Псалтыр
Псалмы
Псалом 2
Псалом Давіда
1. Чаму ўзру́шыліся народы і людзі задумалі ма́рнае?
2. Паўсталі цары зямныя, і князі сабраліся разам супраць Госпада і супраць Пама́занніка Яго, кажучы:
3. "Разарве́м кайданы́ іх і скінем з сябе ярмо іх".
4. Той, Хто ў нябёсах жыве, асмяе́ іх, і Гасподзь прынізіць іх.
5. Тады прамовіць Ён да іх у гневе Сваім, і ярасцю Сваёю збянтэ́жыць іх.
6. А я пастаўлены Ім царом над Сіёнам, гарою святою Яго,
7. каб абвяшча́ць волю Гасподнюю. Гасподзь сказаў Мне: "Ты — Сын Мой; Я сёння нарадзіў Цябе;
8. прасі ў Мяне, і дам народы ў спадчыну Табе, і краí зямлі — ва ўлада́нне Тваё.
9. Ты будзеш пасвіць іх жазлом жалезным; як посуд ганчарны, Ты паб’еш іх".
10. І цяпер, цары, зразумейце; навучы́цеся, усе су́ддзі зямлі!
11. Служы́це Госпаду са страхам і радуйцеся Яму з трымценнем.
12. Прыміце настаўле́нне, каб не разгневаўся Гасподзь і каб вы не загінулі, сышо́ўшы са шля́ху пра́веднага, бо запала́е неўзабаве ярасць Яго. Блажэнныя ўсе, хто спадзяецца на Яго.