Псалтыр
Псалмы
Псалом 49
1. Псалом Асафа.
Бог багоў Гасподзь прамовіў і заклíкаў зямлю ад усходу сонца да захаду.
2. З Сіёна заззяла хараство Яго.
3. Бог ная́ве прыйдзе, Бог наш, і не будзе маўчаць; агонь перад Ім загарыцца, і вакол Яго — бура вялікая.
4. Ён заклíча неба з вышыні і зямлю і будзе судзíць народ Свой.
5. Збярыце Яму праведных Яго, якія прынялí запавет Яго пра ахвяры.
6. І абве́сцяць нябёсы праўду Яго, таму што Бог — Суддзя.
7. Слухай, народ Мой, і буду Я гаварыць табе, Ізраіль, і засведчу табе: Я Бог, твой Бог.
8. Не за ахвяры твае буду Я дакараць цябе, усеспаленні твае перада Мною заўжды;
9. не прыму ад дому твайго цяльцоў і са статкаў тваіх казлоў.
10. Бо Мае ўсе звяры лясныя, скаціна ў гарах і валы́,
11. Я ведаю ўсіх птушак нябесных, і хараство палёў — перада Мною.
12. Калі б Я галодны быў, то не сказаў бы табе, бо Мне належыць сусвет і ўсё, што напаўняе яго.
13. Хіба ем Я мяса быкоў ці п’ю кроў казлоў?
14. Прынясі Богу ахвяру хвалы́ і выканай перад Усявышнім абяцанні твае;
15. і пакліч Мяне ў дзень смутку твайго, і Я збаўлю цябе, і ты праславіш Мяне.
16. А грэшніку сказаў Бог: “Нашто абвяшчаеш ты пра ўстанаўленні Мае і гаворыш пра запавет Мой вуснамі сваімі?
17. Ты ж узненавідзеў настаўленне і адкінуў словы Мае прэч.
18. Калі бачыў ты злодзея, то ішоў разам з ім, і з пралюбадзеем ты быў супольнікам.
19. Вусны твае памнажалі зло, і язык твой сплятаў падманы;
20. ты сядзеў і на брата свайго ўзводзіў паклёп, на сына маці тваёй наводзіў спакусу.
21. Ты зрабіў гэта, а Я прамаўчаў; і ты падумаў беззаконнае, нібы́та Я буду падобны табе; але Я вы́крыю цябе і вы́яўлю перад абліччам тваім грахі твае.
22. Зразумейце ж гэта вы, хто забывае Бога, каб Ён не забраў у вас жыццё, і тады не будзе каму вызваліць вас.
23. Ахвяра хвалы́ праславіць Мяне, і гэта шлях, праз які Я адкрыю яму спасенне Маё”.