Псалтыр
Псалмы
Псалом 12
1. У канец, псалом Давіда.
2. Дакуль, Госпадзі, зусім будзеш забываць пра мяне? Дакуль будзеш адварочваць аблічча Сваё ад мяне?
3. Дакуль я буду разважаць у душы маёй, цярпець скруху ў сэрцы маім дзень і ноч? Дакуль будзе ўзносіцца вораг мой нада мною?
4. Паглядзі, пачуй мяне, Госпадзі Божа мой, прасвятлі вочы мае, каб не заснуў я смяротным сном;
5. каб не сказаў вораг мой: "Я перасіліў яго". Ганіцелі мае ўзрадуюцца, калі я пахісну́ся.
6. А я спадзяюся на міласць Тваю; узрадуецца сэрца маё спасенню, дадзенаму Табою; буду спяваць Госпаду, Які зрабіў мне дабро, і буду апяваць імя Госпада Усявышняга.