Псалтыр
Псалмы
Псалом 51
1. У канец, для настаўлення, Давідаў,
2. калі прыйшоў Даíк Ідуме́янін, і абвясціў Саулу,
і сказаў яму: “Давід прыйшоў у дом Авімеле́ха”.
3. Чаго хвалішся злом, дужы? Беззаконнае робіш увесь дзень;
4. няпраўду выдумляў язык твой; як брытва навостраная стала каварства тваё.
5. Ты ўзлюбіў зло больш за дабро, няпраўду — больш, чым гаварыць праўду;
6. ты ўзлюбіў усякія словы пагібельныя, язык каварны.
7. За гэта Бог знішчыць цябе да канца, вырве цябе і пераселіць цябе з жытла твайго і корань твой — з зямлі жывых.
8. Убачаць праведнікі і ўстраша́цца, і з яго пасмяюцца і скажуць:
9. “Вось чалавек, які не палічыў Бога памочнікам сваім, а спадзяваўся на мноства багацця свайго і закаснеў у марнасці сваёй”.
10. Я ж, як маслíна пладавітая ў доме Божым; спадзяюся на міласць Божую вавек і на векі вякоў.
11. Буду славіць Цябе вавек за тое, што Ты здзейсніў, і буду спадзявацца на імя Тваё, бо яно — дабро для праведнікаў Тваіх.