Евангеллі
Святое Дабравесце паводле Матфея
Раздзел 10
1. І, паклíкаўшы двана́ццаць вучняў Сваіх, Ён даў ім ула́ду над нячыстымі ду́хамі, каб выганя́ць іх і ацаля́ць усякую хваробу і ўсякую не́мач.
2. А імёны двана́ццаці Апосталаў такія: першы Сíман, якога называюць Пятром, і Андрэй, брат яго, Іа́каў Зевядзе́еў і Іаан, брат яго,
3. Філіп і Варфаламе́й, Фама́ і Матфе́й мы́тнік, Іа́каў Алфе́еў і Леўве́й, празва́ны Фадзе́ем,
4. Сíман Кананíт і Іуда Іскарыёт, які і здра́дзіў Яму.
5. Гэтых двана́ццаць паслаў Іісус і наказа́ў ім, гаворачы: на шлях язычнікаў не ідзіце і ў горад Самара́нскі не ўваходзьце;
6. а ідзіце найперш да загíнуўшых авечак дому Ізра́ілевага.
7. І ходзячы, прапаве́дуйце, што наблíзілася Царства Нябеснае.
8. Хворых ацаля́йце, пракажо́ных ачышча́йце, мёртвых уваскраша́йце, дэманаў выганя́йце. Да́рам атрыма́лі, да́рам дава́йце.
9. Не бярыце з сабою ні золата, ні срэ́бра, ні медзі ў паясы́ свае,
10. ні торбы ў дарогу, ні дзвюх адзежын, ні абутку, ні посаха. Бо працаўнíк ва́рты мець на пражы́так сабе.
11. У які б горад ці пасе́лішча вы ні ўвайшлі, даве́дайцеся, хто ў ім дастойны, і там застава́йцеся, пакуль не вы́йдзеце.
12. А ўваходзячы ў дом, віта́йце яго, ка́жучы: мір дому гэтаму.
13. І калі дом будзе дастойны, то сы́дзе мір ваш на яго; калі ж не будзе дастойны, то мір ваш да вас ве́рнецца.
14. А калі хто не пры́ме вас і не паслу́хаецца слоў вашых, то, выхо́дзячы з дома альбо з горада таго, абтрасíце пыл з ног вашых.
15. Праўду кажу вам: лягчэй будзе зямлі Садо́мскай і Гамо́рскай у дзень су́дны, чым гораду таму.
16. Вось, я пасылаю вас, як авечак сярод ваўкоў: дык вось, будзьце му́дрыя, як зме́і, і простыя, як галубы́.
17. Сцеражы́цеся ж людзей: бо яны будуць аддаваць вас на судзíлішчы і ў сінагогах сваіх будуць біць вас,
18. і павядуць вас да правíцеляў і да цароў за Мяне, на све́дчанне перад імі і язычнікамі.
19. Калі ж будуць выдава́ць вас, не турбу́йцеся, я́к ці што́ сказаць; бо да́дзена будзе вам у той час, што́ сказаць.
20. Бо не вы будзеце гаварыць, а Дух Айца вашага гаварыць будзе ў вас.
21. І вы́дасць брат брата на смерць, і бацька — дзіця; і паўста́нуць дзеці на бацькоў і заб’юць іх.
22. І будзеце зненавíджаныя ўсімі за імя́ Маё; але хто вы́трывае да канца, той спасёны будзе.
23. Калі ж будуць вас гнаць у адным горадзе, уцяка́йце ў другі. Бо праўду кажу вам: не паспе́еце абысцí гарадоў Ізра́ілевых, як пры́йдзе Сын Чалавечы.
24. Вучань не вышэ́йшы за настаўніка, і слуга́ не вышэ́йшы за гаспадара́ свайго.
25. Даволі вучню, каб ён быў, як настаўнік яго, і слузе́ — як гаспадар яго. Калі гаспадара́ дома назвалі веельзеву́лам, ці не тым больш дамашніх яго?
26. Дык вось, не бойцеся іх: бо няма нічога схава́нага, што не адкрылася б, і тае́мнага, што не стала б вядомым.
27. Што́ кажу вам у цемры, кажы́це пры святле́; і што́ на ву́ха чу́еце, прапаве́дуйце з да́хаў.
28. І не бойцеся тых, што забіваюць це́ла, але ж душы́ забіць не могуць; бойцеся ж болей таго, хто можа і душу́, і це́ла загубíць у гее́не.
29. Ці ж не два вераб’і прадаюцца за аса́рый? І ніводны з іх не ўпадзе́ на зямлю́ без волі Айца вашага.
30. А ў вас і валасы́ на галаве ўсе палíчаны.
31. Таму не бойцеся: вы больш ва́ртыя, чым мноства вераб’ёў.
32. Дык вось, кожнага, хто вы́знае Мяне перад людзьмí, таго вы́знаю і Я перад Айцом Маім, Які на нябёсах.
33. А хто адрачэ́цца ад Мяне перад людзьмí, ад таго адраку́ся і Я перад Айцом Маім, Які на нябёсах.
34. Не думайце, што Я прыйшоў прыне́сці мір на зямлю; не мір прыйшоў Я прыне́сці, а меч.
35. Бо Я прыйшоў аддзялíць чалавека ад ба́цькі яго, і дачку́ ад маці яе, і нявестку ад свекрывí яе.
36. І ворагі чалавеку — дамашнія яго.
37. Хто лю́біць бацьку ці маці больш за Мяне, той не ва́рты Мяне; і хто лю́біць сы́на ці дачку́ больш за Мяне, той не ва́рты Мяне.
38. І хто не бярэ крыжа́ свайго і не ідзе следам за Мною, той не ва́рты Мяне.
39. Хто зберага́е душу́ сваю, той загу́біць яе; а хто загубíў душу́ сваю дзе́ля Мяне, той зберажэ́ яе.
40. Хто прыма́е вас, той Мяне прыма́е; а хто прыма́е Мяне, прыма́е Таго, Хто паслаў Мяне.
41. Хто прыма́е прарока ў імя́ прарока, той узнагаро́ду праро́каву атрыма́е; і хто прыма́е пра́ведніка ў імя́ пра́ведніка, той узнагаро́ду пра́веднікаву атрыма́е.
42. І хто напо́іць аднаго з малы́х гэтых толькі чашай халоднай вады ў імя́ вучня, праўду кажу вам, той не стра́ціць узнагаро́ды сваёй.