Псалтыр
Псалмы
Псалом 17
1. У канец, слугі Гасподняга Давіда,
які прамовіў Госпаду словы песні гэтай у дзень,
калі вызваліў яго Гасподзь з рук усіх ворагаў яго і з рук Саула,
2. і ён сказаў:
Буду любіць Цябе, Госпадзі, сіла мая!
3. Гасподзь — цвярдыня мая, і прыстанішча маё, і Збавіцель мой, Бог мой, памочнік мой, і я буду спадзявацца на Яго, абаронца мой і рог спасення майго, заступнік мой.
4. З хвалою паклічу Госпада — і ад ворагаў маіх уратуюся.
5. Ахапілі мяне пакуты смяротныя, і патокі беззаконня ўзбуры́лі мяне;
6. мукі пякельныя агарнулі мяне, і пу́ты смерці сустрэлі мяне.
7. Але ў бядзе сваёй я паклікаў Госпада і да Бога майго ўсклікнуў; Ён пачуў з храма святога Свайго голас мой, і крык мой да Яго дасягнуў слыху Яго.
8. І здрыганулася і затрэслася зямля; і падножжы гор зрушыліся і задрыжэлі, бо разгневаўся на іх Бог.
9. Узняўся дым ад гневу Яго, і агонь ад аблічча Яго разгарэўся, вуголле распалілася ад Яго.
10. І нахіліў Ён нябёсы і сышоў, і змрок пад нагамі Яго.
11. І ўзышоў на херувімаў і паляцеў, паляцеў на крылах ветру.
12. І зрабіў цемру покрывам Сваім; вакол Яго — скінія Яго, цёмная вада ў аблоках паветраных.
13. Ад ззяння перад абліччам Яго прайшлі аблокі, град і вуголле вогненнае.
14. І прагрымеў з неба Гасподзь, і Усявышні падаў голас Свой.
15. І пусціў Ён стрэлы — і разагнаў іх, і паслаў мноства маланак — і прывёў іх у замяшанне.
16. І з'явіліся крыніцы вод, і адкрыліся асновы свету па загаду Твайму, Госпадзі, ад подыху гнеўнага духу Твайго.
17. Ён працягнуў руку́ з вышыні і ўзяў мяне, выцягнуў мяне з вод вялікіх.
18. Ён збавіў мяне ад ворагаў маіх моцных і ад тых, што ненавідзяць мяне, якія былі дужэйшымі за мяне.
19. Яны напалі на мяне ў дзень бедства майго, але Гасподзь быў апораю мне
20. і вывеў мяне на прастор, вызваліў мяне, бо Ён прыхільны да мяне.
21. І ўзнагародзіць мяне Гасподзь за праведнасць маю і за чысціню рук маіх ўзнагародзіць мяне;
22. бо я трымаўся шляхоў Гасподніх і не адступіўся ад Бога майго;
23. бо ўсе законы Яго перада мною, і ад устанаўленняў Яго не адыходзіў я.
24. І буду я беззаганны перад Ім і захаваю сябе ад беззаконня.
25. І ўзнагародзіць мяне Гасподзь за праведнасць маю і за чысціню рук маіх перад вачыма Яго.
26. З праведным Ты абыдзешся праведна, і з чалавекам бязвінным — паводле бязвіннасці яго,
27. і з абра́ннікам абыдзешся як з абра́ным, а з каварным — паводле каварства яго.
28. Бо Ты людзей пакорлівых спасеш, а ганарлівых прымусіш апусціць вочы.
29. Бо Ты запаліш свяцільнік мой, Госпадзі; Божа мой, Ты прасве́тліш цемру маю.
30. Бо Табою я збаўлены буду ад спакусы, і з Богам маім я пераадо́лею сцяну.
31. Бог мой! Беззаганны шлях Яго, словы Госпада палымяныя; Ён Абаронца ўсіх, хто спадзяецца на Яго.
32. Бо хто Бог, акрамя Госпада? І хто Бог, акрамя Бога нашага?
33. Бог апаясвае мяне сілаю, і Ён зрабіў беззаганным шлях мой,
34. Ён умацоўвае ногі мае, як у аленя, і на вышынí ставіць мяне;
35. навучае рукі мае ваяваць, і зрабіў мышцы мае медным лукам.
36. І даў Ты мне шчыт спасення майго, і дзяснíца Твая падтрымала мяне, і настаўленне Тваё прывядзе мяне да дасканаласці, і настаўленне Тваё само наву́чыць мяне.
37. Ты зрабіў шырокімі крокі мае на шляху́ маім, і не аслабелі ногі мае.
38. Я буду праследаваць ворагаў маіх і даганю іх, і не вярнуся, пакуль яны не загінуць;
39. паражу́ іх, і не змогуць яны ўстаяць, падуць пад нагамі маімі.
40. І апаясаў Ты мяне сілаю на бітву, кінуў пад ногі мае ўсіх, хто паўстаў супраць мяне;
41. і ворагаў маіх Ты прымусіў уцякаць; і тых, хто ненавідзеў мяне, Ты знішчыў.
42. Яны клікалі на дапамогу, але не было каму іх ратаваць; Госпада клікалі, але Ён не пачуў іх.
43. І я разве́ю іх, як пыл перад абліччам ветру, як бруд на дарозе растапчу іх.
44. Ты збавіш мяне ад супраціўлення народа, паставіш мяне на чале іншых народаў; народ, якога я не ведаў, стаў служы́ць мне;
45. толькі пачуўшы пра мяне, ён скарыўся мне; а чужынцы здрадзілі мне;
46. чужынцы знясілелі і сталі кульгаць на шляхах сваіх.
47. Жыве Гасподзь і благаславёны Бог! І няхай будзе ўзвялічаны Бог спасення майго,
48. Бог, Які помсціць за мяне і Які пакарыў мне народы,
49. Які збавіў мяне ад ворагаў маіх лютых; над тымі, хто паўстае супраць мяне, Ты ўздымеш мяне; ад чалавека няправеднага збавіш мяне.
50. За гэта я буду славіць Цябе сярод народаў, Госпадзі, і імені Твайму буду спяваць;
51. Ты ўзвялічваеш уратаванага Табою цара і робіш міласць памазанніку Твайму Давіду і нашчадкам Яго давеку.