Псалтыр
Псалмы
Псалом 13
1. У канец, псалом Давіда.
Сказаў неразумны ў сэрцы сваім: “Няма Бога”. Разбэсціліся яны і зрабіліся гнуснымі ва ўчынках сваіх; няма тых, хто робіць дабро, няма ніводнага.
2. Гасподзь паглядзеў з неба на сыноў чалавечых, каб убачыць, ці ёсць той, хто разумее альбо шукае Бога.
3. Усе збіліся з дарогі, разам сталі нягоднымі; няма таго, хто робіць дабро, няма ніводнага.3
4. Няўжо не абразу́мяцца ўсе, хто чы́ніць беззаконне? Яны з’ядаюць народ мой, як ядуць хлеб; Госпада яны не прызыва́лі.
5. Там яны трымцелі ад стра́ху, дзе не было стра́ху; таму што Гасподзь — з родам праведных.
6. Намер убогага вы асмяялі, але спадзяванне яго — Гасподзь.
7. Хто дасць з Сіёна выратаванне Ізраілю? Калі верне Гасподзь з палону народ Свой, тады ўзрадуецца Іакаў і ўзвесяліцца Ізраіль.