Псалтыр
Псалмы
Псалом 38
1. У канец, Ідыфу́му, песня Давіда.
2. Сказаў я: “Буду сачыць за шляхамі маімі, каб не грашы́ць языком маім”. Паставіў я да вуснаў маіх ахову, пакуль стаіць грэшнік перада мною.
3. Я анямеў, і ўпакорыўся, і маўчаў, пазбаўлены дабра; і пакуты мае вярнуліся.
4. Запала́ла сэрца маё ўва мне, і ў думках маіх загарэўся агонь. Прамовіў я языком маім:
5. “Скажы мне, Госпадзі, пра канец мой і колькасць дзён маіх, якая яна, каб я ведаў, колькі мне застаецца.
6. Вось, пя́дзямі Ты адмераў дні мае, і існаванне маё — быццам нішто перад Табою. Сапраўды, усё — марнасць, кожны жывы чалавек.
7. Так, падобна прывіду ходзіць чалавек, толькі марна клапоціцца, збірае скарб і не ведае, для каго збірае яго.
8. І цяпер хто надзея мая? Хіба не Гасподзь? І існаванне маё ад Цябе паходзіць.
9. Ад усіх беззаконняў маіх збаў мяне; на глумленне неразумнаму Ты аддаў мяне.
10. Я стаў нямым і не адкрываў вуснаў маіх, бо Ты зрабіў мне так.
11. Адвядзі ад мяне ўдары Твае, бо ад моцнай рукі Тваёй я знямог.
12. Выкрываючы, за беззаконні Ты пакараў чалавека і нетрывалым, як павуцінне, зрабіў жыццё яго. Сапраўды, марна клапоціцца кожны чалавек.
13. Пачуй малітву маю, Госпадзі, і маленне маё выслухай; не маўчы ў адказ на слёзы мае, бо вандроўны я ў Цябе і пры́шлы, як і ўсе бацькі мае.
14. Дай мне палёгку, каб я супакоіўся, перш чым адыду, і больш не будзе мяне”.