Псалтыр
Псалмы
Псалом 1
Псалом Давіда, не надпісаны ў Яўрэяў
1. Блажэнны чалавек, які не пайшоў на сход бязбожных, і на шлях грэшных не ступіў, і разам з нягоднікамі не сядзеў;
2. а ў законе Госпада — воля яго, і закону Яго ён будзе навуча́цца дзень і ноч.
3. І будзе ён, як дрэва, паса́джанае пры вытоках вод, якое плод свой дасць у свой час, і лісце яго не ападзе́; і ўсё, што ён робіць, будзе паспяховым.
4. Не так з бязбожнымі, не так; яны — як пыл, што ветрам змята́ецца з аблічча зямлі.
5. Таму не ўстануць бязбожныя на суд, а грэшнікі — на сход праведных;
6. бо ведае Гасподзь шлях праведных, а шлях бязбожных загіне.