Евангеллі
Святое Дабравесце паводле Іаана
Раздзел 2
1. А на трэці дзень было́ вясе́лле ў Ка́не Галіле́йскай, і Маці Іісусава была́ там.
2. Запро́шаны таксама быў Іісус і вучні Яго на вясе́лле.
3. І калі не хапíла віна, Маці Іісусава кажа Яму: віна не маюць.
4. Кажа Ёй Іісус: што́ Мне і Табе, Жанчына? яшчэ не прыйшоў час Мой.
5. Кажа Яго Маці слу́гам: што́ скажа Ён вам, зрабíце.
6. Было ж там шэсць каме́нных пасу́дзін для вады, якія стаялі дзе́ля ачышчэ́ння Іудзейскага і змяшча́лі па дзве ці па тры ме́ры.
7. Кажа ім Іісус: напоўніце пасу́дзіны вадою. І напоўнілі іx да ве́рху.
8. І кажа ім: цяпер чэ́рпайце і нясіце да распара́дчыка засто́лля. І яны пане́слі.
9. Калі ж распара́дчык пакаштава́ў вады, што зрабíлася віном, — а ён не ведаў, адкуль яно, ведалі толькі слугі, якія налівалі ваду, — кліча жаніха распара́дчык засто́лля
10. і кажа яму: кожны чалавек спача́тку добрае віно падае́, а калі нап’юцца, тады горшае; ты ж добрае віно захаваў дагэтуль.
11. Так паклаў Іісус пачатак цу́дам у Ка́не Галілейскай і явíў славу Сваю, і ўве́равалі ў Яго вучні Яго.
12. Пасля гэтага прыйшоў Ён у Капернау́м, Сам і Маці Яго, і браты́ Яго, і вучні Яго, і там застава́ліся некалькі дзён.
13. І набліжа́лася Пасха Іудзейская, і прыйшоў Іісус у Іерусалім
14. і знайшоў, што ў храме прадавалі валоў, і авечак, і галубоў, і сядзелі мяня́лы грошай;
15. і, зрабіўшы біч з вяровак, усіx вы́гнаў з храма, і авечак, і валоў, і парассыпа́ў грошы мяня́лаў і сталы́ перавярнуў;
16. і прадаўцам галубоў сказаў: забяры́це гэта адсюль, не рабіце дом Айца Майго домам га́ндлю.
17. І ўспомнілі вучні Яго, што напíсана: «клопат пра дом Твой паглына́е Мяне».
18. На гэта Іудзеі сказалі Яму: якім знаме́ннем Ты пакажаш нам, што маеш права гэта рабіць?
19. У адказ Іісус сказаў ім: разбуры́це храм гэты, і Я за тры дні ўзвяду́ яго.
20. І сказалі Іудзеі: сорак шэсць гадоў будаваўся храм гэты, а Ты за тры дні ўзвядзе́ш яго?
21. Ён жа гаварыў пра храм це́ла Свайго.
22. Калі ж Ён уваскрэ́с з мёртвых, успомнілі вучні Яго, што Ён гэта казаў, і паве́рылі Пісанню і слову, якое сказаў Іісус.
23. А калі Ён быў у Іерусаліме на свята Пасхі, многія ўверавалі ў імя́ Яго, бачачы цуды, якія Ён здзяйсня́ў.
24. Але Сам Іісус не давяра́ўся ім, таму што Сам ведаў усіx,
25. і не меў патрэ́бы, каб хто све́дчыў пра чалавека, бо Сам ведаў, што́ было́ ў чалавеку.