Псалтыр
Псалмы
Псалом 41
1. У канец, для настаўлення, сынам Карэевым.
2. Як імкнецца алень да крыніц вады, так імкнецца душа мая да Цябе, Божа!
3. Прагне душа мая да Бога моцнага8, жывога: калі прыйду я і з'яўлюся перад абліччам Божым?
4. Слёзы мае былі мне хлебам удзень і ўначы, калі гаварылі мне штодня: “Дзе Бог твой?"
5. Успамінаў я пра гэта і раскрываў перад сабою душу́ сваю: вось, пайду я да месца сялібы дзівоснай, да самага дома Божага, пад гукі радасці і праслаўлення, воклічы святочныя.
6. Чаму зажурылася ты, душа мая? І чаму непакоіш мяне? Спадзявайся на Бога, таму што я буду вызнаваць Яго: Ён — спасенне аблічча майго і Бог мой.
7. Збянтэжылася ўва мне душа мая; таму буду ўспамінаць Цябе на зямлі Іарданскай і Ярмонскай, на гары Малой.
8. Адна бездань кліча другую голасам вадаспадаў Тваіх; усе валы вод Тваіх і хвалі Твае прайшлі нада мною.
9. Удзень праяўляе Гасподзь міласць Сваю, а ўночы — песня Яму ад мяне, малітва Богу жыцця майго.
10. Скажу Богу: “Ты — заступнік мой, чаму забыў Ты мяне? І чаму хаджу я, бядуючы, калі зневажае мяне вораг мой?"
11. Калі трашча́лі косці мае, здзекваліся з мяне супраціўнікі мае, гаворачы мне штодня: “Дзе Бог твой?"
12. Чаму зажурылася ты, душа мая? І чаму непакоіш мяне? Спадзявайся на Бога, таму што я буду вызнаваць Яго: Ён — спасенне аблічча майго і Бог мой.