Малітоўнік
Акафісты
Акафіст святым мучанікам Віленскім Антонію, Іаану і Яўстафію
Кандак 1
Абра́ныя Бо́гам дзе́ля све́дчання правасла́ўнае ве́ры му́жна перамаглí вы, святы́я му́чанікі, язы́чніцкую грахо́ўнасць, і за ва́шы паку́ты неўвяда́льнымі вянца́мі ад Хрыста́ Бо́га ўвянча́ліся, та́му мы, праслаўля́ючы ва́шу па́мяць, замілава́на звярта́емся да вас: Ра́дуйцеся, святы́я му́чанікі Анто́ніе, Іаа́не і Яўста́фіе.
Ікас 1
Ангеламі зямны́мі і чалаве́камі нябе́снымі ста́лі вы, святы́я му́чанікі, калí, азары́ўшыся святло́м íсціннага Богапазна́ння, ра́дасна пайшлí на паку́тніцкі по́дзвіг. Прымíце ж ад нас гэтыя хвале́бныя спе́вы:
Ра́дуйцеся, богаблажэ́нныя вызна́ўцы правасла́ўнае ве́ры, спаконве́ку насаджо́най у зямлí Белару́ска-Літо́ўскай!
Ра́дуйцеся, нямо́ўчныя вяшча́льнікі íсціннай набо́жнасці.
Ра́дуйцеся, вялíкія падзвíжнікі, якія за нішто́ палічы́лі сла́ву све́ту гэ́тага, каб Хрыста́ Бо́га здабы́ць.
Ра́дуйцеся, бо вы ўзлюбíлі Хрыста́ Бо́га ўсім ва́шым сэ́рцам і ўсёю душо́ю.
Ра́дуйцеся, бо крывёю сваёю вы засве́дчылі любо́ў ва́шу да Го́спада Іісу́са.
Ра́дуйцеся, святы́я му́чанікі Анто́ніе, Іаа́не і Яўста́фіе.
Кандак 2
Ба́чачы, як нятле́нныя мо́шчы ва́шы даю́ць усім, хто з ве́раю прыхо́дзіць, ацале́нне ад хваро́б душэ́ўных і цяле́сных, мы дзя́куем міласэ́рнаму Богу, што прасла́віў вас, святы́я му́чанікі, такою благада́ццю, і ўскліка́ем Хрысту́ Спасíцелю: Алілу́ія.
Ікас 2
Духо́ўныя во́чы свае́ скірава́ўшы на пазна́нне íсціннай ве́ры, вы, святы́я браты́ Анто́ніе і Іаа́не, му́жна і разва́жліва адкíнулі язы́чніцкую аблу́ду і за вызна́нне адзíнага íсціннага Бо́га ра́дасна прынялí кайданы́, турэ́мнае зняво́ленне, ра́ны і лю́тую сме́рць. Да гэ́тага по́дзвігу ва́шага далучы́ўся і малады́ Яўста́фій, ён бязбо́язна вы́знаў сябе́ хрысція́нінам і спадобіўся гэ́такіх жа лю́тых за Хрыста́ катава́нняў і сме́рці. За таку́ю ва́шу, дзе́ля Хрыста́, святу́ю адва́гу, мы цяпе́р звярта́емся да вас:
Ра́дуйцеся, блажэ́нная тро́іца сла́ўных паку́тнікаў, бо вы прасла́вілі íсціннага Бо́га, у Свято́й Тро́іцы пакланя́емага, Айца́, Сы́на і Свято́га Духа.
Ра́дуйцеся, до́блесныя во́іны Хрысто́вы, якія захава́лі ве́рнасць Уладару́ да сме́рці.
Ра́дуйцеся, бо вы не пабая́ліся зве́даць за Хрыста́ анія́кія му́кі.
Ра́дуйцеся, бо ні ўцíск, ні кайданы́, ні паку́ты, ні сама́ смерць не змаглí адлучы́ць вас ад любо́ві Хрысто́вай.
Ра́дуйцеся, вы́гнаныя, знясла́ўленыя і забíтыя дзе́ля праўды, бо ўзнагаро́да ва́ша вялíкая на нябёсах.
Ра́дуйцеся, святы́я му́чанікі Анто́ніе, Іаа́не і Яўста́фіе.
