Псалтыр
Псалмы
Псалом 37
1. Псалом Давіда, на ўспамін пра суботу.
2. Госпадзі, у ярасці Тваёй не выкрыва́й мяне, і ў гневе Тваім не кара́й мяне,
3. бо стрэлы Твае ўпілíся ў мяне, і паклаў Ты на мяне руку́ Тваю;
4. няма ацалення плоці маёй перад абліччам гневу Твайго, няма міру касцям маім перад абліччам грахоў маіх.
5. Бо беззаконні мае́ падняліся вышэй галавы маёй; як цяжар вялікі, яны абцяжарылі мяне.
6. Засмярдзелі і загнаіліся раны мае з-за неразумнасці маёй.
7. Пакутаваў я і згорбіўся зусім, увесь дзень панураны хадзіў,
8. бо ўсё нутро маё поўнае нечыстаты́ і няма ацалення плоці маёй.
9. Нацярпеўся я зла і прынíжаны быў да крайнасці; крычаў ад пакуты сэрца майго.
10. Госпадзі, перад Табою кожнае жаданне маё, і ўздыханне маё ад Цябе не ўтаілася.
11. Сэрца маё ўстрывожана, пакінула мяне сіла мая; і святла вачэй маіх — і яго няма ў мяне.
12. Сябры мае і суседзі мае наблізіліся да мяне і сталі супраць мяне,
13. і бліжнія мае далёка ад мяне сталі7; і напружыліся тыя, што шукалі душы маёй, і тыя, што жадалі мне зла, гаварылі пустое і каварства цэлы дзень замышлялі.
14. Я ж, як глухі, не чуў, і як нямы́, не адкрываў вуснаў сваіх;
15. і быў я, быццам чалавек, які не чуе і не ма́е ў вуснах сваіх пярэчання.
16. Бо на Цябе, Госпадзі, я спадзяваўся: Ты пачуеш, Госпадзі Божа мой.
17. Таму я сказаў: “Няхай не пацяшаюцца з мяне ворагі мае”; бо калі пахіснуліся ногі мае, яны ўзвыша́лі сябе нада мною.
18. Але я прыняць раны гатовы, і пакуты мае́ перада мною заўжды.
19. Таму пра беззаконне сваё я буду гаварыць, і буду ўсведамляць за грэх свой.
20. А ворагі мае жывуць і сталі мацнейшымі за мяне, і памножыліся тыя, што ненавідзяць мяне несправядліва.
21. Тыя, што плацяць мне злом за дабро, абылгалі мяне, бо я імкнуўся да добрага.
22. Не пакінь мяне, Госпадзі Божа мой, не адступі ад мяне!
23. Прыйдзі на дапамогу мне, Госпадзі спасення майго!