Евангеллі
Святое Дабравесце паводле Матфея
Раздзел 12
1. У той час праходзіў Іісус у суботу праз пасе́вы, а вучні Яго згалада́ліся і пачалí зрыва́ць каласы́ і есці.
2. Фарысеі, убачыўшы гэта, сказалі Яму: вось, вучні Твае робяць тое, што не дазволена рабіць у суботу.
3. А Ён сказаў ім: хіба́ вы не чыталі, што́ зрабіў Давід, калі згалада́ўся сам і тыя, што былí з ім?
4. Як ён увайшоў у дом Божы і еў хлябы́ выстаўле́ння, якіх нельга было́ есці ні яму, ні тым, што былí з ім, а толькі адным свяшчэ́ннікам?
5. І хіба́ не чыталі вы ў законе, што па суботах свяшчэ́ннікі ў храме паруша́юць суботу, аднак невінава́тыя?
6. Але кажу вам, што тут Той, Хто бо́льшы за храм.
7. Калі б ведалі вы, што́ азначае: «мíласці хачу, а не ахвяры», то не асудзíлі б невінава́тых.
8. Бо Сын Чалавечы ёсць Гаспадар і суботы.
9. І, адышоўшы адтуль, увайшоў Ён у сінагогу іхнюю.
10. І вось, там быў чалавек, які меў суху́ю руку́. І спыталіся ў Яго: ці можна ацаля́ць у суботы? — каб абвінава́ціць Яго.
11. А Ён сказаў ім: ці ёсць сярод вас чалавек, які, ма́ючы адну авечку, калі яна ў суботу ўпадзе́ ў яму, не во́зьме і не вы́цягне яе?
12. Наколькі ж чалавек больш ва́рты за авечку! Так што можна ў суботы дабро рабіць.
13. Тады кажа чалавеку таму: працягні руку́ тваю. І той працягну́ў; і стала яна здаровай, як другая.
14. А фарысеі, вы́йшаўшы, учынíлі змову су́праць Яго, як Яго загубíць. Але Іісус, даве́даўшыся, пайшоў адтуль.
15. І пайшло ўслед за Ім мноства народу, і Ён ацалíў іх усіх,
16. і забараніў ім абвяшча́ць пра Яго;
17. каб збыло́ся ска́занае праз прарока Іса́ію, які кажа:
18. «Вось, Слуга Мой, Якога Я вы́браў; Узлю́блены Мой, Якога ўпадаба́ла душа́ Мая. Ускладу́ Дух Мой на Яго, і Ён суд народам абве́сціць;
19. не будзе пярэ́чыць, і не будзе крычаць, і ніхто не пачуе на вуліцах голасу Яго;
20. трысцíны надлама́най не перало́міць, і кно́та, які тле́е, не пату́шыць, пакуль не давядзе́ правасу́ддзе да перамогі;
21. і на імя́ Яго будуць спадзява́цца народы».
22. Тады прывялі да Яго апанава́нага дэманам сляпога і нямога; і Ён ацаліў яго, так што сляпы і нямы́ пачаў гаварыць і ба́чыць.
23. І здзіўляўся ўвесь люд і казаў: ці не гэта Хрыстос, Сын Давідаў?
24. А фарысеі, пачуўшы гэта, сказалі: Ён выганя́е дэманаў не інакш, як сілаю веельзеву́ла, князя дэманскага.
25. Але Іісус, ве́даючы по́мыслы іх, сказаў ім: усякае царства, раздзе́ленае само́е су́праць сябе, запусце́е; і ўсякі горад або дом, раздзе́лены сам су́праць сябе, не ўстаíць.
26. І калі сатана́ сатану́ выганя́е, то ён раздзялíўся сам у сабе, як жа ўстаíць царства яго?
27. І калі Я сілаю веельзеву́ла выганя́ю дэманаў, то сыны́ вашы чыёю сілаю выганя́юць? Таму яны вам будуць су́ддзямі.
