Псалтыр
Псалмы
Псалом 15
1. Напісанае на стаўпе Давідам.
Захава́й мяне, Госпадзі, бо на Цябе я спадзяюся.
2. Я сказаў Госпаду: “Ты Гасподзь мой, Ты не маеш патрэбы ў дабротах маіх”.
3. Святы́м, якія на зямлí Яго, дзіўна адкры́ў Ён усе жада́нні Свае сярод іх.
4. Памножыліся немачы іх, а потым хутка мінулі. Я не збяру сходаў іх для праліцця́ крыві, і не згада́ю імёнаў іх вуснамі маімі.
5. Гасподзь — доля спадчыны маёй і чашы маёй. Ты вяртаеш мне спадчыну маю́.
6. Межы пакладзены для мяне ў найлепшых мясцінах, бо спадчына мая — найлепшая для мяне.
7. Буду благаслаўляць Госпада, Які на розум наставіў мяне; нават і ўначы вучыла мяне гэтаму ўнутранасць мая.
8. Я ба́чыў Го́спада перад сабою заўсёды, бо Ён правару́ч мяне, каб я не пахісну́ўся.
9. Таму ўзвесялілася сэрца маё і ўзрадаваўся язык мой, а таксама і плоць мая атрымае спакой у надзеі,
10. што Ты не пакінеш душы́ маёй ў пекле і не дасі праведніку Твайму ўбачыць тленне.
11. Ты паказаў мне шляхі жыцця, Ты напоўніш мяне радасцю перад абліччам Тваім, асалода ў руцэ Тваёй назаўжды.