Евангеллі
Святое Дабравесце паводле Марка
Раздзел 4
1. І зноў пачаў вучы́ць каля мора, і сабра́лася да Яго народу мноства, так што Ён увайшоў у лодку на моры і сядзеў, а ўвесь народ быў на зямлі пры моры.
2. І навучаў іх многа пры́тчамі, і гаварыў ім у павучэ́нні Сваім:
3. слухайце: вось, выйшаў се́йбіт сеяць.
4. І ста́лася, калі сеяў, адно ўпала пры дарозе, і наляцелі птушкі ды падзяўблí тое.
5. Іншае ўпа́ла сярод каме́ння, дзе няшмат было́ зямлі, і неўзаба́ве ўзышло́, бо зямля была́ неглыбокая;
6. калі ж сонца падняло́ся — завя́ла і, не ма́ючы ко́раня, засохла.
7. Іншае ўпала ў це́рні, і выраслі це́рні і заглушы́лі яго, і яно не дало́ плоду.
8. А іншае ўпала на добрую зямлю і дало́ плод, што падымаўся і ўзрастаў, і ўрадзíла па трыццаць, і па шэсцьдзяся́т, і па сто.
9. І казаў: хто ма́е вушы, каб чуць, няхай чуе!
10. Калі ж Ён застаўся адзін, тыя, што былí пры Ім, разам з двана́ццаццю спыталі Яго аб пры́тчы.
11. І сказаў ім: вам да́дзена ведаць тайны Царства Божага, а тым, хто звонку, у пры́тчах усё даецца;
12. каб яны, гле́дзячы, бачылі і не ўспрыма́лі, і, слу́хаючы, чулі і не разумелі, каб не звярну́ліся і не былí ім адпу́шчаны грахі.
13. І кажа ім: не разуме́еце прытчы гэтай? Як жа ўсе пры́тчы зразуме́еце?
14. Се́йбіт слова сее.
15. І вось тыя, што пры дарозе, дзе сеецца слова: калі пачуюць, адразу прыходзіць сатана і забірае пасе́янае ў сэ́рцах іх.
16. Таксама і пасе́янае сярод каме́ння — гэта тыя, якія, пачуўшы слова, адразу прыма́юць яго з радасцю,
17. але не маюць ко́раня ў сабе і нетрыва́лыя; калі настане ўціск або гане́нне з-за слова, адразу спакуша́юцца.
18. А ў це́рнях пасе́янае — гэта тыя, што чуюць слова,
19. але турбо́ты гэтага веку і спакуса багацця ды іншыя захапле́нні, увахо́дзячы ў іх, заглуша́юць слова, і яно застае́цца бясплодным.
20. А пасе́янае на добрай зямлі — гэта тыя, якія слухаюць слова і прыма́юць, і даюць плод па трыццаць, і па шэсцьдзяся́т, і па сто.
21. І сказаў ім: хіба́ свечка прыно́сіцца, каб паставіць яе пад пасу́дзіну ці пад ло́жак? хіба́ не дзеля таго, каб паставіць яе на падсве́чнік?
22. Бо няма нічога тае́мнага, каб не стала я́ўным, і нішто не бывае схава́на, каб не адкрылася.
23. Калі хто ма́е ву́шы, каб чуць, няхай чуе!
24. І казаў ім: заўважа́йце, што чуеце. Якою ме́раю ме́раеце, такою і вам адме́раецца, і дада́дзена будзе вам, хто слухае.
25. Бо хто ма́е, таму да́дзена будзе, а хто не ма́е, ады́мецца ў яго і тое, што ма́е.
26. І казаў: так і Царства Божае, як чалавек, калі кіне зе́рне ў зямлю;
27. і спіць, і ўстае́ ўно́чы і ўдзень, а як насенне ўзыхо́дзіць і расце́, не ведае ён.
28. Бо зямля сама па сабе ро́дзіць напачатку зелень, потым колас, тады напаўняе зе́рне ў коласе.
29. Калі ж вы́спее плод, адразу пасыла́е серп, бо надышло́ жніво́.
30. І казаў: з чым параўна́ем Царства Божае? ці якою пры́тчаю вы́явім яго?
31. Яно як зе́рне гарчы́чнае, што, калі се́ецца ў зямлю, то ме́ншае за ўсякае насенне на зямлі,
32. а калі пасе́яна, выраста́е і робіцца бо́льшым за ўсю зелянíну і пускае вялікае галлё, так што ў за́сені яго могуць пасялíцца птушкі нябесныя.
33. І многімі такімі пры́тчамі абвяшча́ў ім слова, наколькі маглі яны слухаць.
34. Без прытчы не прамаўляў да іх, а вучням Сваім асобна тлумачыў усё.
35. І кажа ім у той дзень з надыходам вечара: перапра́вімся на той бок.
36. І яны, адпусцíўшы людзей, бяруць Яго з сабою, як Ён быў у лодцы; і яшчэ лодкі былí з Ім.
37. І ўзняла́ся з ветру вялікая бура; хва́лі захлíствалі лодку, так што яна ўжо напаўня́лася.
38. А Ён на карме́ спаў на ўзгало́ўі. І бу́дзяць Яго, і кажуць Яму: Настаўнік! хіба́ не хвалю́е Цябе, што мы гíнем?
39. І, устаўшы, Ён забаранíў ветру і кажа мору: сціхні, перастань. І суня́ўся вецер і настала цíша вялікая.
40. І кажа ім: чаго вы такія баязлівыя? як гэта не маеце веры?
41. І напоўніліся стра́хам вялікім, і гаварылі між сабою: хто ж гэта Ён, калі і вецер, і мора слухаюцца Яго?