Псалтыр
Псалмы
Псалом 26
Давідаў, перад памазаннем
1. Гасподзь — святло маё і Спасіцель мой: каго мне баяцца? Гасподзь — Абаронца жыцця майго: каго мне страшы́цца?
2. Калі набліжаліся да мяне ліхадзеі, каб з’есці плоць маю, праціўнікі мае і ворагі мае, то самі яны спатыкнуліся і ўпалі.
3. Калі выступіць супраць мяне войска, то не спалохаецца сэрца маё; калі пачнецца супраць мяне вайна, і тады я захаваю надзею.
4. Аднаго прасіў я ў Госпада, і гэтага буду шукаць: каб жыць мне ў доме Гасподнім ва ўсе дні жыцця майго, бачыць хараство Гасподняе і наведваць святы храм Яго.
5. Бо Ён схаваў мяне ў скініі Сваёй у дзень бедстваў маіх; захаваў мяне ў тайнай скініі Сваёй, на скалу ўзнёс мяне.
6. І цяпер, як толькі ўзняў Ён галаву маю над ворагамі маімі, я абыйшоў ахвярнік і прынёс у скініі Яго ахвяру хвалы і славаслоўя; буду спяваць і апяваць Госпада.
7. Пачуй, Госпадзі, голас мой, якім клічу я; памілуй мяне і пачуй мяне.
8. Табе сказала сэрца маё: "Госпада шукаю"; Цябе шукала аблічча маё, аблічча Твайго, Госпадзі, я буду шукаць.
9. Не адвярні аблічча Твайго ад мяне, не адхіліся ў гневе ад раба Твайго; будзь мне памочнікам, не праганяй мяне і не пакінь мяне, Божа, Спасіцель мой!
10. Таму што бацька мой і маці мая пакінулі мяне, а Гасподзь прыня́ў мяне.
11. Навучы мяне закону, Госпадзі, на шляху Тваім і вядзі мяне сцяжынаю прамою наперакор ворагам маім.
12. Не аддай мяне ў рукі ганіцеляў маіх; бо паўсталі на мяне сведкі няправедныя, і салга́ла няпраўда сама сабе.
13. Веру, што ўбачу я даброты Гасподнія на зямлі жывых.
14. Спадзявайся на Госпада, будзь мужным, і няхай умацуецца сэрца тваё; і спадзявайся на Госпада.