Псалтыр
Псалмы
Псалом 48
1. У канец, сыноў Карэевых, псалом.
2. Пачуйце гэта, усе народы, вы́слухайце ўсе, хто жыве́ ў свеце,
3. земнародныя і сыны́ чалавечыя, разам багаты і бедны.
4. Вусны мае́ прамовяць прамудрасць, і роздум сэрца майго — разуменне;
5. схілю я да прытчы вуха маё, адкрыю пад гукі псалтыра́ прадказанне маё.
6. Чаго мне баяцца ў дзень ліхі? Беззаконне шляхоў маіх абсту́піць мяне.
7. Вы, якія спадзеяце́ся на сілу сваю і мноствам багацця свайго хва́ліцеся!
8. Брат не вы́зваліць; ці вы́зваліць увогуле чалавек? Не дасць ніхто Богу выкупу за сябе
9. і платы за вызваленне душы сваёй; хоць і працаваў бы давеку.
10. Ці будзе ён жыць да канца і не ўбачыць пагібелі?
11. Бо ён бачыць, што мудрыя паміраюць, гэтаксама неразумны і бязглузды загінуць і пакінуць чужым багацце сваё.
12. І магілы іх — жытло ім навек, прыстанішча ім з роду ў род, хоць і назвалі яны імёнамі сваімі землі свае.
13. Але чалавек, будучы ў пашане, не зразумеў таго, стаў падобным да неразумных жывёл і зраўняўся з імі.
14. Такі шлях іх — спакуса для іх, ды і пасля гэтага вуснамі сваімі яны будуць ўхваля́ць яго.
15. Як авечкі, будуць яны ў пекла загна́ны, смерць будзе пасвіць іх, і неўзабаве праведныя будуць уладарыць над імі, і дапамога ім знікне ў пекле, з вышыні славы сваёй будуць скінуты яны.
16. А маю душу́ вызваліць Бог ад улады пекла тады, як Ён прыме мяне.
17. Не бойся, калі разбагацее чалавек альбо калі памножыцца слава дому яго,
18. бо калі памрэ ён, то не возьме з сабою нічога, і не пойдзе з ім слава яго.
19. Хоць душу́ яго пры жыцці яго будуць благаслаўляць і ён будзе хваліць цябе, калі ты зробіш яму дабро,
20. але ён пойдзе да роду бацькоў сваіх, вавекі не ўбачыць святла.
21. Чалавек, будучы ў пашане, не зразумеў таго, стаў падобным да неразумных жывёл і зраўняўся з імі.