Псалтыр
Псалмы
Псалом 30
1. У канец, псалом Давіда, у захапленні.
2. На Цябе, Госпадзі, я спадзяюся, каб не быць пасаромленым давеку; па праўдзе Тваёй збаў мяне і вызвалі мяне.
3. Схілі да мяне вуха Тваё, паспяшайся вызваліць мяне; будзь для мяне Богам-абаронцам і месцам прыстанішча, каб уратаваць мяне.
4. Бо Ты — моц мая і прыстанішча маё; і дзеля імя Твайго вядзі мяне і падмацоўвай мяне;
5. вызвалі мяне з пасткі гэтай, якую тайна паставілі на мяне, бо Ты — абаронца мой, Госпадзі.
6. У рукі Твае аддаю дух мой; Ты вызваліў мяне, Госпадзі, Божа ісціны.
7. Ты ўзненавідеў тых, хто дарэмна шануе марнасць; а я на Госпада спадзяваўся.
8. Буду радавацца і весяліцца міласці Тваёй, бо Ты ўбачыў пакорлівасць маю, збавіў ад пакут душу маю
9. і не аддаў мяне ў рукі ворагаў; паставіў на прасторным месцы ногі мае.
10. Памілуй мяне, Госпадзі, бо цяжка мне; азмрочыліся ад гора вока маё, душа мая і нутро маё.
11. Бо страціла сілу ў пакутах жыццё маё, і гады́ мае прайшлі ў стогнах; аслабла ў нягодах сіла мая, і косці мае сталі трэсціся.
12. Ад усіх ворагаў маіх я цярпеў ганьбу, а найбольш — ад суседзяў маіх, і страшным я стаў для знаёмых маіх; убачыўшы мяне, прэч уцякалі ад мяне.
13. Забыты я быў, нібы мёртвы, у сэрцах іх; я стаў як разбітая пасудзіна.
14. Бо чуў я знявагі ад многіх, што жылі вакол, калі яны збіраліся разам, змаўляючыся супраць мяне, як захапіць душу́ маю.
15. А я на Цябе, Госпадзі, спадзяваўся і казаў: Ты Бог мой.
16. У Тваіх руках лёс мой; збаў мяне ад рукі ворагаў маіх і ад ганіцеляў маіх.
17. Яві аблічча Тваё рабу Твайму; уратуй мяне па міласці Тваёй.
18. Госпадзі! Няхай не буду я пасаромлены, што заклікаў Цябе; няхай будуць пасаромлены бязбожныя і сы́дуць у пекла.
19. Няхай анямеюць вусны лжывыя, што вінавацяць праведнага ў беззаконні з пыхаю і пагардаю.
20. Наколькі вялікае мноства добрасці ў Цябе, Госпадзі, якую Ты захаваў для тых, хто баіцца Цябе, падрыхтаваў для тых, хто спадзяецца на Цябе перад сынамі чалавечымі!
21. Ты захаваеш іх пад покрывам аблічча Твайго ад абурэння чалавечага, дасі ім сховішча ад ліхіх языкоў.
22. Благаславёны Гасподзь, што дзівосна явіў міласць Сваю, захаваўшы мяне быццам ва ўмацаваным горадзе.
23. Я ж сказаў ва ўзрушэнні маім: “Адкінуты я прэч ад вачэй Тваіх”; таму Ты пачуў голас малітвы маёй, калі я паклікаў Цябе.
24. Узлюбíце Госпада, усе праведнікі Яго, бо ісціны патрабуе Гасподзь, а ганарліўцаў карае грозна.
25. Будзьце мужныя, і няхай мацуецца сэрца ваша — усе, хто спадзяецца на Госпада!