Евангеллі
Святое Дабравесце паводле Лукі
Раздзел 8
1. І ста́лася пасля гэтага: Ён праходзіў па гарадах і вёсках, прапаве́дуючы і дабраве́сцячы Царства Божае, і дванаццаць з Ім,
2. і некато́рыя жанчыны, што былí ацалёныя ад духаў злых і не́мачаў: Марыя, зва́ная Магдалíнаю, з якой выйшла сем дэманаў,
3. Іаанна, жонка Хузы́, домаўпра́ўніка Ірадавага, і Суса́нна, і многія іншыя, што служы́лі Яму маёмасцю сваёй.
4. Калі ж сабра́лася мноства народу і з усіх гарадоў папрыхо́дзілі да Яго, Ён сказаў пры́тчай:
5. выйшаў се́йбіт сеяць насе́нне сваё; і калі сеяў, адно ўпала пры дарозе і было́ патапта́на, і птушкі нябесныя падзяўблí яго;
6. а іншае ўпала на ка́мень і, узышоўшы, засохла, бо не ме́ла вíльгаці;
7. а іншае ўпала ў це́рні, і вы́раслі це́рні і заглушы́лі яго;
8. а іншае ўпала на добрую зямлю і, узышоўшы, урадзíла плод у сто крат. Сказаўшы гэта, Іісус заклíкаў: хто ма́е вушы, каб чуць, няхай чуе!
9. Вучні ж Яго пыталіся ў Яго, ка́жучы: што б зна́чыла пры́тча гэтая?
10. Ён жа сказаў: вам да́дзена ведаць тайны Царства Божага, а аста́тнім — у пры́тчах, каб яны ба́чачы не бачылі і чу́ючы не разумелі.
11. Вось што значыць пры́тча гэтая: насе́нне ёсць сло́ва Божае;
12. і якое пры дарозе — гэта тыя, што слухаюць, але потым прыхо́дзіць дыявал і забірае сло́ва з сэ́рцаў іх, каб не ўве́равалі яны і не спаслíся;
13. а якое на ка́мень упа́ла — гэта тыя, што, пачуўшы, з радасцю прыма́юць сло́ва, але яны не ма́юць ко́раня і да часу веруюць, а ў час выпрабава́ння адпада́юць;
14. а што ўпала ў це́рні — гэта тыя, што пачулі, але турботамі, багаццем і ўце́хамі жыццёвымі на шляху́ сваім заглуша́юцца і не даюць плёну;
15. а што на добрай зямлі — гэта тыя, што, пачуўшы слова, захоўваюць яго ў шчы́рым і добрым сэрцы і даюць плод у цярплíвасці. Сказаўшы гэта, Іісус заклíкаў: хто ма́е вушы, каб чуць, няхай чуе!
16. Ніхто, запалíўшы свечку, не пакрыва́е яе пасу́дзінай або не ставіць пад ложак, а ставіць яе на падсве́чнік, каб тыя, што ўваходзяць, бачылі святло.
17. Бо няма нічога тае́мнага, што́ не стала б я́ўным, ні схава́нага, што не стала б вядомым і не вы́явілася.
18. Так што сачы́це, як вы слухаеце; бо хто ма́е, таму да́дзена будзе, а хто не ма́е, ады́мецца ў таго і тое, што ён думае, нíбы ма́е.
19. І прыйшлі да Яго Маці і браты Яго, і не маглі даступíцца да Яго з-за натоўпу.
20. І паве́дамілі Яму, ка́жучы: Маці Твая і браты Твае стаяць на дварэ і хочуць Цябе ўбачыць.
21. Ён жа сказаў ім у адказ: Маці Мая́ і браты Мае́ — гэта тыя, што слухаюць слова Божае і выко́нваюць яго.
22. І ста́лася ў адзін з тых дзён: увайшоў Ён у лодку з вучнямі Сваімі і сказаў ім: перапра́вімся на той бок возера. І яны адплылí.
23. Калі ж плылí, Ён заснуў. І наляцеў бу́рны вецер на возера, і пачало́ заліваць іх, і былí яны ў небяспе́цы.
24. І, падышоўшы, разбудзілі Яго і сказалі: Настаўнік! Настаўнік! мы гінем! Ён жа, устаўшы, забаранíў ветру і хва́лям вады, і яны супако́іліся і настала цíша.
25. Тады Ён сказаў ім: дзе вера ваша? Яны ж, спало́ханыя, дзівíліся і казалі адзін аднаму: хто ж гэта Ён, што і вятра́м загадвае і вадзе, і слухаюцца Яго?
26. І прыплылí ў зямлю Гадары́нскую, што насу́праць Галіле́і.
27. Калі ж Ён выйшаў на зямлю, сустрэў Яго нейкі чалавек з горада, апанта́ны дэманамі з даўняга часу, і адзе́ння не насіў ён, і ў доме не жыў, а ў магíльных пячорах.
