Псалтыр
Псалмы
Псалом 39
1. У канец, псалом Давіда.
2. Цярпліва я спадзяваўся на Госпада, і Ён схіліўся да мяне і пачуў малітву маю;
3. і выцягнуў мяне з рова пакут і з топкага балота, і паставіў на камень ногі мае, і скіраваў ступні мае,
4. і ўклаў у вусны мае песню новую, хвалу́ Богу нашаму. Убачаць многія і ўстраша́цца, і будуць спадзявацца на Госпада.
5. Блажэнны чалавек, для якога імя Гасподняе — спадзяванне яго, і ён не зважа́е на марнасць і на хваляванні падма́нныя.
6. Многа здзейсніў Ты, Госпадзі Божа мой, цудаў Тваіх, і ў задумах Тваіх ніхто не параўнаецца з Табой; абвяшчаў я і казаў, што ім ліку няма.
7. Ахвяры і прынашэння не пажадаў Ты, цела ж угатаваў мне; усеспаленняў і ахвяр за грэх Ты не патрабаваў.
8. Тады сказаў я: “Вось, іду, як у скрутку кніжным напісана пра мяне;
9. выканаць волю Тваю, Божа мой, я пажада́ў, і закон Твой — глыбока ўнутры мяне”.
10. Абвяшчаў я праўду на сходзе вялікім; вуснам маім гэтага не забараню; Ты, Госпадзі, ведаеш.
11. Праўду Тваю не хаваў я ў сэрцы маім, абвяшчаў ісціну Тваю і спасенне Тваё, не ўтойваў міласці Тваёй і ісціны Тваёй ад сходу вялікага.
12. Ты ж, Госпадзі, не адымі шчодрасцей Тваіх ад мяне; міласць Твая і ісціна Твая няхай заўсёды ахоўваюць мяне.
13. Бо акружылі мяне беды, якім ліку няма; спасціглі мяне беззаконні мае, так што не мог я глядзець; стала іх больш, чым валос на маёй галаве, і сэрца маё пакінула мяне.
14. Будзь ласка́вы, Госпадзі, збаў мяне; Госпадзі, на дапамогу мне паспяшы.
15. Няхай пасаромлены і зганьбаваны будуць усе, хто шукае душу́ маю, каб загубíць яе; няхай адступяць назад і будуць пасаромлены тыя, хто жадае мне зла.
16. Няхай адразу панясуць на сабе ганьбу тыя, што кажуць мне: “Добра, добра!”
17. Няхай узрадуюцца і ўзвесяляцца з Табою ўсе, хто шукае Цябе, Госпадзі, і няхай гавораць заўсёды: "Няхай праслаўлены будзе Гасподзь!” — тыя, хто лю́біць спасенне Тваё.
18. Я ж бедны і ўбогі, але Гасподзь паклапоціцца пра мяне. Ты — Памочнік мой і Абаронца мой. Божа мой, не марудзь!