28. Калі ж Я Духам Божым выганя́ю дэманаў, значыць, прыйшло да вас Царства Божае.
29. Альбо як можа хто ўвайсці ў дом дужага і нарабава́ць дабра яго, калі перш не звя́жа дужага, і тады дом яго абрабу́е?
30. Хто не са Мною, той су́праць Мяне; і хто не збірае са Мною, той раскіда́е.
31. Таму кажу вам: усякі грэх і блюзне́рства дару́юцца лю́дзям; а су́праць Ду́ха блюзне́рства не дару́ецца лю́дзям.
32. Калі хто скажа слова су́праць Сына Чалавечага, дару́ецца яму; а калі хто скажа су́праць Духа Святога, не дару́ецца яму ні ў гэтым веку, ні ў будучым.
33. Альбо прызна́йце дрэва добрым і плод яго добрым; альбо прызна́йце дрэва кепскім і плод яго кепскім, бо дрэва па плодзе пазнае́цца.
34. Адро́ддзе яхíдніна! як вы можаце добрае казаць, бу́дучы ліхíмі? Бо ад перапо́ўненасці сэ́рца гавораць ву́сны.
35. Добры чалавек з добрай ска́рбніцы выносіць добрае; а ліхí чалавек з ліхо́й ска́рбніцы выно́сіць ліхо́е.
36. Кажу ж вам, што за кожнае ма́рнае слова, якое прамо́вяць людзі, дадуць яны адказ у дзень су́дны.
37. Бо з-за слоў сваіх будзеш апраўда́ны і з-за слоў сваіх будзеш асу́джаны.
38. Тады ў адказ некаторыя кніжнікі і фарысеі сказалі: Настаўнік! мы хочам ад Цябе знаме́нне ўбачыць.
39. А Ён сказаў ім у адказ: род ліхí і пралюбадзе́йны знаме́ння шукае; ды знаме́нне не будзе да́дзена яму, акрамя́ знаме́ння Іоны прарока.
40. Бо як Іона быў у чэ́раве ў кіта́ тры дні і тры ночы, так і Сын Чалавечы будзе ў сэ́рцы зямлі тры дні і тры ночы.
41. Людзі Ніневíйскія ўстануць на судзе́ з родам гэтым і асу́дзяць яго, бо яны пака́яліся праз пропаведзь Іонаву; і вось, тут бо́льшае за Іону.
42. Царыца по́ўдня ўстане на судзе́ з родам гэтым і асу́дзіць яго, бо яна прыхо́дзіла з кра́ю зямлі паслухаць мудрасці Саламонавай, і вось, тут бо́льшае за Саламона.
43. Калі нячысты дух вы́йдзе з чалавека, то блука́е па бязводных мясцінах, шука́ючы спакою, і не знаходзіць.
44. Тады ён кажа: вярнуся ў дом мой, адкуль я выйшаў. І, прыйшоўшы, застае́ яго пустым, падме́ценым і прыбра́ным.
45. Тады ідзе і бярэ з сабою сем іншых духаў, люце́йшых за сябе, і, увайшоўшы, яны жывуць там; і бывае апошняе для чалавека таго го́ршым за першае. Так будзе і роду гэтаму ліхо́му.
46. Калі ж Ён яшчэ прамаўляў да людзей, вось, Маці і браты Яго стаялі звонку, хочучы пагаварыць з Ім.
47. І нехта сказаў Яму: вось Маці Твая і браты Твае на дварэ́ стаяць, хочучы пагаварыць з Табою.
48. Ён жа ў адказ таму, хто гаварыў Яму, сказаў: хто маці Мая́? і хто браты Мае́?
49. І, паказаўшы рукою Сваёю на вучняў Сваіх, сказаў: вось маці Мая́ і браты Мае́.
50. Бо хто будзе выко́нваць волю Айца Майго, Які на нябёсах, той Мне брат, і сястра, і маці.