога, Які прыняў наш вобраз; Яго ж як Тварца ўсяго малі, Багародзіца, каб нам по малітвах Тваіх апраўдацца.
Госпадзі, памілуй (тройчы).
Слава, і цяпер:
Кандак, глас 6
Душа мая, душа мая, паўстань, што спіш ты? Канец набліжа́ецца, і ты моцна збянтэ́жышся. Уздымíся ж, каб злітаваўся над табою Хрыстос Бог, Які ўсюды прысу́тны і ўсё напаўня́е.
Песня 7
Ірмос
Саграшылі мы, учынілі беззаконне, няпраўду перад Табою, і не захавалі, і не вы́каналі таго, што Ты запаве́даў нам. Але не пакінь нас да канца, айцоў Божа!
Саграшыў я, учыніў беззаконне, і адпрэчыў запаведзь Тваю, бо і народжаны быў ужо ў грахах, і яшчэ прыклаў да язваў сваіх раны; але Ты Сам мяне памілуй як міласэрны, айцоў Божа.
Тайны сэрца майго я вы́знаў перад Табою, Суддзёй маім, убач маю пакору, убач смутак мой, пачуй самаасуджэ́нне маё цяпер і Сам мяне памілуй як Міласэрны, айцоў Божа.
Саул некалі, згубіўшы асліц бацькі свайго, нечакана атрымаў царскі сан і славу; таму глядзі, душа, не забывайся, да скоцкіх пажаднасцей сваіх імкнучыся больш, чым да Царства Хрыстова.
Богаайцец Давід некалі хоць і саграшыў двойчы, душа мая, працяты быў стралою пралюбадзейства і, як кап'ём, быў паранены пакараннем за забойства, але ты сама горшымі за тыя дзеянні абцяжарана — самавольнымі імкненнямі.
Далучыў Давід некалі беззаконне да беззаконня, забойства з пралюбодзействам змяша́ўшы, але пакаянне падвойнае прынёс у хуткім часе; ты ж горшыя справы ўчыніла, душа, не раскаяўшыся перад Богам.
Давід некалі вы́явіў, напісаўшы, як на іконе, песню, праз якую ён выкрывае тое, што зрабіў, усклікаючы: "Памілуй мяне, бо перад Табой Адзіным я саграшыў, усіх Богам. Сам ачысці мяне!"
Слава, Троічны
Бог Троіца апяваецца як Троіца Простая, Нераздзельная, Адзінасутная і Адзіная Істотаю, як Светачы і Святло, як Святыя тры і адзінае Святое; таму апявай, праслаўляй, душа, Жыццё і Жыцці — усіх Бога.
І цяпер, Багародзічны:
Апява́ем Цябе, благаслаўляем Цябе, пакланя́емся Табе, Богарадзіцелька, бо нарадзіла Ты Адзінага з Нераздзельнай Троіцы — Хрыста Бога — і Сама адкрыла нам, якія жывуць на зямлі, нябеснае.
Песня 8
Ірмос
Яго воінствы нябесныя славяць, і перад Ім трымцяць Херувімы і Серафімы; кожнае дыханне і стварэнне, апявайце, благаслаўляйце і ўзносьце Яго на ўсе вякі!
Мяне, які саграшыў, памілуй, Спасіцель, уздымі розум мой дзеля навяртання, прымі мяне ў пакаянні, злітуйся нада мною, які ўсклікае: "Саграшыў я перад Табою, спасі; беззаконне я ўчыніў, памілуй мяне!"
Каляснічнік Ілія, на калясніцу дабрадзейнасцяў узышоўшы, як на нябёсы уздымаўся некалі вышэй за ўсё зямное; таму пра яго ўзыходжанне, душа мая, разважа́й.
Елісей некалі, прыня́ўшы міло́ць Іліі, атрымаў асаблівую благадаць ад Бога; ты ж, душа мая, не стала супольніцай той благадаці за няўстры́манасць.
Іардана цячэнне міло́ццю Іліі для Елісея некалі спынілася па той і другі бок; ты ж, душа мая, не стала супольніцай той благадаці за няўстры́манасць.
Саманіцянка некалі з добразычлівасцю праведніка прыняла́, ты ж, душа, не ўвяла ў свой дом ні прышлага, ні падарожнага; за гэта будзеш з хорама вы́кінута прэч з рыданнямі.
Гіезíеў нячысты нораў заўсёды пераймала ты, акаянная душа; срэбралюбства яго адкінь хоць у старасці, пазбягай агню геенскага, адступіўшыся ад ліхіх спраў тваіх.
