Малітоўнік
Малітвы штодзённыя
Малітвы ранішнія, працяг
Калі можаш, чытай замест кароткіх малітваў за жывых і спачылых наступны памяннік:
За жывых
Памянí, Го́спадзі Іісу́се Хрысце́, Бо́жа наш, мíласці і шчо́драсці Твае́ адве́чныя, з́за якíх Ты і стаў чалаве́кам, і распя́цце і смерць дзе́ля спасе́ння тых, хто пра́вільна ве́руе ў Цябе́, перацярпе́ць пажада́ў; і, уваскрэ́снуўшы з мёртвых, Ты ўзнёсся на нябёсы і сядзíш правару́ч ад Бо́га Айца́, і прыхíльна прыма́еш пако́рлівыя малíтвы тых, хто ўсім сэ́рцам клíча Цябе́; прыхілí ву́ха Тваё і пачу́й пако́рлівую малíтву маю́, недасто́йнага раба́ Твайго́, які прыно́сіць яе́ Табе́, як пах во́дару духо́ўнага, за ўсіх людзе́й Тваíх. І найпе́рш памянí Царкву́ Тваю́ Святу́ю, Сабо́рную і Апо́стальскую, якую здабы́ў Ты пачэ́снаю Сваёю Крывёю; і сцве́рдзі яе́, і ўмацу́й, і пашы́р, памно́ж, заміры́, і захава́й наве́к неперамо́жнаю варо́тамі пяке́льнымі; нязго́ду памíж Цэ́рквамі ўціхамíр, гане́нні ад язы́чнікаў загасí, і ўзнікне́нню е́расяў ху́тка перашко́дзь і вы́карані іх, і ў нішто́ сíлаю Свято́га Твайго́ Ду́ха ператвары́. (Паклон)
Спасí, Го́спадзі, і памíлуй Бо́гам сцеражо́ную краíну на́шу, ула́ды і во́інства яе́, каб нам ве́сці цíхае і спако́йнае жыццё з усёй набо́жнасцю і го́днасцю. (Паклон)
Спасí, Го́спадзі, і памíлуй Вялíкага Спадара́ і Айца́ на́шага Свяце́йшага Патрыя́рха Кіры́ла і Экза́рха яго́ Спадара́ на́шага Высокапраасвяшчэ́ннейшага мітрапалíта Па́ўла, праасвяшчэ́нных мітрапалíтаў, архіепíскапаў і епíскапаў правасла́ўных, а такса́ма іерэ́яў і дыя́канаў і ўвесь прычт царко́ўны, які Ты паста́віў па́свіць духо́ўнае Тваё ста́да, і малíтвамі іх памíлуй і спасí мяне́, грэ́шнага. (Паклон)
Спасí, Го́спадзі, і памíлуй айца́ майго́ духо́ўнага (імя яго), і святы́мі яго́ малíтвамі праба́ч мае́ саграшэ́нні. (Паклон)
Спасí, Го́спадзі, і памíлуй бацько́ў маíх (імёны іх), брато́ў і сясцёр, і сваяко́ў маíх па пло́ці, і ўсіх блíжніх ро́ду майго́, і сябро́ў, і дай ім Твае́ зямны́я і нябе́сныя дабро́ты. (Паклон)
Спасí, Го́спадзі, і памíлуй стары́х і малады́х, убо́гіх і сіро́т, і ўдоў, хво́рых і засму́чаных, тых, што ў бядзе́ і ў няшча́сці, пад уцíскам і ў няво́лі, а такса́ма ў цямнíцах і ссы́лках, асаблíва ж рабо́ў Тваíх, якíя за Цябе́ і ве́ру правасла́ўную прасле́дуюцца бязбо́жнымі язы́чнікамі і ератыка́мі, — памянí іх, наве́дай, умацу́й, уце́ш і ско́ра сілаю Тваёю палёгку, вызвале́нне і выратава́нне ім пада́й. (Паклон)
Спасí, Го́спадзі, і памíлуй пасла́ных на слу́жбу, падаро́жных айцо́ў і брато́ў нашых, і ўсіх правасла́ўных хрысція́н. (Паклон)
Спасí, Го́спадзі, і памíлуй тых, каго́ я па неразу́мнасці сваёй спакусíў і са шля́ху спасíцельнага звёў, да ўчы́нкаў злых і гане́бных прывёў; Бажэ́ственным Тваíм Про́мыслам на шлях спасе́ння зноў іх вярнí. (Паклон)
