Евангеллі
Святое Дабравесце паводле Лукі
Раздзел 17
1. Сказаў жа Ён вучням Сваім: немагчы́ма, каб не прыйшлí спаку́сы, але гора таму, праз каго яны прыхо́дзяць;
2. лепш было б яму́, калі б жаро́н млынавы́ павесілі на шы́ю яму́ ды ўкíнулі ў мора, чым каб ён спакусíў аднаго з малы́х гэтых.
3. Будзьце ўва́жлівымі да сябе. Калі саграшы́ць су́праць цябе брат твой, вы́гавары яму, і калі пака́ецца, дару́й яму;
4. і калі сем разоў на дзень саграшы́ць су́праць цябе, і сем разоў на дзень зве́рнецца, ка́жучы: ка́юся, — дару́й яму.
5. І сказалі Апосталы Госпаду: прымно́ж нам веру.
6. Гасподзь жа сказаў: калі б вы ме́лі веру з гарчы́чнае зе́рне і сказалі шаўко́ўніцы гэтай: вы́рвіся з ко́ранем і перасадзíся ў мора, — і яна паслу́халася б вас.
7. Хто з вас, ма́ючы раба́, які арэ́ ці пасе́, пасля вярта́ння яго з поля, скажа яму: адразу ж ідзі за стол?
8. А хіба́ не скажа яму: прыгату́й мне павячэ́раць і, падпераза́ўшыся, служы́ мне, паку́ль буду есці і піць, а потым еж і пі сам?
9. Ці падзя́куе ён рабу́ гэтаму, што зрабіў зага́данае? Не думаю.
10. Так і вы, калі зробіце ўсё зага́данае вам, кажы́це: мы нічога не ва́ртыя рабы, бо зрабілі тое, што павінны зрабіць.
11. І ста́лася: ідучы́ ў Іерусалім, Ён прахо́дзіў паміж Самары́яй і Галіле́яй.
12. І калі ўваходзіў Ён у нейкае паселішча, сустрэлі Яго дзесяць чалавек пракажоных, якія спыніліся воддаль;
13. і яны го́ласна казалі: Іісусе Настаўнік, памілуй нас.
14. І, убачыўшы, Ён сказаў ім: ідзіце, пакажыцеся свяшчэ́ннікам. І ста́лася: калі яны ішлі — ачы́сціліся.
15. Адзін жа з іх, убачыўшы, што ацаліўся, вярнуўся, го́ласна сла́вячы Бога,
16. і ўпаў ніц да ног Яго, дзякуючы Яму, і гэта быў Самаранíн.
17. І ў адказ Іісус сказаў: ці не дзесяць ачысціліся? а дзе ж дзевяць?
18. хіба́ не знайшлося з іх нікога, хто б вярнуўся аддаць хвалу́ Богу, акрамя гэтага іншародца?
19. І сказаў яму: устань і ідзі, вера твая ўратавала цябе.
20. А як спыталіся фарысеі, калі пры́йдзе Царства Божае, Ён, адка́зваючы ім, сказаў: не пры́йдзе Царства Божае прыкме́тна,
21. і не скажуць: «вось, яно тут», ці: «вось, там». Бо вось, Царства Божае ўнутры́ вас.
22. Сказаў жа вучням Сваім: пры́йдуць дні, калі пажада́еце ўба́чыць хоць бы адзін з дзён Сына Чалавечага, і не ўбачыце;
23. і скажуць вам: «вось, тут», ці: «вось, там», — не выходзьце і не ганяйцеся;
24. бо як маланка, блíскаючы, ад аднаго краю нябёс да другога свеціць, так будзе Сын Чалавечы ў дзень Свой.
25. Але перш нале́жыць Яму многа адпаку́таваць і быць адры́нутым родам гэтым.
26. І як было́ ў дні Ноя, так будзе і ў дні Сы́на Чалавечага:
27. елі, пілí, жаніліся, выхо́дзілі за́муж да таго дня, як увайшоў Ной у каўчэг; і прыйшоў патоп і вы́нішчыў усіх.
28. Таксама, як было і ў дні Лота: елі, пілí, купля́лі, прадава́лі, садзíлі, будава́лі;
29. а ў той дзень, калі вы́йшаў Лот з Садо́ма, пралілíся дажджом з неба агонь і се́ра і вы́нішчылі ўсіх;
30. так будзе і ў той дзень, калі Сын Чалавечы я́віцца.
31. У той дзень хто будзе на да́ху, а рэ́чы яго ў доме, няхай не сыхо́дзіць узяць іх; і хто будзе на полі, таксама няхай не вярта́ецца назад.
32. Па́мятайце пра жонку Лотаву.
33. Хто будзе стара́цца ўратава́ць душу́ сваю, той загу́біць яе, а хто загу́біць яе, той ажы́віць яе.
34. Кажу вам: у тую ноч будуць двое на адной пасцелі: адзін будзе ўзя́ты, а другі пакíнуты;
35. будуць дзве разам малоць: адна будзе ўзя́та, а другая пакíнута;
36. двое будуць на полі: адзін будзе ўзя́ты, а другі пакíнуты.
37. І ў адказ сказалі яму: дзе, Госпадзі? Ён жа сказаў ім: дзе це́ла, там збяру́цца і арлы.