Богаслужэнні
Каноны іншыя
Пасхальны канон
Глас 1
Песня 1
Ірмос
Уваскрасе́ння дзень! Прасвятлíмся, лю́дзі! Па́сха! Гаспо́дняя Па́сха! Бо ад сме́рці да жыцця́ і ад зямлí да не́ба Хрысто́с Бог перавёў нас, якíя пе́сню перамо́гі спява́юць.
Хрысто́с уваскрэ́с з мёртвых.
Ачы́сцім пачу́цці — і мы ўба́чым Хрыста́, Якí ззя́е непрысту́пным святло́м уваскрасе́ння, пачу́ем жа я́сна ад Яго́ "Ра́дуйцеся!, пе́сню перамо́гі спява́ючы.
Хрысто́с уваскрэ́с з мёртвых.
Нябёсы дасто́йна няха́й весяля́цца, і зямля́ няха́й ра́дуецца, і няха́й святку́е ўвесь свет, ба́чны і няба́чны, бо паўста́ў Хрысто́с — ра́дасць ве́чная.
Сла́ва Айцу́, і Сы́ну, і Свято́му Ду́ху.
Сме́рці зако́н злама́ла Ты, Дзе́ва найбеззага́ннейшая, нарадзíўшы ве́чнае жыццё — Хрыста́, Якí з магíлы сёння заззя́ў і свет прасвятлíў.
І цяпе́р, і заўсёды, і на ве́кі вяко́ў. Амíнь.
Уба́чыўшы ўваскрэ́слым Сы́на Твайго́ і Бо́га, ра́дуйся з апо́сталамі, Богаблагада́тная Чы́стая, Ты і пе́ршая пачу́ла "Ра́дуйся!", як віно́ўніца ра́дасці для ўсіх, Багама́ці найбеззага́ннейшая.
Песня 3
Ірмос
Прыйдзíце, бу́дзем піць пітво́ но́вае, не з бяспло́днага ка́меню цудо́ўна я́ўленае, а бяссме́рця крынíцу, вы́ведзеную з магíлы Хрысто́м, у Якíм мы ўмацо́ўваемся.
Хрысто́с уваскрэ́с з мёртвых.
Цяпе́р усё напо́ўнілася святло́м — і не́ба, і зямля́, і прадо́нне, няха́й жа ўсё ство́ранае святку́е паўста́нне Хрыста́, у Якíм яно́ ўмацо́ўваецца.
Хрысто́с уваскрэ́с з мёртвых.
Учо́ра быў я пахава́ны з Табо́ю, Хрысце́, — сёння паўстаю́ з Табо́ю ўваскрэ́слым. Распя́ты быў я з Табо́ю ўчо́ра — прасла́ў жа мяне́ з Сабо́ю Ты Сам, Спасíцелю, у Ца́рстве Тваíм.
Сла́ва Айцу́, і Сы́ну, і Свято́му Ду́ху.
Да несмяро́тнага жыцця́ я прыхо́джу сёння па до́брасці наро́джанага Табо́ю, Чы́стая, Якí ўсе канцы́ святло́м азары́ў.
І цяпе́р, і заўсёды, і на ве́кі вяко́ў. Амíнь.
Бо́га, Яко́га Ты нарадзíла па пло́ці, Чы́стая, уба́чыўшы ўваскрэ́слым — як Ён і каза́ў — з мёртвых, весялíся і Яго́ як Бо́га, Прачы́стая, узвялíчвай.
Іпакаі, глас 4
Прыйшо́ўшы да світа́ння і знайшо́ўшы ка́мень адва́леным ад магíлы, ты́я, што былí з Мары́яй, пачу́лі ад а́нгела: чаму́ вы шука́еце сяро́д мёртвых, як чалаве́ка, Таго́, Хто ў святле́ ве́чным жыве́? Паглядзíце на пахава́льныя пало́тны; ідзíце і све́ту абвясцíце, што паўста́ў Гаспо́дзь, умярцвíўшы смерць, бо Ён — Сын Бо́га, Якí спаса́е род чалаве́чы.