Спасí, Го́спадзі, і памíлуй тых, што ненавíдзяць і кры́ўдзяць мяне́, і напада́юць на мяне́, і не дай ім згíнуць з́за мяне́, грэ́шнага. (Паклон)
Тых, што ад правасла́ўнай ве́ры адступíлі і пагíбельнымі е́расямі асле́пленыя, прасвятлí святло́м пазна́ння Цябе́ і да Свято́й Тваёй Апо́стальскай Сабо́рнай Царквы́ далучы́. (Паклон)
За спачылых
Памянí, Го́спадзі, тых, што з жыцця́ гэ́тага адышлí, свяце́йшых патрыя́рхаў, праасвяшчэ́нных мітрапалíтаў, архіепíскапаў і епíскапаў правасла́ўных, а такса́ма тых, што паслужы́лі Табе́ ў іерэ́йскім са́не і ў царко́ўным пры́чце, і ў мана́шаскім чы́не, і ў ве́чных Тваíх сялíбах са святы́мі іх упако́й. (Паклон)
Памянí, Го́спадзі, ду́шы спачы́лых рабо́ў Тваíх: бацько́ў маíх (імёны іх) і ўсíх сваяко́ў па пло́ці; і праба́ч ім усе́ саграшэ́нні, во́льныя і міжво́льныя, пада́й ім Ца́рства і далучэ́нне да ве́чных Тваíх дабро́т, і Твайго́ бяско́нцага блажэ́ннага жыцця́ асало́ду. (Паклон)
Памянí, Го́спадзі, і ўсіх спачы́лых з надзе́яй на ўваскрасе́нне і жыццё ве́чнае айцо́ў і брато́ў на́шых, і сясцёр, і тых, што тут ляжа́ць і ўсю́ды, правасла́ўных хрысція́н, і са святы́мі Тваíмі, дзе ззя́е святло́ аблíчча Твайго́, усялí іх, і нас памíлуй, як До́бры і Чалавекалю́бны. Амíнь. (Паклон)
Пада́й, Го́спадзі, адпушчэ́нне грахо́ў усíм, якíя ране́й адышлí з ве́рай і надзе́яй на ўваскрасе́нне, айца́м, брата́м і сёстрам на́шым, і ствары́ ім ве́чную па́мяць. (Тройчы)
Малітва апошніх Опцінскіх старцаў
Го́спадзі, дай мне з душэ́ўным спако́ем сустрэ́ць усё, што прынясе́ мне сённяшні дзень. Дай мне ца́лкам адда́цца во́лі Тваёй свято́й. У ко́жную пару́ гэ́тага дня ва ўсім накіру́й і падтрыма́й мяне́. Якія б я не атрыма́ў зве́сткі на праця́гу дня, навучы́ мяне́ прыня́ць іх са спако́йнай душо́ю і цвёрдай упэ́ўненасцю, што на ўсё свята́я во́ля Твая́.
Ва ўсіх сло́вах і спра́вах маіх кіру́й маімі ду́мкамі і пачу́ццямі. Ва ўсіх непрадба́чаных вы́падках не дай мне забы́ць, што ўсё пасла́на Табо́ю.
Навучы́ мяне́ шчы́ра і разу́мна абыхо́дзіцца з ко́жным чле́нам сям’і маёй, ніко́га не бянтэ́жачы і не засмуча́ючы.
Го́спадзі, дай мне сілу перане́сці сто́му сённяшняга дня і ўсе падзе́і на праця́гу дня. Кіру́й маёю во́ляю і навучы́ мяне малíцца, ве́рыць, спадзява́цца, цярпе́ць, прабача́ць і любíць. Амíнь.
Малітва іерасхіманаха Парфенія Кіеўскага
Го́спадзі Іісу́се Хрысце́, Сы́не Бо́жы, не дапусцí, каб мітуслíвасць, самалю́бства, пачуццёвасць, нядба́йнасць, гнеў панава́лі нада мно́ю і выкрада́лі мяне́ ў любо́ві Тваёй… О, Го́спадзі, Ствары́целю мой, усё спадзява́нне маё! Не пакінь мяне без удзе́лу ў блажэ́ннай ве́чнасці; зрабі так, каб і я пасле́даваў свято́му пры́кладу Твайму, быў пако́рны ўла́дам, нада мно́ю паста́ўленым; дай мне тую чысціню́ ду́ху, тую прастату́ сэ́рца, якія ро́бяць нас дасто́йнымі любо́ві Тваёй.
