Псалтыр
Псалмы
Псалом 20
1. У канец, псалом Давіда.
2. Госпадзі, сіле Тваёй ўзрадуецца цар, і збаўленнем, якое Ты даеш, ён вельмі ўсце́шыцца.
3. Чаго жадала сэрца яго, Ты даў яму, і чаго прасілі вусны яго, Ты не пазбавіў яго.
4. Бо Ты сустрэў яго благаславеннем міласцівым, Ты ўсклаў на галаву яго вянец з каштоўных камянёў.
5. Жыцця прасіў ён у Цябе, і Ты даў яму даўгалецце на векі вякоў.
6. Вялікая слава яго, зба́ўленага Табою; славаю і ве́ліччу Ты ўшануеш яго;
7. бо дасі Ты яму благаславенне на векі вякоў, узвесяліш яго радасцю перад абліччам Тваім.
8. Таму што цар спадзяецца на Госпада, і па міласці Усявышняга не пахісне́цца ён.
9. Няхай знойдзе рука Твая ўсіх ворагаў Тваіх, дзясніца Твая няхай знойдзе ўсіх, хто ненавідзіць Цябе.
10. Ты кінеш іх у печ вогненную ў час яўле́ння аблічча Твайго; гневам Сваім Гасподзь знíшчыць іх, і з’есць іх агонь.
11. Ты вынішчыш плод іх на зямлі і нашчадкаў іх — сярод сыноў чалавечых,
12. бо яны намерыліся ўчынíць Табе зло, выношвалі заду́мы, якіх не могуць здзейсніць.
13. І паве́рнеш Ты іх назад; астатнія ж стрэлы Твае нацэліш у твар ім.
14. Узвы́сся, Госпадзі, у сіле Тваёй; мы будзем апяваць і праслаўляць сілы Твае.