Евангеллі
Святое Дабравесце паводле Матфея
Раздзел 15
1. Тады прыходзяць да Іісуса іерусалімскія кніжнікі і фарысеі і кажуць:
2. чаму вучні Твае паруша́юць пада́нне ста́рцаў? бо не мыюць яны рук сваіх, калі ядуць хлеб.
3. А Ён сказаў ім у адказ: чаму і вы паруша́еце за́паведзь Божую дзе́ля пада́ння вашага?
4. Бо запаве́даў Бог, сказаўшы: «шануй бацьку і маці»; і: «хто зласло́віць на бацьку альбо маці, смерцю няхай памрэ».
5. А вы ка́жаце: калі хто скажа бацьку альбо маці: «дар Богу — тое, што ты ад мяне скарыста́ў бы»,
6. той можа і не ўшанаваць бацьку свайго альбо маці сваю; такім чы́нам вы скасава́лі за́паведзь Божую дзе́ля пада́ння вашага.
7. Крываду́шнікі! добра прарочыў пра вас Іса́ія, ка́жучы:
8. «набліжа́юцца да Мяне людзі гэтыя ву́снамі сваімі і ўшано́ўваюць Мяне языко́м; а сэ́рца іх знахо́дзіцца далёка ад Мяне;
9. але ма́рна шануюць Мяне, навуча́ючы вучэнням, устанаўле́нням чалавечым».
10. І, паклíкаўшы народ, сказаў ім: слухайце і разумейце:
11. не тое, што ўваходзіць у ву́сны, апага́ньвае чалавека; а што выходзіць з ву́снаў, тое апага́ньвае чалавека.
12. Тады вучні Яго, прыступíўшы, сказалі Яму: ці ведаеш, што фарысеі, пачуўшы слова гэтае, спакусíліся?
13. А Ён сказаў у адказ: усякая расліна, якую не Айцец Мой Нябесны пасадзіў, будзе вы́каранена.
14. Пакіньце іх: яны — сляпыя павадыры́ сляпых; а калі сляпы сляпога вядзе, дык або́два ў я́му ўпаду́ць.
15. А Пётр сказаў Яму ў адказ: растлумач нам прытчу гэтую.
16. Іісус жа сказаў: няўжо і вы яшчэ не ма́еце разуме́ння?
17. Хіба́ яшчэ не разуме́еце, што ўсё, што ўваходзіць у ву́сны, праходзіць у чэ́рава і выво́дзіцца прэч?
18. А тое, што выходзіць з ву́снаў, — з сэ́рца выхо́дзіць; і яно апаганьвае чалавека.
19. Бо з сэ́рца выхо́дзяць ліхíя по́мыслы, забойствы, пралюбадзе́йствы, блуд, крадзяжы́, ілжы́выя све́дчанні, блюзне́рствы —
20. гэта апага́ньвае чалавека. А есці непамы́тымі рука́мі — не апага́ньвае чалавека.
21. І, выйшаўшы адтуль, адышоў Іісус у ме́жы Ты́рскія і Сідо́нскія.
22. І вось, жанчына Ханане́янка, выйшаўшы з тых мясцін, закрычала Яму: памілуй мяне, Госпадзі, Сыне Давідаў, дачка́ мая ця́жка паку́туе ад дэмана.
23. Але Ён не адказаў ёй ні слова. І вучні Яго, прыступíўшы, прасілі Яго, ка́жучы: адпусці яе, бо крычыць услед нам.
24. А Ён сказаў у адказ: Я пасла́ны толькі да загíнуўшых авечак дому Ізра́ілевага.
25. А яна, падышоўшы, кла́нялася Яму, ка́жучы: Госпадзі! памажы мне.
26. А Ён сказаў у адказ: нядобра ўзяць хлеб ад дзяцей і кінуць сабачаня́там.
27. Яна ж сказала: так, Госпадзі! але і сабачаня́ты ядуць крошкі, якія па́даюць са стала гаспадаро́ў іх.
28. Тады Іісус сказаў ёй у адказ: о, жанчына! вялікая вера твая; няхай будзе табе, як ты хочаш. І ацалíлася яе дачка́ ў тую ж гадзíну.
29. І, адышоўшы адтуль, прыйшоў Іісус да мора Галіле́йскага і, падняўшыся на гару, сеў там.
30. І прыступíла да Яго мноства людзей, ма́ючы з сабою кульга́вых, сляпых, нямы́х, зняве́чаных і іншых многіх, і паклалі іх да ног Іісусавых; і Ён ацалíў іх;
31. так што народ здзіўля́ўся, ба́чачы, як нямы́я гаво́раць, зняве́чаныя становяцца здаровымі, кульга́выя ходзяць і сляпы́я бачаць; і праслаўля́ў ён Бога Ізра́ілевага.
32. А Іісус, паклікаўшы вучняў Сваіх, сказаў ім: шкада́ Мне людзей, бо ўжо тры дні застаю́цца пры Мне, і няма чаго ім есці; і адпусцíць іх галоднымі не хачу, каб не аслабе́лі ў дарозе.
33. І кажуць Яму вучні Яго: адкуль нам узяць у пусты́ні столькі хлябо́ў, каб накармíць гэ́тулькі людзей?
34. І кажа ім Іісус: колькі ў вас хлябо́ў? А яны адказалі: сем, і некалькі ры́бінак.
35. І загадаў лю́дзям узле́гчы на зямлю́.
36. І, узяўшы сем хлябо́ў і рыбу, узнёс падзяку, пераламíў і даў вучням Сваім, а вучні — лю́дзям.
37. І елі ўсе, і насы́ціліся; і назбіра́лі рэшты кавалкаў сем кашоў поўных.
38. А тых, што елі, было́ чатыры тысячы чалавек, акрамя́ жанчын і дзяцей.
39. І, адпусціўшы народ, Ён увайшоў у лодку і прыбы́ў у ме́жы Магдалíнскія.