Да Цябе, о Бо́жа мой, узно́шу душу́ і сэ́рца маё: не дай загíнуць стварэ́нню Твайму, а пазба́ў мяне ад адзíнага і найвялíкшага зла — граху́. Зрабі, Го́спадзі, так, каб я перано́сіў з тако́й са́май цярплíвасцю хвалява́нні і скру́хі душэ́ўныя, з яко́ю ра́дасцю прыма́ю ўце́хі сардэ́чныя. Калі Ты хо́чаш, Го́спадзі, — мо́жаш ачы́сціць і асвяцíць мяне́. Вось, аддаю́ сябе Тваёй до́брасці з про́сьбаю вы́нішчыць ува мне ўсё супрацíўнае Табе́ і далучы́ць да лíку выбра́ннікаў Тваіх.
Го́спадзі, адымí ад мяне́ бяздзе́йнасць ду́ху, якая марну́е час; мітуслíвасць ду́мак, якая перашкаджа́е Тваёй прысу́тнасці і рассе́йвае маю́ ўва́гу ў час малíтвы; і калі на малíтве я ўхіля́юся ад Цябе́ сваімі ду́мкамі, то памажы́ мне, каб гэ́тая рассе́янасць не была́ наўмы́снай, і, ухіля́ючы ро́зум, каб не адвярну́ў я сэ́рца сваё ад Цябе.
Вызнаю́ пе́рад Табо́ю, Го́спадам Бо́гам маім, усе грахí майго́ беззако́ння, цяпе́р і ране́й учы́неныя пе́рад Табо́ю: адпусцí мне іх дзе́ля імя́ Твайго́ свято́га, і спасí душу́ маю́, яку́ю Ты адкупíў кашто́ўнаю Крывёю Тваёю. Аддаю́ сябе́ міласэ́рнасці Тваёй, аддаю́ся во́лі Тваёй, рабí са мно́ю паво́дле до́брасці Тваёй, а не паво́дле зласлíвасці і беззако́ння майго́. Навучы́ мяне́, Го́спадзі, размярко́ўваць свае́ спра́вы так, каб яны садзе́йнічалі праслаўле́нню Твайго́ свято́га імя́.
Змíлуйся, Го́спадзі, над усімі хрысція́намі; пачу́й жада́нне ўсіх, хто клíча Цябе, пазба́ў ад уся́кага зла, спасí рабо́ў Тваіх (імёны), пашлí ім ра́дасць, уце́ху ў журбе́ і мíласць Тваю святу́ю. Го́спадзі! Малю́ Цябе асаблíва за тых, хто мяне́ чым-небудзь пакры́ўдзіў і засмуцíў або́ якое-не́будзь зло ўчынíў мне: не кара́й іх за мяне́, грэ́шнага, а вылí на іх до́брасць Тваю…
Го́спадзі, малю́ Цябе за ўсіх, каго́ я, грэ́шны, засмуцíў, пакры́ўдзіў або́ спакусíў сло́вам, учы́нкам, ду́мкаю, наўмы́сна ці незнаро́к. Го́спадзі Бо́жа! Дару́й нам на́шы ўзае́мныя кры́ўды; вы́гані, Го́спадзі, з сэ́рцаў на́шых усяля́кае абурэ́нне, падазрэ́нне, гнеў, злапа́мятнасць, сва́ркі і ўсё то́е, што мо́жа перашкаджа́ць любо́ві і змянша́ць браталю́бства.
Памíлуй, Го́спадзі, тых, якія даручы́лі мне, грэ́шнаму, недасто́йнаму, малíцца за іх! Памíлуй, Го́спадзі, ко́жнага, хто про́сіць Тваёй дапамо́гі. Го́спадзі! Зрабí гэ́ты дзень днём міласэ́рнасці Тваёй, пада́й ко́жнаму паво́дле про́сьбы яго́; будзь па́стырам тых, што заблудзíлі, правадыро́м і святло́м для недасве́дчаных, наста́ўнікам для неразу́мных, ба́цькам для асіраце́лых, памо́чнікам для прыгне́чаных, ле́карам для хво́рых, суцяша́льнікам для тых, што пры смерці, і прывядзí нас усіх да жада́нага канца́ — да Цябе, прыста́нішча на́шага і блажэ́ннага ўпакае́ння. Амíнь.