Кандак 3
Сíлаю Ўсявы́шняга ўмацава́ныя, вы не зважа́лі, святы́я му́чанікі, на ця́жкія паку́ты ва́шых це́лаў, адда́дзеных на мучэ́нні; і на паку́ты, нíбы на вясе́лле, ра́дасна пайшлí вы, а мы з удзя́чнасцю ўскліка́ем Хрысту́ Бо́гу, Які ўмацава́ў вас: Алілу́ія.
Ікас 3
Ма́ючы мо́цную надзе́ю на Нябе́снага Цара́ і Бо́га і па́мятаючы апо́стальскае сло́ва, што нале́жыць слу́хацца Бо́га бо́льш, чым людзе́й, вы, святы́я му́чанікі, не паслу́халіся зага́даў ва́шага мучы́целя, каб вярну́цца да ране́йшай язы́чніцкай грахо́ўнасці.
Ра́дуйцеся, бо вы́зналі вы Хрыста прад людзьмí і вы́знаны Ім прад Айцом Нябе́сным.
Ра́дуйцеся, ве́рныя слу́гі Хрысто́вы, якія за ве́рнасць сваю́ ўнасле́давалі Ца́рства Нябе́снае.
Ра́дуйцеся, бо вы жывяце́ ра́зам з а́нгеламі і параднíліся з усíмі святы́мі.
Ра́дуйцеся, ўве́дзеныя ў невячэ́рні дзень Ца́рства Бо́жага.
Ра́дуйцеся, гле́дзячы з нябёс на зямны́х брато́ў ва́шых і мо́лячыся за ўсіх, хто клíча вас на дапамо́гу.
Ра́дуйцеся, святы́я му́чанікі Анто́ніе, Іаа́не і Яўста́фіе.
Кандак 4
Бура раз‘ю́шанасці ва́шых мучы́целяў не пахісну́ла мо́цнай ва́шай ве́ры, надзе́і і любо́ві да Спасíцеля Бога, і вы, святы́я му́чанікі, стара́нна апярэ́джваеце адзíн аднаго́ ў ця́жкіх паку́тах, спява́ючы Бо́гу ў сэ́рцах ва́шых: Алілу́ія.
Ікас 4
Разышла́ся па ўсёй правасла́ўнай зямлí ра́дасная ве́стка, што вы, святы́я му́чанікі, по́дзвіг до́бры здзе́йснілі, жыццёвы свой шлях до́бра прайшлí і ве́ру да канца́ збераглí. Таму́ мы з усёю Правасла́ўнаю Царкво́ю ўслаўля́ем вас:
Ра́дуйцеся, бо вы́каналі вы сло́ва Хрысто́ва: хто вы́церпіць да канца, той спасёны будзе.
Ра́дуйцеся, бо ва́шай цярплíвасцю вы здзівíлі мучы́целяў ва́шых.
Ра́дуйцеся, бо пры́кладам ва́шага жыцця́ і сме́рці вы мно́гіх прывялí да Го́спада.
Ра́дуйцеся, бо і цяпе́р цу́дамі, што зыхо́дзяць ад святых ва́шых мо́шчаў, вы ўмацо́ўваеце правасла́ўную ве́ру ў лю́дзях.
Ра́дуйцеся, бо за цярпе́нне ва́ша прыгатава́ны вам вяне́ц праўды ў нябёсах.
Ра́дуйцеся, святы́я му́чанікі Анто́ніе, Іаа́не і Яўста́фіе.
Кандак 5
Богам скірава́нымі зо́ркамі правасла́ўнай ве́ры былí вы, святы́я му́чанікі, для ва́шых зямны́х суайчы́ннікаў, пака́зваючы ім у Правасла́ўнай Царкве́ адзíны надзе́йны шлях да спасе́ння, каб усе адзíным сэ́рцам і адзíнымі ву́снамі ўскліка́лі да Спасíцеля Бо́га: Алілу́ія.
Ікас 5
Ба́чны быў цудо́ўны знак Бо́жае до́брасці, калí свято́е ме́сца ва́шых паку́т азары́ў з вышынí во́блачны слуп, пака́зваючы вам шлях у нябёсы, як у старажы́тнасці ізраільця́нам з Егíпта ў зямлю́ абетава́ную. Таму́ мы спява́ем да вас:
Ра́дуйцеся, дзе́ці но́вага Ізра́іля, якíя дасягну́лі го́рняга нябе́снага Іерусалíма.
