Псалтыр
Псалмы
Псалом 42
Псалом Давіда, не надпісаны ў Яўрэяў
1. Судзі мяне, Божа, і рассудзі ця́жбу маю́; ад народа нядобрага, ад чалавека няправеднага і каварнага збаў мяне.
2. Бо Ты, Божа, — сіла мая. Чаму Ты адкнуў мяне? І чаму хаджу я, бядуючы, калі зневажае мяне вораг мой?
3. Пашлі святло Тваё і ісціну Тваю: яны наставяць мяне і ўзвядуць мяне на гару святую Тваю і ў сялібы Твае.
4. І падыду́ я да ахвярніка Божага, да Бога, Які дае радасць маладосці маёй; на гуслях праслаўлю Цябе, Божа, Божа мой!
5. Чаму зажурылася ты, душа мая? І чаму непакоіш мяне? Спадзявайся на Бога, таму што я буду вызнаваць Яго: Ён — спасенне аблічча майго і Бог мой.