Псалтыр
Псалмы
Псалом 8
1. У канец, пра выціскальні, псалом Давіда.
2. Госпадзі Божа наш, якое дзівоснае імя́ Тваё на ўсёй зямлі! Бо ўзняла́ся ве́ліч Твая вышэй нябёс.
3. Вуснамі дзяцей і немаўлят здзе́йсніў Ты хвалу́ Сабе перад абліччам ворагаў Тваіх, каб знішчыць ворага і мсціўца.
4. Як пагляджу я на нябёсы — справу рук Тваіх, на месяц і зоркі, якія Ты ўсталяваў,
5. дык што́ такое чалавек, калі Ты памятаеш яго? Альбо сын чалавечы, калі Ты дба́еш пра яго?
6. Мала ніжэйшым за Ангелаў зрабіў Ты яго; славаю і пашанаю ўвянчаў Ты яго;
7. і паставіў яго над справамі рук Тваіх; усё пакарыў пад ногі яго:
8. авечак і валоў, а таксама і ўсю скаціну ў полі,
9. птушак нябесных і рыб марскіх, што ру́хаюцца шляхамі марскімі.
10. Госпадзі, Гасподзь наш, якое дзівоснае імя́ Тваё на ўсёй зямлі!