Псалтыр
Псалмы
Псалом 7
1. Псалом Давіда, заспява́ны ім Госпаду з-за слоў Хусíя, сына Іемянíі.
2. Госпадзі Божа мой, на Цябе я спадзяюся, уратуй мяне ад усіх ганіцеляў маіх і збаў мяне;
3. каб не схапіў хто, быццам леў, душу́ маю́, калі не будзе ні ратава́льніка, ні збавіцеля.
4. Госпадзі Божа мой, калі я зрабіў што, калі несправядлівасць у руках маіх,
5. калі я адпомсціў тым, хто рабіў мне зло, то няхай упаду я, ворагамі маімі зняможаны,
6. няхай прасле́дуе вораг душу́ маю́, і дагоніць, і ўтопча ў зямлю жыццё маё, і славу маю́ ў пыл звядзе́.
7. Устань, Госпадзі, у гневе Тваім; уздыміся над абша́рамі ворагаў Тваіх, і ўзнясіся, Госпадзі Божа мой, няхай здзейсніцца тое, што запаве́даў Ты,
8. і мноства народаў акру́жыць Цябе; і над імі Ты ўздымíся на вышыню́.
9. Гасподзь су́дзіць народы. Судзі мяне, Госпадзі, паводле праведнасці маёй і паводле незласлівасці маёй ува мне.
10. Няхай спы́ніцца злоба грэшнікаў, а праведным кіруй Ты, Божа, Які выпрабоўваеш сэрцы і ду́шы праведна1.
11. Дапамога мне — ад Бога, Які ратуе тых, хто шчыры сэрцам.
12. Бог — суддзя праведны, і магутны, і доўгацярплівы, і не праяўляе Ён гневу штодзень.
13. Калі ж не наве́рнецеся, то навострыць Ён меч Свой; а лук Свой нацягнуў Ён і трымае напагатове;
14. і ў ім падрыхтаваў прылады смерці, стрэлы Свае агняноснымі зрабіў.
15. Вось грэшнік захварэў няправеднасцю, зачаў пакуты і спарадзіў беззаконне,
16. выкапаў роў і паглыбіў яго, і ўпаў у я́му, якую выкапаў;
17. абернецца зло яго на галаву яму́, і на це́мя яго няпраўда яго ўпадзе́.
18. Буду славіць Госпада за праведны суд Яго і буду апяваць імя́ Госпада Усявышняга.