Псалтыр
Псалмы
Псалом 47
1. Псалом, песня сыноў Карэевых, на другі дзень тыдня.
2. Вялікі Гасподзь і годны высокай хвалы́ ў горадзе Бога нашага, на гары святой Яго,
3. добра ўмацаванай на радасць усёй зямлі. Горы Сіёнскія, схілы паўночныя — горад Цара вялікага.
4. Бог у харомах яго адкрывае Сябе, калі абараняе яго.
5. Бо вось, цары зямныя сабра́ліся, сышліся разам;
6. яны, убачыўшы гэта, здзівіліся, збянтэжыліся, узру́шыліся,
7. дрыго́та ахапіла іх, там спасціглі іх пакуты, як у парадзíхі.
8. Ветрам бурным разаб'еш Ты караблі Фарсійскія.
9. Што мы чулі, тое і ўбачылі ў горадзе Госпада сіл, у горадзе Бога нашага; Бог заснаваў яго навечна.
10. Атрымалі мы, Божа, міласць Тваю сярод народа Твайго.
11. Як імя́ Тваё, Божа, так і хвала́ Табе — да краёў зямлі; праўдаю напоўнена дзясніца Твая.
12. Няхай узвесяліцца гара Сіёнская, і няхай узрадуюцца дочкі іудзейскія праведным судам Тваім, Госпадзі.
13. Абыйдзіце Сіён і абступíце яго; абвясцíце пра ўсё сярод вежаў яго,
14. звярніце сэрцы вашы да магутнасці яго, агле́дзьце харомы яго, каб абвясцíць роду наступнаму,
15. што Ён — Бог наш навек і на векі вякоў; Ён Пастыр наш навекі.