Ра́дуйцеся, бо вы до́бра прайшлí шматця́жкае вандро́ўніцтва ва́ша ў пустэ́льні гэ́тага жыцця́, і пасялíліся ў краíне абетава́най ве́чнай.
Ра́дуйцеся, бо не Маісе́й, але Сам Хрысто́с Бог быў для вас правадыро́м да нябе́снай ба́цькаўшчыны.
Ра́дуйцеся, бо перамаглí вы ўсіх ва́шых працíўнікаў і во́рагаў на шляху́ да Ца́рства Нябе́снага.
Ра́дуйцеся, блажэ́нныя жыхары́ не́ба, бо вы ма́еце ве́чныя дабро́ты, якіх во́ка не ба́чыла і ву́ха не чу́ла, якія і на ро́зум чалаве́ку не прыхо́дзілі.
Ра́дуйцеся, святы́я му́чанікі Анто́ніе, Іаа́не і Яўста́фіе.
Кандак 6
Прапаве́дуюць святы́я мошчы ва́шы ле́пей за ўся́кае красамоўства несумне́нную надзе́ю на ўсеагу́льнае ўваскрасе́нне, калі Бог, не даючы́ і цяпе́р уго́днікам Сваім уба́чыць тле́нне, паклíча ў жыццё но́вае ўвесь род чалаве́чы, і ўсе, хто спадо́біцца стаць правару́ч прасто́ла Гаспо́дняга, заспява́юць Яму́: Алілу́ія.
Ікас 6
Заззя́ла новае святло для ўсяе́ Ру́скае зямлі, калі міласэ́рны Бог паказа́ў ве́ліч Сваіх цу́даў над ва́шымі нятле́ннымі мо́шчамі, якія з-за стра́ху пе́рад іншаве́рцамі другі раз схава́ны былí ў не́трах зямлí, пад спу́дам хра́ма, і адту́ль пасыла́лі шчодрыя ацале́нні ўсім, хто з гара́чаю малíтваю звярта́ўся да ва́шай шанава́най іко́ны. Прымíце ж ад нас, святы́я му́чанікі, гэ́тае стара́ннае славасло́ўе:
Ра́дуйцеся, яснапраме́нныя свяцíлы Хрысто́вай Царквы́, якіх не́льга было́ схава́ць пад спу́дам.
Ра́дуйцеся, ху́ткія ле́кары душ і це́лаў на́шых.
Ра́дуйцеся, абаро́нцы на́шы ад шко́дных іншаве́рных мудрава́нняў.
Ра́дуйцеся, све́тлыя правадыры́ на́шы да íсціннага богапазна́ння і богашанава́ння.
Ра́дуйцеся, шчы́рыя малíтвеннікі на́шы прад Го́спадам.
Ра́дуйцеся, святы́я му́чанікі Анто́ніе, Іаа́не і Яўста́фіе.
Кандак 7
Жада́ючы прасла́віць Го́спада Бо́га, дзíўнага ў святы́х Сваіх, мы не знахо́дзім патрэ́бных слоў, каб го́дна ўсхвалíць Яго, але вас, святы́я му́чанікі, клíчам на дапамо́гу, малíцеся за нас стара́нна, каб нам неасу́джана адва́жыцца спява́ць Госпаду: Алілу́ія.
Ікас 7
Навая́ўленымі му́чанікамі назва́ла вас Правасла́ўная Царква́, як ма́ці, што це́шыцца дзе́цьмі сваімі; і як пе́ршыя му́чанікі па ўсім све́це сваімі паку́тамі ўмацава́лі Бо́жую ве́ру, падо́бна да іх і вы, навая́ўленыя му́чанікі, гэтак жа ўмацава́лі святую веру на ме́сцы зямно́й ба́цькаўшчыны ва́шай, бо нія́кія по́дступы іншаве́рцаў не мо́гуць пахісну́ць яе, і мы з удзя́чнасцю звярта́емся да вас:
Ра́дуйцеся, мо́цныя стаўпы́ Правасла́ўя, якíмі ўпрыго́жваецца і ўмацо́ўваецца свята́я Царква́.
