Псалтыр
Псалмы
Псалом 18
1. У канец, псалом Давіда.
2. Нябёсы апавядаюць пра славу Божую, і пра створанае рукамі Яго абвяшчае цвердзь;
3. дзень дню перадае словы, і ноч ночы абвяшчае ве́ды.
4. Няма моў і няма слоў, на якіх бы не чуліся галасы іх;
5. па ўсёй зямлі разнёсся голас іх, і да краёў свету — словы іх. Сонцу Ён вызначыў жытло яго,
6. і яно, як жаніх, што выходзіць з хораму свайго, радуецца, як волат, ідучы́ шля́хам сваім.
7. Ад краю неба ўзыход яго, і за́хад яго на кра́і неба, і ніхто не пазбаўлены цеплыні яго.
8. Закон Госпада бездакорны — ён настаўляе ду́шы; сведчанне Госпада вартае веры — яно ўразумляе дзяцей;
9. устанаўленні Госпада справядлівыя — яны радуюць сэ́рца; запаведзь Госпада светлая — яна прасвятляе вочы;
10. страх Гасподні чысты — ён застаецца навек; суды́ Гасподнія — ісцінныя, справядлівыя ва ўсім;
11. яны жаданыя больш за золата і за шматкаштоўны камень, і саладзейшыя за мёд у сотах.
12. І вось, раб Твой захоўвае іх; за захаванне іх — узнагарода вялікая.
13. Саграшэнні свае хто ўсвядоміць? Ад не ўсвядо́мленых мною ачысці мяне,
14. і ад непрыстойных зберажы раба Твайго; калі яны не завалодалюць мною, буду я беззаганны і ачышчуся ад граху вялікага.
15. І будуць даспадобы Табе словы вуснаў маіх і памкненне сэрца майго, Госпадзі, Памочнік мой і Збавіцель мой!