Псалтыр
Псалмы
Псалом 33
1. Давідаў, калі ён змяніў аблічча сваё перад Авімелехам,
і той адпусціў яго, і ён пайшоў.
2. Благаслаўлю Госпада на ўсякі час, заўжды хвала Яму ў вуснах маіх.
3. Госпадам будзе хваліцца душа мая, няхай пачуюць лагодныя і ўзвесяляцца.
4. Велічайце Госпада са мною і ўзнясём імя Яго разам.
5. Я шукаў Госпада, і Ён пачуў мяне, і ад усіх бед маіх збавіў мяне.
6. Прыступіце да Яго і прасвятліцеся, і абліччы вашы не будуць пасаромлены.
7. Вось, убогі паклікаў, і Гасподзь пачуў яго, і ад усіх бед яго збавіў яго.
8. Будзе на варце Ангел Гасподні вакол тых, што баяцца Яго, і ўратуе іх.
9. Зведайце і ўбачыце, які добры Гасподзь; блажэнны чалавек, які спадзяецца на Яго.
10. Бойцеся Госпада, усе святыя Яго, бо не маюць нястачы тыя, што баяцца Яго.
11. Багатыя збяднелі і згаладаліся, а тыя, што шукаюць Госпада, не зведаюць нястачы ні ў якім дабры.
12. Прыйдзіце, дзеці, паслухайце мяне, страху Гасподняму навучу я вас.
13. Які той чалавек, што хоча жыць і жадае бачыць добрыя дні?
14. Стрымлівай язык свой ад зла і вусны свае ад каварных слоў.
15. Ухіляйся ад зла і рабі дабро; шукай міру і імкніся да яго.
16. Вочы Госпада – на праведных, і вушы Яго – да малітвы іх.
17. Аблічча ж Госпада супраць тых, хто робіць зло, каб знішчыць на зямлі памяць пра іх.
18. Паклікалі праведныя, і Гасподзь пачуў іх, і ад усіх бед іх збавіў іх.
19. Блізкі Гасподзь да скрушаных сэрцамі і пакорлівых духам Ён уратуе.
20. Многа бед у праведных, і ад усіх іх збавіць іх Гасподзь.
21. Захоўвае Ён усе косці іх, і ніводная з іх не зламаецца.
22. Смерць грэшнікаў лютая, і хто ненавідзіць праведнага, тыя грашаць.
23. Збавіць Гасподзь душы рабоў Сваіх; і не саграшаць усе, хто спадзяецца на Яго.