Ра́дуйцеся, уме́лыя стырнавы́я, што добранадзе́йна ведзяце́ нас між часовых хвалява́нняў да прыста́нішча ве́чнага жыцця́.
Ра́дуйцеся, памага́тыя на́шага апраўда́ння.
Ра́дуйцеся, бо малітвамі ва́шымі мы збаўля́емся ад усяля́кае хíтрае спаку́сы, што імкне́цца злавíць на́шы ду́шы.
Ра́дуйцеся, дабрадзе́і на́шы, бо паказваеце нам шлях да спасе́ння.
Ра́дуйцеся, святы́я му́чанікі Анто́ніе, Іаа́не і Яўста́фіе.
Кандак 8
Дзіво́сны і чалаве́чаму розуму недасту́пны, адна́к я́сна ба́чны на́мі цуд усемагу́тнасці Божай праяўля́ецца ў нятле́нні ва́шых святы́х мо́шчаў, якíя звыш паўты́сячы гадоў застаю́цца непашко́джанымі ад разбура́льных стыхíй і ад усёпаглына́льнага ча́су, заахво́чваючы нас з замілава́ннем спява́ць Го́спаду: Алілу́ія.
Ікас 8
Усе ра́дасці ве́ку гэ́тага, уве́сь го́нар ва́шай паса́ды і ўсю моц ва́шых сіл вы аддалí, святы́я му́чанікі, у ахвя́ру Спасіцелю Богу і спадо́біліся ад Яго ўзнагаро́ды на не́бе, дзе ні чарвя́к, ні тля не знішча́е, ні зладзе́і не падко́пваюць і не мо́гуць укра́сці дарава́най вам спа́дчыны.
Ра́дуйцеся ж, му́дрыя шука́льнікі Ца́рства Божага, падобныя да ева́нгельскага му́жа, які, знайшо́ўшы на по́лі скарб схава́ны, усё прадае́, што ма́е, і купля́е то́е по́ле кашто́ўнае.
Ра́дуйцеся, вы знайшлí адзін шматкашто́ўны бíсер, які ёсць Ца́рства Бо́жае, і за яго аддалí ўсе дабро́ты све́ту гэ́тага.
Ра́дуйцеся, лепш за му́дрых ве́ку гэ́тага зразуме́лі вы кошт быцця́ зямнога.
Ра́дуйцеся, святы́я прапаве́днікі, абвяшча́ючы з ва́шае труны́, што нічога не ва́рты хвалява́нні цяпе́рашняга часу
пе́рад сла́вай бу́дучага Ца́рства, што ма́е явíцца.
Ра́дуйцеся, грамадзя́не нябе́сныя і сунасле́днікі разам з усíмі святы́мі.
Ра́дуйцеся, святы́я му́чанікі Анто́ніе, Іаа́не і Яўста́фіе.
Кандак 9
Усяля́кія няшча́сці, хваробы і спаку́сы на́шы вы суніма́еце, святы́я му́чанікі, і цёмныя во́бразы падсту́пных дэ́манаў далёка ад нас адганя́еце, каб мы з такою ва́шаю дапамо́гаю і благада́ццю Божаю ўратава́ныя, удзя́чным і ра́дасным го́ласам спява́лі Богу: Алілу́ія.
Ікас 9
Красамо́ўства чалаве́чае няме́е, намага́ючыся прасла́віць вас, святы́я му́чанікі, за ва́шы паку́ты, якія вы перане́слі дзеля Хрыста, і за вашу му́чаніцкую смерць. Адна́к мы, ва́шаю любо́ўю перамо́жаныя, нако́лькі мо́жам, услаўля́ем вас:
Ра́дуйцеся, усце́шыўшы ўвесь ангельскі лік ва́шым цярпе́ннем за Хрыста і паку́тамі.
Ра́дуйцеся, дружалю́бна прыня́тыя на нябёсах усім сонмам пра́веднікаў і ўгоднікаў Божых.
Ра́дуйцеся, бо ста́ўшы перад прасто́лам Го́спада, вы спадо́біліся пакланíцца Яму́ і атрыма́ць ад Яго ве́чную ўзнагаро́ду.
Ра́дуйцеся, жыхары́ све́тласцяў святых, дзе няма ні хваробы, ні тугі, ні сто́гну.