Песня 4
Ірмос
На Бажэ́ственнай ва́рце боганатхнёны Аўваку́м няха́й ста́не з на́мі і пака́жа светлано́снага а́нгела, якí го́ласна ка́жа: "Сёння спасе́нне для све́ту, бо ўваскрэ́с Хрысто́с як усемагу́тны".
Хрысто́с уваскрэ́с з мёртвых.
Як першаро́днае Дзіця́ мужчы́нскага по́лу, наро́джанае ад Дзе́вы, з’явíўся Хрысто́с; бу́дучы ядо́мым, Ён называ́ецца а́гнцам; Ён беззага́нны, бо во́льны ад нечыстаты́, на́ша Па́сха; а як Бог íсцінны — даскана́лым называ́ецца.
Хрысто́с уваскрэ́с з мёртвых.
Благаславе́нны наш вяне́ц — Хрысто́с, як аднагадо́вы а́гнец, дабраво́льна за ўсіх быў прыне́сены ў ахвя́ру, Па́сха ачышча́льная, і зноў з магíлы нам заззя́ў Ён, прыго́жае Со́нца пра́ўды.
Хрысто́с уваскрэ́с з мёртвых.
Богаайце́ц Давíд пе́рад право́бразным каўчэ́гам скака́ў ра́дуючыся; а мы, святы́ наро́д Бо́жы, здзяйсне́нне право́бразаў ба́чачы, дава́йце весялíцца боганатхнёна, бо ўваскрэ́с Хрысто́с як усемагу́тны.
Сла́ва Айцу́, і Сы́ну, і Свято́му Ду́ху.
Той, Хто ствары́ў Ада́ма, Твайго́ праайца́, Чы́стая, утвара́ецца ад Цябе́, і Ён сёння Сваёю сме́рцю разбуры́ў жыллё сме́рці, і азары́ў усё Бажэ́ственным святло́м уваскрасе́ння.
І цяпе́р, і заўсёды, і на ве́кі вяко́ў. Амíнь.
Наро́джанага Табо́ю Хрыста́, Якí цудо́ўна заззя́ў з мёртвых, Чы́стая, сёння для спасе́ння ўсіх, до́брая і беззага́нная сяро́д жанчы́н, і прыго́жая, ба́чачы, праслаўля́й Яго́, ра́дуючыся з апо́сталамі.
Песня 5
Ірмос
Уста́ньма ра́на на світа́нні і заме́ст мíра пе́сню прынясе́м Уладару́. І мы ўба́чым Хрыста́ — Со́нца пра́ўды, Яко́е ўсім жыццё выпраме́ньвае.
Хрысто́с уваскрэ́с з мёртвых.
Звя́заныя кайдана́мі пяке́льнымі, ба́чачы Тваю́ бязме́рную міласэ́рнасць, Хрысце́, да святла́ ру́шылі ра́даснымі нага́мі, усхваля́ючы Па́сху ве́чную.
Хрысто́с уваскрэ́с з мёртвых.
Са свяцíльнямі ў рука́х по́йдзем насу́страч Хрысту́, Якí выхо́дзіць з магíлы, по́йдзем нíбы насу́страч жаніху́ і ра́зам з ра́даснымі чына́мі а́нгелаў святку́йма Па́сху Бо́жую спасíцельную.
Сла́ва Айцу́, і Сы́ну, і Свято́му Ду́ху.
Прасвятля́ецца Бажэ́ственнымі і жывано́снымі про́мнямі ўваскрасе́ння Сы́на Свайго́ Багама́ці Прачы́стая, і ра́дасцю напаўня́ецца сход набо́жных.
І цяпе́р, і заўсёды, і на ве́кі вяко́ў. Амíнь.
Не расчынíў Ты дзвярэ́й дзяво́цтва пры ўцяле́сненні, не пару́шыў пяча́цяў магíлы, Цару́ стварэ́ння; адту́ль уваскрэ́слым Цябе́ ба́чачы, Ма́ці ра́давалася.
