Псалтыр
Псалмы
Псалом 24
Псалом Давіда
1. Да Цябе, Госпадзі, я ўзнёс душу́ маю. Божа мой!
2. На Цябе я спадзяю́ся, каб не быць пасаромленым навек, каб не пасмяяліся з мяне ворагі мае.
3. Бо ўсе тыя, хто спадзяе́цца Цябе, не будуць пасаромлены; няхай пасаромлены будуць тыя, хто чы́ніць беззаконні марна.5
4. Шляхі Твае, Госпадзі, пакажы мне і сцяжы́нам Тваім навучы мяне.
5. Настаў мяне на ісціну Тваю і навучы мяне, бо Ты Бог, Спасіцель мой, і на Цябе я спадзяваўся кожны дзень.
6. Успомні шчодрасці Твае, Госпадзі, і міласці Твае, бо яны адвечныя.
7. Грахоў юнацтва майго і няведання майго не памінай; па міласці Тваёй памяні мяне, па добрасці Тваёй, Госпадзі.
8. Добры і справядлівы Гасподзь, таму ўкажа Ён закон тым, што саграшаюць на сваім шляху.
9. Наставіць Ён лагодных на шлях праўды, наву́чыць лагодных шляхам Сваім.
10. Усе шляхі Гасподнія — міласць і ісціна для тых, што шукаюць запавету Яго і сведчанняў Яго.
11. Дзеля імя Твайго, Госпадзі, ачысці грэх мой, бо вялікі ён.
12. Хто той чалавек, што баіцца Госпада? Яму ўкажа Ён закон на шляху, што абраў.
13. Душа яго ў дабры жыць будзе, і патомства яго атрымае ў спадчыну зямлю.
14. Гасподзь — сіла тых, хто баіцца Яго, і запавет Свой Ён адкрые ім.
15. Вочы мае́ заўжды да Госпада, бо Ён вызваліць з пасткі ногі мае́.
16. Спаглянь на мяне і памілуй мяне, бо адзінокі і ўбогі я.
17. Бе́ды сэрца майго памножыліся, з пакут маіх выбаві мяне.
18. Паглядзі на пакору маю́ і знямо́гу маю́, і прабач усе грахі мае́.
19. Паглядзі на ворагаў маіх, як многа стала іх і як нянавісцю няправеднай яны ўзненавідзелі мяне.
20. Захавай душу маю́ і збаў мяне, каб не быў я пасаромлены, што спадзяваўся на Цябе.
21. Незласлівыя і праведныя прыхіну́ліся да мяне, бо я спадзяваўся на Цябе, Госпадзі.
22. Збаў, Божа, Ізраіль ад усіх бед яго.