Псалтыр
Псалмы
Псалом 31
1. Псалом Давіда, для настаўлення.
Блажэнныя тыя, чые беззаконні адпу́шчаны і чые грахі праба́чаны;
2. блажэнны чалавек, якому Гасподзь не залічыць граху і ў вуснах якога няма падману.
3. Калі я маўчаў, аслаблі косці мае, бо я стагнаў увесь дзень;
4. бо дзень і ноч нада мною цяжа́р рукі Тваёй; я цярпеў пакуты, калі ўпілíся ў мяне церні.
5. Беззаконне маё я ўсвядоміў і граху майго я не ўтаіў, сказаў я: "Прызна́ю беззаконне маё перад Госпадам "; і Ты прабачыў грэх сэрца майго.
6. Таму будзе маліцца Табе кожны праведнік у час належны, і тады ў час разліву воды многія да яго не наблізяцца.
7. Ты — маё сховішча ад скрухі, якая ахапіла мяне; радасць мая, збаў мяне ад тых, што акружылі мяне.
8. "Настаўлю цябе на розум і скірую цябе на шлях той, па якім ты пойдзеш; звярну да цябе вочы Мае".
9. Не будзьце, як конь і мул, у якіх няма розуму, якіх прыцягваюць аброццю і цуглямі ў сківіцах, калі яны не ідуць за табой.
10. Многія кары будуць грэшнаму; а таго, хто спадзяецца на Госпада, міласць акру́жыць.
11. Весяліцеся ў Госпадзе і радуйцеся, праведныя; і хваліцеся Ім ўсе шчырыя сэрцам.