Песня 6
Ірмос
Ты сышо́ў у прадо́нне зямлí і знíшчыў запо́ры ве́чныя, што трыма́лі вя́зняў, Хрысце́, а на трэ́ці дзень, як з кіта́ Іо́на, Ты ўваскрэ́с з магíлы.
Хрысто́с уваскрэ́с з мёртвых.
Ты, Хрысце́, Якí не пашко́дзіў ключо́ў Дзе́вы пры нараджэ́нні Тваíм, уваскрэ́с з магíлы, захава́ўшы цэ́лымі яе́ пяча́ці, і адчынíў нам ра́йскія дзве́ры.
Хрысто́с уваскрэ́с з мёртвых.
Спасíцелю мой, жыва́я і неўміру́чая Ахвя́ра! Прынёсшы Сябе́ як Бог дабраво́льна ў ахвя́ру Айцу́, Ты ўваскрасíў з Сабо́ю ўсеагу́льнага роданача́льніка Ада́ма, уваскрэ́сшы з магíлы.
Сла́ва Айцу́, і Сы́ну, і Свято́му Ду́ху.
То́е, што ране́й было́ ва ўла́дзе сме́рці і тле́ння, узве́дзена Уцяле́сненым з Твайго́ найчысце́йшага ўло́ння да нятле́ннага і ве́чнага жыцця́, Багаро́дзіца Дзе́ва.
І цяпе́р, і заўсёды, і на ве́кі вяко́ў. Амíнь.
Той, Хто сышо́ў быў ва ўло́нне Тваё, Чы́стая, і ўсялíўся, і ўцяле́снíўся недасту́пна для ро́зуму, цяпе́р сышо́ў у прадо́нне зямлí і падня́ў з Сабо́ю Ада́ма, уваскрэ́сшы з магíлы.
Кандак, глас 8
Хоць і ў магíлу сышо́ў Ты, Бессмяро́тны, але́ пяке́льную знíшчыў сілу, і ўваскрэ́с як перамо́жца, Хрысце́ Бо́жа, жанчы́нам-мірано́сіцам сказа́ўшы: "Ра́дуйцеся!", і Тваíм апо́сталам мір дару́ючы, а па́ўшым даючы́ ўваскрасе́нне.
Ікас
Мірано́сіцы дзе́вы яшчэ́ да наступле́ння ра́ніцы шука́лі, як дзённае святло́, То́е Со́нца, што існава́ла ране́й за со́нца і зайшло́ адно́йчы ў магíлу, і яны́ адна́ да адно́й каза́лі: "Сябро́ўкі, по́йдзем пама́жам духмя́насцямі це́ла жывано́снае і пахава́нае — ту́ю плоць, яка́я падыма́е па́ўшага Ада́ма і яка́я ляжы́ць у магíле. По́йдзем, паспяша́емся, як мудрацы́, пакло́німся і прынясе́м мíра як дары́ не пялёнкамі, а плашчанíцаю Абвíтаму; бу́дзем пла́каць і ўскліка́ць: паўста́нь, Уладару́, Ты, Якí па́ўшым дае́ш уваскрасе́нне".
Песня 7
Ірмос
Той, хто дзяце́й вы́зваліў з пе́чы, ста́ўшы чалаве́кам, паку́туе, як смяро́тны, і паку́тамі апрана́е смяро́тнае ў хараство́ нятле́ння — Адзíны Бог айцо́ў, благаславёны і найбо́льш прасла́ўлены.
Хрысто́с уваскрэ́с з мёртвых.
Багаму́дрыя жанчы́ны ўслед Табе́ імкну́ліся з духмя́насцямі. Але Каго́ яны́ шука́лі са слязьмí як мёртвага, Таму́ пакланíліся з ра́дасцю як Жыво́му Бо́гу, і Па́сху таямнíчую Тваíм, Хрысце́, ву́чням абвясцíлі.