28. Убачыўшы Іісуса і закрычаўшы, ён упаў перад Ім і моцным голасам сказаў: што́ Табе да мяне, Іісусе, Сы́не Бога Усявышняга? малю́ Цябе, не муч мяне.
29. Таму што загадаў Іісус духу нячыстаму вы́йсці з чалавека; бо доўгі час той хапа́ў яго, і звя́звалі яго ланцуга́мі і ако́вамі, і сцераглí; але ён разрыва́ў пу́ты, і дэман гнаў яго ў пусты́ні.
30. І спытаўся ў яго Іісус, ка́жучы: як імя́ тваё? Той адказаў: легіён; бо многа дэманаў увайшло ў яго.
31. І яны прасілі Іісуса, каб не загадаў ім ісці ў бе́здань.
32. Пасвіўся ж там вялікі ста́так свіне́й на гары; і папрасілі Яго дэманы, каб дазволіў ім увайсці ў іх. І дазволіў ім.
33. І дэманы, выйшаўшы з чалавека, увайшлі ў свіне́й; і ры́нуўся ста́так з кру́чы ў возера і патану́ў.
34. Пастухі ж, убачыўшы, што зда́рылася, пабе́глі ды абвясцíлі ў горадзе і ў вёсках.
35. І людзі выйшлі пабачыць, што зда́рылася; і прыйшлі да Іісуса і знайшлі, што чалавек, з якога вы́йшлі дэманы, сядзíць каля ног Іісуса адзе́ты і пры розуме; і спало́халіся.
36. А тыя, хто бачыў, расказалі ім, як быў вы́ратаваны апанта́ны.
37. І прасіў Яго ўвесь люд кра́ю Гадары́нскага адысцí ад іх, бо стра́хам вялікім былí яны ахо́плены. І Ён, увайшоўшы ў лодку, вярнуўся.
38. А чалавек, з якога выйшлі дэманы, прасіў Яго, каб быць з Ім. Але Іісус адпусціў яго, ка́жучы:
39. вяртайся ў дом твой і расказвай, што́ зрабіў табе Бог. І ён пайшоў, абвяшча́ючы па ўсім горадзе, што́ зрабіў яму Іісус.
40. І ста́лася: калі вярнуўся Іісус, народ прыня́ў Яго, бо ўсе чакалі Яго.
41. І вось прыйшоў чалавек, íмем Іаíр, які быў старэ́йшынам сінагогі; і, упаўшы да ног Іісуса, ён прасіў Яго ўвайсці ў дом яго,
42. бо ў яго была́ адзіная дачка́, гадоў двана́ццаці, і яна паміра́ла. Калі ж Ён ішоў, народ напіра́ў на Яго.
43. І жанчына, якая ме́ла кровацячэ́нне ўжо дванаццаць гадоў і патра́ціла на ле́караў усю маёмасць, ды ні ў аднаго не магла вы́лечыцца,
44. падышоўшы ззаду, дакрану́лася да кра́ю вопраткі Яго; і адразу спынíлася кровацячэ́нне ў яе.
45. І сказаў Іісус: хто дакрану́ўся да Мяне? Калі ж адмаўля́ліся ўсе, казаў Пётр і тыя, што з ім: Настаўнік! народ абступіў Цябе і напіра́е, а Ты гаворыш: хто дакрану́ўся да Мяне?
46. Але Іісус сказаў: дакрану́ўся нехта да Мяне, бо Я адчуў сілу, што выйшла з Мяне.
47. Жанчына, убачыўшы, што не ўтаíлася, дрыжучы́, падышла́ і, упа́ўшы перад Ім, паве́даміла Яму перад усім народам, з якой прычыны дакрану́лася да Яго і як ацалíлася адразу.
48. Ён жа сказаў ёй: мацу́йся, дачка́! вера твая ўратава́ла цябе; ідзі з мірам.
49. Яшчэ калі Ён гаварыў, прыходзіць нехта з дому старэ́йшыны сінагогі і кажа яму: паме́рла дачка́ твая, не турбуй ужо Настаўніка.
50. Іісус жа, пачуўшы гэта, сказаў, звярта́ючыся да яго: не бойся, толькі веруй, і яна будзе ўратава́на.
51. І, прыйшоўшы ў дом, Ён не дазволіў увайсці нікому, апрача́ Пятра, Іаана і Іа́кава, і ба́цькі дзяўчынкі і маці.
52. Усе пла́калі і рыда́лі па ёй. Ён жа сказаў: не пла́чце, яна не паме́рла, а спіць.
53. І насміхаліся з Яго, ведаючы, што яна паме́рла.
54. Ён жа, вы́правадзіўшы ўсіх прэч і ўзяўшы яе за руку́, усклікнуў, ка́жучы: дзяўчынка! устань.
55. І вярнуўся дух яе, і падняла́ся адразу; і Ён загадаў даць ёй есці.
56. І моцна ўра́зіліся бацькí яе. Ён жа загадаў ім не расказваць нікому пра тое, што адбыло́ся.