Псалтыр
Псалмы
Псалом 21
1. У канец, пра заступніцтва ранішняе, псалом Давіда.
2. Божа, Божа мой, пачуй мяне! Чаму Ты пакінуў мяне? Аддаляюць мяне ад спасення словы грэхападзення майго.
3. Божа мой, я клічу ўдзень — і Ты не чуеш, уначы — і гэта не ад неразумнасці маёй.
4. Ты ж у свяцілішчы жывеш, хвала́ Ізраіля.
5. На Цябе спадзяваліся айцы нашы; спадзяваліся, і Ты вы́зваліў іх;
6. да Цябе ўсклікалі яны, і былі вы́ратаваны; на Цябе спадзяваліся, і не былі пасаромлены.
7. Я ж — чарвяк, а не чалавек, зневажа́ны ў людзей і пагарджа́ны ў народзе.
8. Усе, хто бачыў мяне, насміхаліся з мяне, прамаўлялі вуснамі, ківаючы галавою:
9. "Спадзяваўся на Госпада — няхай Ён вызваліць яго, няхай уратуе яго, калі ён даспадобы Яму".
10. Але Ты, Які вывеў мяне з улоння, — надзея мая ад грудзей маці маёй;
11. Табе я дару́чаны ад нараджэння, ад чэрава маці маёй Ты — мой Бог.
12. Не аддаляйся ад мяне, бо няшчасце блізка, бо памочніка няма.
13. Акружыла мяне мноства цяльцоў, тлустыя быкі абступілі мяне;
14. раскрылі на мяне па́шчу сваю, як леў, што хапа́е здабычу і рыка́е.
15. Нібы вада, распляска́ны я; і раскíданы ўсе косці мае; сэрца маё зрабілася, як воск, што та́е ўнутры мяне;
16. ссохлася, як чарапок, сіла мая; і язык мой прыліп да паднябе́ння майго; і ў пыл смерці Ты звёў мяне.
17. Бо акружыла мяне мноства сабак, скопішча зламысных абступіла мяне, працялі рукі мае і ногі,
18. пералічылі ўсе косці мае, а самі глядзелі і рабілі відовішча з мяне,
19. раздзялíлі адзе́нне маё між сабою і пра во́пратку маю́ кíдалі жэ́рабя.
20. Ты ж, Госпадзі, не пакінь мяне без абароны; на дапамогу мне паспяшайся;
21. збаў ад мяча душу́ маю́, і ад лап сабачых — адзіную маю́;
22. уратуй мяне ад пашчы льва, і ад рагоў адзінарогаў — мяне, пакорлівага.
23. Буду абвяшчаць імя Тваё брата́м маім, на сходзе буду апяваць Цябе.
24. Тыя, хто баіцца Госпада, усхвалíце Яго; усе нашчадкі Іакава, прасла́ўце Яго; няхай баяцца Яго ўсе нашчадкі Ізраіля,
25. бо Ён не пагарджаў і не грэбаваў малітвай убогага, і не адвярнуў аблічча Свайго ад мяне, і калі я ўсклікнуў да Яго, Ён пачуў мяне.
26. Ты даў мне ўзносіць хвалу на сходзе вялікім4; абяцанні свае я выканаю перад тымі, хто баіцца Яго.
27. Будуць есці ўбогія і насы́цяцца; і ўсхва́ляць Госпада тыя, што шукаюць Яго; жыць будуць сэрцы іх на векі вякоў.
28. Згада́ны будуць і зве́рнуцца да Госпада ўсе канцы зямлі, і пакло́няцца перад Ім усе плямёны людскíя,
29. бо ў Госпада — царская ўлада, і Ён улада́рыць над народамі.
30. Будуць есці і пакло́няцца ўсе заможныя на зямлі; схíляцца перад Ім усе, хто адыходзіць у зямлю. І душа мая Ім жыве,
31. і нашчадкі мае будуць служы́ць Яму, і будзе абвяшчаць пра Госпада будучае пакаленне,
32. і будуць абвяшчаць праўду Яго людзям, якія наро́дзяцца, якіх стварыў Гасподзь.