Слава, Троічны
Беспачатны Ойча, Сыне субеспачатны, Уцяшыцелю Добры, Дух праведны; Слова Божага Бацька, Айца Беспачатнага Слова, Дух жывы і стваральны, Троіца Адзіная, памілуй мяне.
І цяпер, Багародзічны
Нібы з пурпурнага складу, Прачыстая, духоўная парфіра — плоць Эману́іла ўнутры ўлоння Твайго сатка́лася; таму мы Цябе, ісцінную Багародзіцу, ўшаноўваем.
Песня 9
Ірмос
Нараджэнне зачатага без семені — неспасціжнае; Плод Маці, не спазнаўшай мужа, — беззага́нны: бо абнаўляе Божае нараджэнне законы прыроды. Таму Цябе мы, усе роды, як Боганявесту-Маці праваслаўна велічаем.
Розум пара́нены, цела немачнае, хварэе дух, слова зняможылася, жыццё змярцвела, канец каля дзвярэй. Дык вось, няшчасная душа мая, што будеш рабіць, калі прыйдзе Суддзя выпрабоўваць справы твае?
Маісееву кнігу пра стварэнне свету пераказаў я для цябе, душа, і за ёй — усё запаветнае Пісанне, якое апавядае аб праведных і няправедных; з іх другіх, а не з першых брала прыклад ты, душа, перад Богам саграшыўшы.
Закон не мае сілы, бяздзейнічае Евангелле, і ўсё Пісанне ў цябе без увагі: прарокі страцілі моц і ўсякае праведнае слова. Язвы твае, душа, прымножыліся, і няма лекара, каб ацаліць цябе!
Новазапаветнага Пісання прыводжу табе прыклады, якія прыводзяць цябе, душа, у скру́шанасць. Дык вось, на праведных раўняйся, ад грэшных жа адвярніся, і ўміласціўля́й Хрыста малітваю, і постам, і чысцінёю, і благагавеннем.
Хрыстос, прыня́ўшы чалавечую прыроду, заклíкаў да пакая́ння разбойнікаў і блудніц. Душа, пакайся: дзверы Царства адчынены ўжо, і першымі дасягаюць яго фарысеі, і мытнікі, і пралюбадзеі, якія каюцца.
Хрыстос стаў дзіцяткам, плоццю да мяне далучыўшыся, і дабравольна спазнаў усё, уласцівае чалавечай прыродзе, акрамя граху, прыклад табе, душа, паказваючы і вобраз Свайго прышэсця.
Хрыстос валхвоў уратава́ў, пастухоў склікаў, мноства немаўлят зрабіў мучанікамі, старца праславіў і старэнькую ўдаву. Ні іх справам, ні жыццю не імкнулася быць падобнай ты, душа; дык гора табе, калі на Судзе ты станеш.
Пасцíўся Гасподзь сорак дзён у пустыні, і ўрэшце адчуў голад, выяўляючы ў Сабе прыроду чалавечую. Душа, не лянуйся: калі на цябе паўстане вораг, то малітваю і постам ад ног тваіх няхай адкінуты будзе.
Слава, Троічны
Айца праславім, Сыну хвалу ўзнясём, Бажэственнаму Духу з вераю паклонімся — Троіцы нераздзельнай, Адзінай Істотаю, як Святлу і Светачам, і Жыццю і Жыццям, што дае жыццё і прасвятляе краі свету.
І цяпер, Багародзічны
Горад Твой захоўвай, Богарадзіцелька Прачыстая, бо пад Тваёй аховай ён з вераю царствуе, і Табою ўмацоўваецца, і Тваім спрыя́ннем адольвае ўсякае выпрабава́нне, і скара́е ворагаў, і трымае іх у паслушэ́нстве.
Прыпеў
Прападобны ойча Андрэе, малі Бога за нас.
Андрэе дастахва́льны і ойча найблажэннейшы, пастыр Крыцкі, не пераставай маліцца за тых, хто апявае цябе, каб пазбавіцца нам ад гневу, і гора, і разбурэння, і саграшэнняў бязмерных, ушаноўваючы тваю памяць з вераю.
Ірмос
Нараджэнне зачатага без семені — неспасцíжнае; Плод Маці, не спазна́ўшай мужа, — беззаганны: бо абнаўляе Божае нараджэнне законы прыроды. Таму Цябе мы, усе роды, як Боганявесту-Маці праваслаўна велічаем.