Псалтыр
Псалмы
Псалом 36
1. Давідаў.
Не раўняйся на тых, хто робіць зло, і не зайздросці тым, хто чы́ніць беззаконне,
2. бо яны, як трава, хутка засохнуць, і, як зялёная расліна, хутка прападу́ць.
3. Спадзявайся на Госпада і рабі дабро, і жыві на зямлі і будзеш ускормлены багаццем яе.
4. Суцяшайся Госпадам, і Ён дасць табе тое, што просіць сэрца тваё.
5. Адкрый перад Госпадам шлях твой і спадзявайся на Яго, і здзе́йсніць Ён:
6. і зробіць яўнай, як святло, праўду тваю, і лёс твой — як поўдзень.
7. Скарыся перад Госпадам і малі Яго; і не зайздросці таму, хто паспяховы на шляху сваім, чалавеку, які чы́ніць беззаконне.
8. Спыні гнеў, і адкінь ярасць, і не імкніся рабіць зло,
9. бо тыя, хто робіць зло, будуць знішчаны, а тыя, хто цвёрда трымаецца Госпада, унасле́дуюць зямлю.
10. Яшчэ трохі, і не стане грэшніка; і будзеш шукаць месца, дзе ён быў, і не знойдзеш.
11. А лагодныя ўнасле́дуюць зямлю і ўсцешацца мірам вялікім.
12. Назірае грэшнік за праведным і скрыгоча на яго зубамі сваімі;
13. Гасподзь жа пасмяецца з яго, таму што прадбачыць, што прыйдзе дзень яго.
14. Меч дасталі грэшнікі, нацягнулі лук свой, каб нізры́нуць беднага і ўбогага, каб закалоць тых, у каго праведнае сэрца;
15. меч іх няхай увойдзе ў сэрцы іх, і лукі іх няхай зламаюцца.
16. Лепш нямногае ў праведніка, чым вялікае багацце грэшнікаў,
17. таму што рукі грэшных будуць злама́ны, а праведных умацоўвае Гасподзь.
18. Ведае Гасподзь шляхі беззаганных, і здабытак іх застане́цца навечна;
19. не будуць яны пасаромлены ў час ліхі і ў дні голаду насыцяцца.
20. Бо грэшнікі загінуць, і ворагі Гасподнія ў час праслаўлення і ўзвышэння іх прападуць, як дым, знікнуць.
21. Бярэ пазыку грэшнік і не вярта́е, а праведны шчодра дае;
22. бо хто благаслаўляе Яго, тыя ўнасле́дуюць зямлю, а хто праклінае Яго, будуць вы́нішчаны.
23. Госпадам крокі чалавека накіроўваюцца, і Ён вельмі спрыяе шля́ху яго;
24. калі упадзе ён, то не разаб’ецца, бо Гасподзь падтрымлівае за руку́ яго.
25. Я быў малады і вось састарыўся, але не бачыў праведніка пакінутым, і нашчадкаў яго, якія просяць хлеба;
26. штодзень міласць праяўляе і ў пазыку дае праведнік, і нашчадкам яго благаславенне будзе.
27. Ухіляйся ад зла і рабі дабро — і жыць будзеш вечна,
28. бо Гасподзь любіць правасуддзе і не пакіне праведных Сваіх, навекі яны ахаваны будуць; а беззаконныя будуць вы́гнаны, і нашчадкі бязбожных знішчаны будуць.
29. Праведныя ж унаследуюць зямлю і будуць жыць на ёй вечна.
30. Вусны праведніка будуць навуча́цца мудрасці, і язык яго будзе абвяшчаць праведны суд.
31. Закон Бога ў сэрцы яго; і не спатыкнуцца ногі яго.
32. Падсцерага́е грэшнік праведніка і шукае, як забіць яго,
33. але Гасподзь не аддасць яго ў рукі таго, і не асу́дзіць яго, калі будзе судзíць яго.
34. Спадзявайся на Госпада і трымайся шля́ху Яго, і Ён узвы́сіць цябе, каб ты ўнаследаваў зямлю; і знішчэнне грэшнікаў ты ўбачыш.
35. Бачыў я бязбожніка, які выхваляўся і ўзвышаў сябе, нібы кедры ліванскія;
36. і прайшоў я міма, і вось, не стала яго, і я шукаў яго і не знайшоў месца, дзе ён быў.
37. Захоўвай нявіннасць і трымайся праведнасці, бо ёсць будучыня ў чалавека мірнага;
38. а беззаконныя ўсе знішчаны будуць; астанкі бязбожных будуць знішчаны.
39. Спасенне ж праведнікам — ад Госпада, і Ён — абарона ім у час бяды;
40. і дапаможа ім Гасподзь, і ўратуе іх, і збавіць іх ад грэшнікаў, і захавае іх, бо яны спадзяваліся на Яго.