Хрысто́с уваскрэ́с з мёртвых.
Сме́рці святку́ем мы ўмярцве́нне, пе́кла разбурэ́нне, пача́так íншага — ве́чнага жыцця́, і ў захапле́нні апява́ем Віно́ўніка — Адзíнага Бо́га айцо́ў, благаславёнага і найбо́льш прасла́ўленага.
Хрысто́с уваскрэ́с з мёртвых.
Сапраўды́ свяшчэ́нная і са́мая ўрачы́стая гэ́тая спасíцельная і прамянíстая ноч, светлано́снага дня ўваскрасе́ння прадве́сніца, бо ў ёй ве́чнае Святло́ ў пло́ці для ўсіх заззя́ла з магíлы.
Сла́ва Айцу́, і Сы́ну, і Свято́му Ду́ху.
Сёння Сын Твой смерць умярцвíў, Усебеззага́нная, і ўсім смяро́тным дарава́ў жыццё, яко́е до́ўжыцца на ве́кі вяко́ў. Ён, Адзíны Бог айцо́ў, благаславёны і найбо́льш прасла́ўлены.
І цяпе́р, і заўсёды, і на ве́кі вякоў. Амíнь.
Цар усяго́ стварэ́ння, ста́ўшы чалаве́кам, усялíўся ў Тваё, Богаблагада́тная, уло́нне, і, зве́даўшы распя́цце і смерць, уваскрэ́с, як уласцíва Бо́гу, узня́ўшы з Сабо́ю нас як усемагу́тны.
Песня 8
Ірмос
Гэ́ты выда́тны і святы́ дзень, пе́ршы пасля́ субо́ты, ве́лічны і гало́ўны, — свя́та над свя́тамі і ўрачы́стасць над урачы́стасцямі, у гэ́ты дзень мы благаслаўля́ем Хрыста́ наве́кі.
Хрысто́с уваскрэ́с з мёртвых.
Прыйдзíце ў сла́ўны дзень уваскрасе́ння паспыта́ем но́вага вінагра́днага пло́ду і ста́нем удзе́льнікамі Бажэ́ственнай ра́дасці ў Ца́рстве Хрыста́, апява́ючы Яго́ як Бо́га наве́кі.
Хрысто́с уваскрэ́с з мёртвых.
Аглянíся наво́кал, Сіёне, і паба́ч: вось прыйшлí да цябе́, нíбы запа́леныя Бо́гам зо́ркі, з за́хаду, і з по́ўначы, і з мо́ра, і з усхо́ду дзе́ці твае́, якíя благаслаўля́юць у табе́ Хрыста́ наве́кі.
Прасвята́я Тро́іца, Бо́жа наш, сла́ва Табе́.
Ойча Уседзяржы́целю, і Сло́ва, і Ду́ху, Адзíная Су́тнасць у трох Асо́бах, Найвышэ́йшая і Найбажэ́ственнейшая! У Цябе́ мы ахрысцíліся і Цябе́ благаслаўля́ем на ўсе вякí.
Сла́ва Айцу́, і Сы́ну, і Свято́му Ду́ху.
Праз Цябе́ прыйшо́ў у свет Гаспо́дзь, Дзе́ва Багаро́дзіца; Ён, разарва́ўшы не́тры пяке́льныя, нам, смяро́тным, даў уваскрасе́нне, таму́ мы благаслаўля́ем Яго́ наве́кі.
І цяпер, і заўсёды, і на векі вякоў. Амíнь.
Твой Сын, Дзе́ва, зве́ргнуўшы Сваíм уваскрасе́ннем усю́ ўла́ду сме́рці, як Бог мо́цны, узнёс з Сабо́ю і нас і абагавíў, таму́ мы апява́ем Яго́ наве́кі.
Песня 9
Веліча́е душа́ мая́ ўваскрэ́слага на трэ́ці дзень з магíлы Хрыста́ Жыццяда́целя.
