Псалтыр
Псалмы
Псалом 50
1. У канец, псалом Давіда,
2. калі прыйшоў да яго прарок Нафа́н пасля таго,
як увайшоў ён да Вірсавíі, жонкі Урыі.
3. Памíлуй мяне́, Бо́жа, па вялíкай мíласці Тваёй і па мно́ству шчо́драсцей Тваíх ачы́сці беззако́нні мае́;
4. поўнасцю абмы́й мяне́ ад беззако́ння майго́ і ад граху́ майго́ ачы́сці мяне́.
5. Бо беззако́нне маё я зна́ю і грэх мой пе́рада мно́ю заўжды́.
6. Пе́рад Табо́й адзíным я саграшы́ў і зло́е пе́рад Табо́ю ўчынíў, так што Ты справядлíвы ў сло́вах Тваíх і пераможаш, калі будзеш судзíць мяне.
7. Бо вось у беззако́ннях зача́ты я i ў граха́х нарадзíла мяне́ ма́цi мая́.
8. А Ты íсцiну ўзлюбíў, невядо́мае i та́йнае з праму́драсцi Тваёй адкры́ў Ты мне.
9. Акрапíш мяне́ ісо́пам — i бу́ду чы́сты, абмы́еш мяне́ — i бу́ду за снег бяле́йшы.
10. Дасí мне пачу́ць ра́дасць i вясяло́сць — i ўзра́дуюцца ко́сцi пако́раныя.
11. Адвярнí аблíчча Тваё ад грахо́ў маíх i ўсе беззако́ннi мае́ ачы́сцi.
12. Сэ́рца чы́стае ствары́ ўва мне, Бо́жа, i дух пра́ўды аднавí ўнутры́ мяне́.
13. Не адкíнь мяне́ ад аблíчча Твайго́ i Ду́ха Твайго́ Свято́га не адымí ад мяне́.
14. Вярнí мне ра́дасць спасе́ння Твайго́ і Ду́хам улада́рным умацу́й мяне́.
15. Я навучу́ беззако́нных шляха́м Тваíм, i грэ́шныя да Цябе́ зве́рнуцца.
16. Урату́й мяне́ ад крывí9, Бо́жа, Бо́жа спасе́ння майго́, i ўзра́дуецца язы́к мой пра́ўдзе Тваёй.
17. Го́спадзі, ву́сны мае́ адкры́еш, i ву́сны мае́ абвясця́ць хвалу́ Тваю́.
18. Бо калí б Ты захаце́ў ахвя́ры, то я даў бы, але ўсеспале́нне не даспадобы Табе́.
19. Ахвя́ра Бо́гу — дух скру́шаны; сэ́рцам скру́шаным i пако́рлiвым Бог не пагарджа́е.
20. Ашчаслíў, Го́спадзі, з ла́скi Тваёй Сiён, i няха́й збуду́юцца сце́ны Iерусалíма;
21. тады́ даспадобы Табе́ бу́дзе ахвя́ра пра́ўды, прынашэ́нне i ўсеспале́нне; тады́ пакладу́ць на ахвя́рнiк Твой цяльцо́ў.