Псалтыр
Псалмы
Псалом 10
У канец, псалом Давіда
1. На Госпада я спадзяюся; як жа вы скажаце душы маёй: "Пералятай у горы, як птушка"?
2. Бо вось грэшнікі нацягнулі лук, падрыхтавалі стрэлы ў калчане, каб у змроку страляць па тых, хто праведны сэ́рцам.
3. Бо тое, што Ты здзейсніў, яны разбурылі; а праведнік што зрабіў?
4. Гасподзь у храме святым Сваім; Гасподзь — на нябёсах прастол Яго, вочы Яго на ўбогага глядзяць, погляд Яго выпрабоўвае сыноў чалавечых.
5. Гасподзь выпрабоўвае праведнага і бязбожнага; а хто лю́біць няпраўду, той ненавідзіць сваю душу́.
6. Абры́не Ён на грэшнікаў пу́ты; агонь, і сера, і бурны вецер — наканаванне іх;
7. бо праведны Гасподзь і праўду ўзлюбіў; правату́ бачаць вочы Яго.