Ра́дуйцеся, суцяша́льнікі ўсіх гна́ных і прыгне́чаных за Хрыстову веру.
Ра́дуйцеся, святы́я му́чанікі Анто́ніе, Іаа́не і Яўста́фіе.
Кандак 10
Спасе́ння і ве́чнага супако́ю дасягну́ўшы пасля́ шматпаку́тнага зямно́га жыцця́, вы і нас, святы́я му́чанікі, навуча́еце, што адна́ ёсць даро́га да спасе́ння ў гэ́тым све́це ліхíм і падсту́пным, каб усё цярплíва перано́сіць дзе́ля Хрыста́, спява́ючы Яму́ стара́нна: Алілу́ія.
Ікас 10
Сце́ны свято́га хра́ма, дзе нятле́нна спачыва́юць ва́шы гаючано́сныя це́лы, асвятля́юцца нíбы нябе́сны пала́ц, і ўсе, хто жада́е спасе́ння, прыхо́дзяць да вас, святы́я му́чанікі, з про́сьбамі, з удзя́чнасцю і са славасло́ўем:
Ра́дуйцеся, памочнікі на́шы ў го́расцях, хваробах і сму́тку.
Ра́дуйцеся, хада́йнікі на́шы перад прасто́лам Нябе́снага Суддзі жывы́х і мёртвых.
Ра́дуйцеся, бо ніво́дзін, хто шука́ў у вас дапамо́гі, не адыхо́дзіць ад вас ні з чым.
Ра́дуйцеся, шчо́дрыя пада́целі нам Божае мíласці.
Ра́дуйцеся, узра́даваныя ў нябёсах, вы і нас на зямлí ўмацо́ўваеце ў ра́даснай надзе́і ве́чнага спасе́ння.
Ра́дуйцеся, святы́я му́чанікі Анто́ніе, Іаа́не і Яўста́фіе.
Кандак 11
Да спе́ваў а́нгельскага хо́ру на не́бе далучы́ўшы свае́ прападо́бныя галасы́, вы, святы́я му́чанікі, ра́зам з нябе́снымі чына́мі несупы́нна сла́віце Го́спада Бо́га, і мы, недасто́йныя, спадзеючы́ся на міласэ́рнасць Бо́жую, адва́жваемся на зямлí тле́ннымі ву́снамі і ўдзя́чным сэ́рцам спява́ць Яму: Алілу́ія.
Ікас 11
Све́тлага дня ўсеагу́льнага ўваскрасе́ння і Стра́шнага суда Божага чака́ючы, мы жаха́емся ліхíх на́шых учы́нкаў і бязме́рных грахоў, якíмі ўвесь час гнявíм Тварца і Спасіцеля на́шага; але, ма́ючы вас, святы́я му́чанікі, засту́пнікамі за нас перад Го́спадам, з удзя́чнасцю мо́лімся да вас:
Ра́дуйцеся, бо мы па Бо́гу і па Прачы́стай Вечнадзе́ве Багародзіцы усю на́шу надзе́ю на вас усклада́ем.
Ра́дуйцеся, бо вы не пасаро́міце нас у спадзява́нні на́шым.
Ра́дуйцеся, бо малíтвамі ва́шымі мы спадзяёмся атрыма́ць дарава́нне грахоў і жыццё ве́чнае.
Ра́дуйцеся, благаславёныя Айцом Нябесным, вы атрыма́лі Ца́рства, падрыхтава́нае вам ад стварэ́ння све́ту.
Ра́дуйцеся, бо і мы ва́шым засту́пніцтвам спадзяёмся пазбе́гнуць долі тых, хто ста́не левару́ч прасто́ла Суддзí.
Ра́дуйцеся, святы́я му́чанікі Анто́ніе, Іаа́не і Яўста́фіе.
Кандак 12
Благада́ць цудоўных ацале́нняў і ху́ткага хада́йніцтва за нас пе́рад Госпадам ма́ючы, не перастава́йце, святы́я му́чанікі, заўсёды дапамага́ць нам, а мы дзя́куем за вас Хрысту́ Богу і ўскліка́ем Яму: Алілу́ія.
