Евангеллі
Святое Дабравесце паводле Марка
Раздзел 15
1. І адразу раніцай зрабілі нара́ду першасвяшчэ́ннікі са старэйшынамі і кніжнікамі, і ўвесь сінедрыён, і, звяза́ўшы Іісуса, павялі і перадалí Пілату.
2. І запытаў Яго Пілат: Ты Цар Іудзейскі? Ён жа сказаў яму ў адказ: ты кажаш.
3. І абвінава́чвалі Яго першасвяшчэ́ннікі ў многім.
4. Пілат жа зноў запытаў Яго, ка́жучы: Ты нічога не адказваеш? глядзі, колькі су́праць Цябе све́дчаць.
5. Іісус жа больш нічога не адка́зваў, так што Пілат здзіўляўся.
6. На свята ж ён адпускаў ім аднаго вя́зня, за якога прасілі.
7. Быў жа адзін нехта, зва́ны Вара́вва, зняво́лены з саўдзе́льнікамі сваімі, якія падчас бу́нту ўчынíлі забойства.
8. І натоўп пачаў крычаць і прасіць Пілата аб тым, што ён заўсёды рабіў для іх.
9. Пілат жа адказаў ім, гаворачы: хочаце, адпушчу вам Цара Іудзейскага?
10. Бо ведаў, што па за́йздрасці вы́далі Яго першасвяшчэ́ннікі.
11. Але першасвяшчэ́ннікі падбухто́рылі натоўп прасіць, каб лепш адпусціў ім Вара́вву.
12. Пілат жа зноў сказаў ім у адказ: а што́ хочаце, каб я зрабіў з Тым, Каго вы называеце Царом Іудзейскім?
13. Яны ж зноў закрычалі: распнí Яго!
14. Пілат сказаў ім: якое ж зло Ён учынíў? А яны яшчэ мацней закрычалі: распнí Яго!
15. Тады Пілат, хочучы дагадзíць натоўпу, адпусціў ім Вара́вву, а Іісуса, пасля бічава́ння, аддаў на распя́цце.
16. Воіны ж адвялі Яго ўсярэ́дзіну двара, гэта значыць у прэто́рыю, і скліка́юць увесь полк,
17. і апрана́юць Яго ў багранíцу, і, сплёўшы цярновы вяне́ц, усклада́юць на Яго;
18. і пачалí віта́ць Яго: радуйся, Цар Іудзейскі!
19. І білі Яго па галаве кíем, і плявалі на Яго, і, стано́вячыся на калені, кла́няліся Яму.
20. І калі наглумíліся з Яго, знялí з Яго багранíцу і апрану́лі Яго ў адзе́жу Ягоную; і выводзяць Яго, каб распя́ць Яго.
21. І прымушаюць прахо́жага нейкага Сíмана Кірыне́яніна, які ішоў з поля, бацьку Аляксандра і Ру́фа, не́сці крыж Яго.
22. І прыводзяць Яго на месца Галгофу, што значыць: «месца чэ́рапа».
23. І давалі Яму піць віно са смíрнаю, але Ён не ўзяў.
24. І тыя, што распіна́лі Яго, дзялíлі адзе́жу Яго, кíдаючы жэ́рабя на яе, каму што ўзяць.
25. Была́ ж трэцяя гадзíна, і распя́лі Яго.
26. І быў зроблены надпіс віны́ Яго: Цар Іудзейскі.
27. І з Ім распіна́юць двух разбойнікаў, аднаго справа, а другога злева ад Яго.
28. І збыло́ся Пісанне, якое кажа: «і да злачы́нцаў залíчаны».
29. І тыя, што праходзілі міма, блюзне́рылі на Яго, ківа́ючы гало́вамі сваімі і ка́жучы: гэй! Ты, Які разбура́еш храм і за тры дні будуеш!
30. Уратуй Самога Сябе і сыдзí з крыжа́.
31. Гэтакса́ма і першасвяшчэ́ннікі з кніжнікамі, насміха́ючыся, адзін аднаму казалі: іншых ратава́ў, а Сябе не можа ўратава́ць.
32. Хрыстос, Цар Ізра́ілеў, няхай сы́дзе цяпер з крыжа́, каб мы ўбачылі і ўве́равалі ў Яго. І распя́тыя з Ім га́ньбілі Яго.
33. Калі ж надышла шостая гадзíна, це́мра настала па ўсёй зямлі да гадзíны дзявя́тай.
34. І ў дзявя́тую гадзíну ўскрыкнуў Іісус моцным голасам, ка́жучы: «Элаí, Элаí! ламма́ савахфанí?», што азнача́е: «Божа мой, Божа Мой! чаму Ты Мяне пакінуў?».
35. І некато́рыя з тых, што стаялі там, чуючы гэта, казалі: вось, Ілію́ кліча.
36. А адзін пабег, намачыў губку во́цатам і, насадзíўшы на кій, даваў Яму піць, ка́жучы: чакайце, пабачым, ці пры́йдзе Ілія́ зняць Яго.
37. Іісус жа, ускрыкнуўшы моцна, вы́пусціў дух.
38. І заве́са ў храме разадра́лася напала́м зве́рху данíзу.
39. Сотнік жа, які стаяў насу́праць Яго і бачыў, што Ён, так ускрыкнуўшы, вы́пусціў дух, сказаў: сапраўды́ Чалавек Гэты быў Сын Божы.
40. Былí і жанчыны, што глядзелі здалёк, сярод іх была́ Марыя Магдалíна, і Марыя, маці Іа́кава Меншага і Іасíі, і Саламíя,
41. якія і тады, калі Ён быў у Галіле́і, хадзілі за Ім і служылі Яму; і іншыя многія, што прыйшлі разам з Ім у Іерусалім.
42. І калі ўжо настаў вечар, — паколькі была́ пятніца, гэта значыць, пярэ́дадзень суботы, —
43. прыйшоў Іосіф, што з Арымафе́і, паважа́ны саветнік, які і сам чакаў Царства Божага, і, адва́жыўшыся, увайшоў да Пілата і папрасіў це́ла Іісусава.
44. Пілат жа здзівіўся, што Ён ужо памёр; і, паклікаўшы сотніка, спытаў яго: ці даўно памёр?
45. І, даве́даўшыся ад сотніка, аддаў це́ла Іосіфу.
46. Ён, купіўшы плашчанíцу і зняўшы Яго, загарну́ў у плашчанíцу і паклаў Яго ў магілу, што была́ вы́сечана ў скале́, і прывалíў ка́мень да дзвярэй магілы.
47. Марыя ж Магдалíна і Марыя Іасíева глядзелі, дзе Яго пакла́лі.