Веліча́е душа́ мая́ Таго́, Хто дабраво́льна паку́таваў, і быў пахава́ны, і ўваскрэ́с на трэ́ці дзень з магíлы.
Ірмос
Свяцíся, свяцíся, но́вы Іерусалíме, бо сла́ва Гаспо́дняя азары́ла цябе́! Святку́й цяпе́р і весялíся, Сіёне! А Ты, Чы́стая Багаро́дзіца, ра́дуйся ўваскрасе́нню Наро́джанага Табо́ю.
Хрысто́с — но́вая Па́сха, Ахвя́ра жыва́я, а́гнец Бо́жы, Якí бярэ́ на Сябе́ грахí све́ту.
Ангел ускліка́ў да Благада́тнай: "Чы́стая Дзе́ва, ра́дуйся!" І я паўтару́: ра́дуйся! Твой Сын уваскрэ́с на трэ́ці дзень з магíлы і мёртвых уваскрасíў. Лю́дзі, весялíцеся!
Засну́ўшы, Ты абудзíў па-ца́рску магу́тным го́ласам, як леў, нашча́дак Іу́ды, паме́рлых адве́ку.
Яко́е цудо́ўнае, яко́е дараго́е, яко́е сало́дкае сло́ва Тваё! Ты цвёрда абяца́ў з на́мі быць да сканчэ́ння ве́ку, Хрысце́. Ма́ючы гэ́та падста́ваю надзе́і, мы, ве́рныя, ра́дуемся.
Мары́я Магдалíна прыбе́гла да магíлы і, уба́чыўшы Хрыста́, ста́ла пыта́цца ў Яго́, прыня́ўшы за садо́ўніка.
Зіхатлíвы а́нгел ускліка́ў да жанчы́н: пераста́ньце пла́каць, бо Хрысто́с уваскрэ́с.
Хрысто́с уваскрэ́с, растапта́ўшы смерць і падня́ўшы мёртвых. Лю́дзі, весялíцеся!
Сёння ўсё стварэ́нне весялíцца і ра́дуецца, бо Хрысто́с уваскрэ́с і пе́кла перамо́жана.
Сёння Улада́р паланíў пе́кла, вы́зваліўшы вя́зняў, якíя адве́ку там бязлíтасна ўтры́мліваліся.
О, Па́сха вялíкая і найсвяшчэ́ннейшая — Хрысце́! О, Му́драсць, і Сло́ва Бо́жае, і Сíла! Дай нам цясне́й злуча́цца з Табо́ю ў ве́чна све́тлы дзень Ца́рства Твайго́.
Веліча́е душа́ мая́ ў трох Асо́бах нераздзе́льнага Бажаства́ сíлу.
Мы, ве́рныя, Цябе́, Дзе́ва, аднаду́шна ўблажа́ем: ра́дуйся, Дзве́ры Гаспо́днія; ра́дуйся, Го́радзе адушаўлёны; ра́дуйся, Та́я, дзе́ля Яко́й нам заззя́ла святло́ ўваскрасе́ння з мёртвых Наро́джанага Табо́ю.
Ра́дуйся, Дзе́ва, ра́дуйся; ра́дуйся, Благаславе́нная, ра́дуйся, Найслаўне́йшая, бо Твой Сын уваскрэ́с на трэці дзень з магíлы.
Весялíся і ра́дуйся, Ты — Бажэ́ственныя Дзве́ры Святла́, бо Іісу́с, Якí сышо́ў у магíлу, узня́ўся і заззя́ў ярчэ́й за со́нца і ўсіх ве́рных азары́ў, Бо́гам абра́даваная Улады́чыца.
Эксапасціла́рый
Пло́ццю засну́ўшы, як мёртвы, Ты, Цару́ і Го́спадзі, на трэ́ці дзень уваскрэ́с, узня́ўшы з тле́ння Ада́ма і знíшчыўшы смерць. Па́сха нятле́ння, све́ту спасе́нне. (Тройчы).