Евангеллі
Святое Дабравесце паводле Лукі
Раздзел 10
1. Пасля гэтага абра́ў Гасподзь і іншых семдзесят вучняў і паслаў іх па двое перад аблíччам Сваім у кожны горад і месца, куды Сам збіраўся ісці,
2. і казаў ім: жніва́ многа, а работнікаў ма́ла; таму малíце Гаспадара́ жніва́, каб вы́веў работнікаў на жніво́ Сваё.
3. Ідзíце! вось Я пасылаю вас, як ягнят пасярод ваўкоў.
4. Не бярыце з сабой ні мяшка, ні торбы, ні абутку і нікога ў дарозе не віта́йце.
5. Калі ж у які дом уво́йдзеце, перш кажыце: мір дому гэтаму;
6. і калі там будзе сын міру, то спачне́ на ім мір ваш; а калі не, то да вас ве́рнецца;
7. і ў тым доме застава́йцеся, е́жце і пíце, што ў іх ёсць; бо працаўнíк ва́рты ўзнагароды сваёй. Не перахо́дзьце з дома ў дом.
8. І калі ў які горад пры́йдзеце і пры́муць вас, ежце, што вам пададу́ць;
9. і ацаля́йце хворых, якія ёсць там, і кажыце ім: наблíзілася да вас Царства Божае.
10. А калі ў які горад пры́йдзеце і не пры́муць вас, то, вы́йшаўшы на вуліцы яго, скажы́це:
11. і пыл, што прыстаў да нас з горада вашага, мы абтраса́ем вам; аднак тое ведайце, што наблíзілася да вас Царства Божае;
12. кажу вам, што Садому ў дзень той лягчэ́й будзе, чым гораду таму.
13. Го́ра табе, Харазíне! го́ра табе, Віфсаíда! бо калі б у Ты́ры і Сідо́не явíліся сілы, я́ўленыя ў вас, яны б даўно ўжо, се́дзячы ў валасянíцы і по́пеле, пака́яліся;
14. але Ты́ру і Сідо́ну лягчэ́й будзе на судзе́, чым вам.
15. І ты, Капернау́ме, што да неба ўзвы́сіўся, да пекла будзеш нізры́нуты.
16. Хто слу́хае вас, той Мяне слу́хае; і хто адвярга́е вас, той Мяне адвярга́е; а хто адвярга́е Мяне, адвярга́е Таго, Хто паслаў Мяне.
17. Вярнуліся ж семдзесят з радасцю, гаворачы: Госпадзі! і дэманы пакара́юцца нам у імя́ Тваё.
18. Ён жа сказаў ім: бачыў Я сатану, што як маланка з неба ўпаў;
19. вось Я даю вам ула́ду наступа́ць на зме́яў і скарпіёнаў і на ўсю сілу варожую, і нішто не пашко́дзіць вам;
20. аднак таму не радуйцеся, што ду́хі вам пакара́юцца, а радуйцеся, што імёны вашы запíсаны на нябёсах.
21. У той час узра́даваўся духам Іісус і сказаў: сла́ўлю Цябе, Ойча, Госпадзі неба і зямлі, што Ты ўтаíў гэта ад му́дрых і разумных і адкрыў гэта малы́м дзе́цям. Так, Ойча! бо гэта было добраўго́дна перад Табою.
22. І, павярну́ўшыся да вучняў, сказаў: усё Мне перада́дзена Айцом Маім, і хто ёсць Сын, не знае ніхто, акрамя́ Айца, і хто ёсць Айцец, не знае ніхто, акрамя́ Сына і каму Сын хоча адкры́ць.
23. І, павярну́ўшыся да вучняў, асобна сказаў: блажэ́нныя вочы, якія ба́чаць тое, што вы ба́чыце;
24. бо кажу вам, што многія прарокі і цары́ хацелі ба́чыць тое, што вы ба́чыце, і не ба́чылі, і чуць тое, што вы чу́еце, і не чулі.
25. І вось, устаў нейкі законнік і, спакуша́ючы Яго, сказаў: Настаўнік! што мне рабіць, каб унасле́даваць жыццё вечнае?
26. Ён жа сказаў яму: у законе што́ напíсана? я́к чытаеш?
27. Той жа сказаў у адказ: «узлюбí Госпада Бога твайго ўсім сэ́рцам тваім, і ўсёй душою тваёю, і ўсёй сілаю тваёю, і ўсім разуме́ннем тваім» і «бліжняга твайго, як само́га сябе».
28. Іісус сказаў яму: правільна ты адказаў; рабí гэта, і будзеш жыць.
29. Але той, хочучы апраўда́ць сябе, сказаў Іісусу: а хто мой бліжні?
30. На гэта Іісус сказаў: чалавек нейкі ішоў з Іерусаліма ў Іерыхо́н і тра́піў да разбойнікаў, якія раздзе́лі яго і пара́нілі, і пайшлі, пакíнуўшы ледзь жывога.
31. Выпадкова адзін свяшчэ́ннік ішоў тою дарогаю і, уба́чыўшы яго, прайшоў міма.
32. Таксама і левíт, бы́ўшы на тым месцы, падышоў і, уба́чыўшы, прайшоў міма.
33. А нейкі Самаранíн, што быў у дарозе, натра́піў на яго і, убачыўшы яго, зжа́ліўся
34. і, падышо́ўшы, перавяза́ў раны яго, узліва́ючы але́й і віно; і, пасадзíўшы яго на сваю жывёліну, прывёз яго ў гасцініцу і паклапаціўся пра яго;
35. а на другі дзень, ад’язджа́ючы, дастаў два дына́рыі і даў гаспадару́ гасцíніцы, і сказаў яму: паклапацíся пра яго, а калі болей што патра́ціш, я, як вярнуся, адда́м табе.
36. Каторы з гэтых трох, здае́цца табе, быў блíжнім таму, хто тра́піў да разбойнікаў?
37. Ён сказаў: той, што ўчыніў міласць яму. Сказаў жа яму Іісус: ідзі, і ты рабі гэ́так.
38. І ста́лася: калі яны былí ў дарозе, зайшоў Ён у адно пасе́лішча; і жанчына нейкая, íмем Марфа, прыняла́ Яго ў дом свой;
39. і была́ ў яе сястра, што зва́лася Марыя, якая, се́ўшы каля ног Іісуса, слухала слова Яго.
40. Марфа ж клапацíлася, каб як найле́пш услужы́ць, і, падышоўшы, сказала: Го́спадзі! ці ж не абыя́кава Табе, што сястра мая́ адну мяне пакíнула ўслу́жваць? скажы ёй, каб дапамагла́ мне.
41. Іісус жа сказаў ёй у адказ: Марфа! Марфа! ты клапо́цішся і турбу́ешся пра многае,
42. а толькі адно патрэ́бна; Марыя ж вы́брала добрую долю, якая не ады́мецца ў яе.