Псалтыр
Псалмы
Псалом 11
1. У канец, на васьміструнных, псалом Давіда.
2. Спасі мяне, Госпадзі; бо не засталося праведных, бо менш стала ісціны ў сыноў чалавечых.
3. Пустое гаварыў кожны бліжняму свайму; словы лжывыя — ў сэрцы, і ад сэрца гаварылася злое.
4. Знішчыць Гасподзь усе вусны лжывыя, язык напы́шлівы
5. тых, хто кажа: "Языком нашым узвялічым сябе; вусны нашы пры нас; хто нам Гасподзь?"
6. З-за пакут убогіх і стогнаў гаротных цяпер устану, — кажа Гасподзь, — здзейсню спасенне, адкры́юся ў ім.
7. Словы Госпада — словы чыстыя, срэбра расплаўленае, аддзе́ленае ад зямлі, ачы́шчанае сем разоў.
8. Ты, Госпадзі, захаваеш нас і зберажэш нас ад роду гэтага і навек.
9. Вакол ходзяць бязбожныя; з вышыні Тваёй памножыў Ты клопат пра сыноў чалавечых.