Псалтыр
Псалмы
Псалом 44
1. У канец, для тых, якім належыць перамяніцца, сынам Карэевым, для настаўлення, песня пра Узлюбленага.
2. Прамовіла сэрца маё слова добрае, кажу я пра справы мае Цару, язык мой — трысцінка кніжніка-скарапісца.
3. Ты прыгажэйшы за сыноў чалавечых; ліе́цца благадаць з вуснаў Тваіх; таму благаславіў Цябе Бог навекі.
4. Павесь меч Твой на паясніцы Тваёй, Магутны, у прыгажосці Тваёй і ў ве́лічы Тваёй,
5. і ўмацуйся, і дасягай поспеху, і царствуй дзеля ісціны, і лагоднасці, і праўды, і накіруе цябе дзівосна дзясніца Твая.
6. Стрэлы Твае завостраны, Магутны, народы перад Табою падуць, стрэлы пранíжуць сэрцы ворагаў Цара.
7. Прастол Твой, Божа, на векі вякоў; жазло праўды — жазло Царства Твайго.
8. Ты ўзлюбіў праведнасць і ўзненавідзеў беззаконне, таму памазаў Цябе, Божа, Бог Твой алеем радасці больш, чым супольнікаў Тваіх.
9. Смірнай, і алоэ, і ка́сіяй пахнуць адзенні Твае, у харомах са слановай косці ўзвесяляюць Цябе.
10. Дочкі цароў у пашане ў Цябе; стала царыца праваруч Цябе, апранутая ў адзенне, пазалотай аздобленае.
11. Слухай, дачка, і глядзі, і прыхілі вуха тваё, і забудзь народ твой і дом бацькі твайго.
12. І пажадае Цар прыгажосці тваёй; бо Ён Гасподзь твой, і ты паклонішся Яму.
13. І дачка Тыра прыйдзе з дара́мі; абліччу твайму паклоняцца найбагацейшыя з народа.
14. Уся слава дачкі Цара — унутры яе; адзенне яе залатою махрою аздоблена.
15. Прывядуць да Цара дзеў услед за ёю; бліжніх яе прывядуць да Цябе;
16. прывядуць іх з весялосцю і радасцю, увядуць у хорам Цара.
17. Замест айцоў Тваіх будуць сыны́ Твае; Ты паставіш іх правіцелямі па ўсёй зямлі.
18. Памятным зраблю імя Тваё з роду ў род; таму народы будуць славіць Цябе ў век і векі вечныя.