Псалтыр
Псалмы
Псалом 16
1. Малітва Давіда.
Пачуй, Госпадзі, праўду маю́, уважлівы будзь да малення майго, выслухай малітву маю з вуснаў нялжывых.
2. Ад аблічча Твайго суд мне няхай пры́йдзе; няхай вочы мае́ ўбачаць справядлівасць.
3. Ты вы́прабаваў сэрца маё, наведаў мяне ўначы, агнём вы́прабаваў мяне, і не знайшлося ўва мне няпраўды.
4. Каб не гаварылі вусны мае́ пра справы чалавечыя, я паводле слоў вуснаў Тваіх трымаўся шляхоў цяжкіх.
5. Умацу́й ногі мае на сцяжынах Тваіх, каб не пахіснуліся ногі мае.
6. Я клікаў, бо Ты слухаў мяне, Божа; схілі вуха Тваё да мяне і пачуй словы мае.
7. Яві дзівосныя міласці Твае, збаўляючы тых, хто спадзяецца на Цябе, ад тых, хто паўстае́ су́праць рукí Тваёй.
8. Захавай мяне, як зрэнку вока; пад покрывам крылаў Тваіх укрый мяне
9. ад аблічча грэшнікаў, якія напада́юць на мяне. Ворагі мае́ душу́ маю́ абступілі,
10. яны тлушчам заплылі, вусны іх прамаўлялі пыхліва.
11. Ганіцелі мае́ цяпер акружылі мяне, вачамі сваімі ўзіраюцца, як бы паваліць мяне на зямлю.
12. Падпільнавалі мяне, як леў, гатовы кінуцца на здабычу, і як ільвяня, што сядзіць у схове.
13. Устань, Госпадзі, апярэдзь іх і спыні іх; збаў душу маю ад бязбожніка, меч Твой адбяры ў ворагаў рукі Тваёй.
14. Госпадзі, ад нямногіх праведнікаў, якія ёсць на зямлі, аддзялі іх пры жыцці іх, хоць скарбамі Тваімі напоўнена чэрава іх; багаты яны сынамі і пакінулі рэшту нашчадкам сваім.
15. Я ж у праўдзе з`яўлюся перад абліччам Тваім, насычуся яўле́ннем мне славы Тваёй.