Псалтыр
Псалмы
Псалом 45
1. У канец, сыноў Карэевых, пра тайны, псалом.
2. Бог — наша прыстанішча і сіла, памочнік у цяжкіх бедах, што напаткалі нас.
3. Таму не будзем баяцца, калі затрасе́цца зямля і нізры́нуцца горы ў глыбíні марскія.
4. Зашумелі і ўзрушыліся воды іх, узрушыліся горы сілаю Яго.
5. Імклівыя воды ракí весяляць горад Божы, асвяціў паселішча Сваё Усявышні.
6. Бог пасярод яго, і горад не зру́шыцца, дапаможа яму Бог з самай раніцы.
7. Узру́шыліся народы, пахіснуліся царствы, Усявышні падаў голас Свой, задрыжэ́ла зямля.
8. Гасподзь сіл з намі, заступнік наш — Бог Іакава.
9. Прыйдзіце і ўбачце справы Божыя, цуды, якія Ён здзейсніў на зямлі:
10. Ён спы́ніць войны да краёў зямлі, паламае лук, і знішчыць зброю, і шчыты спа́ліць агнём.
11. Супакойцеся і зразумейце, што Я — Бог, Я буду ўзвялíчаны сярод народаў, буду ўзвялíчаны на зямлі.
12. Гасподзь сіл з намі, заступнік наш — Бог Іакава.