Псалтыр
Псалмы
Псалом 40
1. У канец, псалом Давіда.
2. Блажэнны той, хто дбае пра беднага і ўбогага, у дзень бедства збавіць яго Гасподзь.
3. Няхай Гасподзь захавае яго, і зберажэ́ жыццё яго, і дасць яму блажэнства на зямлі, і не аддасць яго ў рукі ворагаў яго.
4. Няхай Гасподзь дапаможа яму на ложы пакут яго; усю пасцель яго Ты перамяніў у час хваробы яго.
5. Я сказаў: “Госпадзі, памілуй мяне, ацалі душу маю, бо я саграшыў перад Табою”.
6. Ворагі мае сказалі пра мяне злое: "Калі памрэ ён і загіне імя яго?"
7. І калі хто з іх прыходзіў пабачыць мяне, гаварыла няпраўду сэрца яго, збіраў ён беззаконне ў сабе, выходзіў вонкі, і змаўляліся яны між сабою.
8. Пра мяне шапталіся ўсе ворагі мае, супраць мяне замышлялі зло.
9. Словы беззаконныя прамаўлялі супраць мяне: “Няўжо ён, паміраючы, яшчэ ўстане?"
10. Нават прыхільны да мяне чалавек, на якога я спадзяваўся, які еў хлеб мой, узняў на мяне пяту́.
11. Але Ты, Госпадзі, памілуй мяне і падымі мяне, і я адплачу ім.
12. Па тым даведаюся, што я ўгодны Табе, калі не пацешыцца з мяне вораг мой.
13. А мяне за незласлівасць прыняў Ты і ўмацаваў мяне перад абліччам Тваім навек.
14. Благаславёны Гасподзь Бог Ізраілеў адвеку і давеку! Няхай будзе так, няхай будзе!