Ікас 12
Апява́ючы ва́ша све́тлае праслаўле́нне на не́бе і на зямлí, дзя́куем усямíласціваму Спасіцелю і Богу на́шаму, Які, трыма́ючы ў Сваёй руцэ часíны і ле́ты, меў ла́ску прасла́віць і адкры́ць нам вас, святы́я му́чанікі, у спрыя́льны для на́шага спасе́ння час, каб мы не загра́злі ў ба́гне пагíбельных пажа́днасцей і неразу́мных імкне́нняў, і таму́ мы ўзно́сім да вас на́ша шчы́рае добрахвале́нне:
Ра́дуйцеся, неадсту́пныя вартавы́я на́шага спасе́ння, вы засцерага́еце нас ад усяля́кага непрыя́знага нагаво́ру.
Ра́дуйцеся, ахо́ўнікі на́шы, вы адганя́еце ад нас уся́кую шкодную спаку́су.
Ра́дуйцеся, во́пытныя наста́ўнікі на́шы ў непахíсным і цвёрдым вызна́нні правасла́ўнай ве́ры.
Ра́дуйцеся, магутнагало́сыя арга́ны благада́ці Бо́жае, якая напаўня́е Праваслаўную Царкву́.
Ра́дуйцеся, вялíкія суайчы́ннікі на́шы, вы ўсім нам жада́еце і дапамага́еце спасцíся.
Ра́дуйцеся, святы́я му́чанікі Анто́ніе, Іаа́не і Яўста́фіе.
Кандак 13
О, славу́тыя і святы́я му́чанікі: Антоніе, Іаане і Яўстафіе, прымíце гэ́тае мало́е, але шчы́рае на́ша мале́нне, і ва́шым хада́йніцтвам пе́рад Хрысто́м Бо́гам пазба́ўце нас ад усіх хваро́б душы́ і це́ла, і ад уся́кага по́дступу варо́жага, і ад усяля́кае бяды́ і напа́сці, каб мы заўсёды, дзя́куючы за вас Госпаду Богу, ра́дасна спява́лі Яму́: Алілу́ія.
(Гэты кандак прамаўляем тройчы, затым Ікас 1, затым Кандак 1.)
Малітва
Святы́я му́чанікі Анто́ніе, Іаа́не і Яўста́фіе! Спагля́ньце з нябе́снага хо́раму на тых, хто ма́е патрэ́бу ў ва́шай дапамо́зе і не адхілíце про́сьбаў на́шых, але як сапра́ўдныя дабрадзе́і і хада́йнікі на́шы, малíце Хрыста́ Бога, каб Ён, Чалавекалю́бны і Мнагамíласцівы, захава́ў нас ад усяля́кага ліхо́га здарэ́ння: ад землетрасе́ння, патопу, агню́, мяча́, нашэ́сця іншазе́мцаў і міжусо́бнае вайны́. Няхай не асу́дзіць Ён нас, грэшных, за беззако́нні на́шы, і каб не ў лíха мы абярну́лі дабро, яко́е дае́цца нам Усяшчо́дрым Бо́гам, але на сла́ву свято́га імя́ Яго і ва ўслаўле́нне магу́тнага ва́шага засту́пніцтва. Няхай малітвамі ва́шымі дасць нам Гасподзь лаго́ду ду́мак, устрыма́нне ад згу́бных пажа́днасцей і ад усяля́кага бру́ду, і няха́й умацуе ва ўсім све́це Сваю адзіную Святую, Саборную і Апостальскую Царкву́, яку́ю набы́ў Ён кашто́ўнаю Сваёю Крывёю. Малíцеся стара́нна, святы́я му́чанікі, каб умацава́ў Хрыстос Бог у святой Сваёй Праваслаўнай Царкве жывы́ дух íсціннай веры і набо́жнасці, каб усе лю́дзі яе, чы́стыя ад ма́рнага мудраге́льства і забабо́наў, у ду́ху і íсціне пакланя́ліся Яму і стара́нна дба́лі аб выкана́нні Яго за́паведзяў, каб мы ўсе мíрна і набо́жна пражылí гэты век і дасягну́лі блажэ́ннага ве́чнага жыцця́ на не́бе па благада́ці Го́спада на́шага Іісу́са Хрыста́, Яко́му нале́жыць уся́ сла́ва, паклане́нне і ўла́да з Айцо́м і Святы́м Ду́хам, цяпе́р, і заўсёды, і на ве́кі вяко́ў. Амíнь.