Евангеллі
Святое Дабравесце паводле Іаана
Раздзел 1
1. У пачатку было́ Слова, і Слова было́ ў Бога, і Богам было́ Слова.
2. Яно было ў пачатку ў Бога;
3. усё праз Яго пачало́ быць, і без Яго нішто не пачало́ быць, што пачало́ быць.
4. У Ім было́ жыццё, і жыццё было́ святлом для людзе́й;
5. і святло ў це́мры све́ціць, і це́мра не агарну́ла яго.
6. Быў чалавек, пасла́ны ад Бога; імя́ яму Іаан;
7. ён прыйшоў для све́дчання, каб све́дчыць пра Святло, каб усе ўве́равалі праз яго.
8. Ён не быў святлом, але прыйшоў, каб све́дчыць пра Святло;
9. было́ Святло íсціннае, Якое прасвятля́е ўсякага чалавека, што прыхо́дзіць у свет;
10. у свеце быў, і свет праз Яго пача́ў быць, і свет Яго не пазнаў;
11. да сваіх прыйшоў, і свае Яго не прынялí.
12. А тым, што прынялí Яго, даў ула́ду стаць дзе́цьмі Божымі, тым, што ве́руюць у імя́ Яго,
13. якія не ад крывí, і не ад жада́ння пло́ці, і не ад жада́ння му́жа, а ад Бога нарадзíліся.
14. І Слова стала пло́ццю, і жыло́ сярод нас, і мы ба́чылі славу Яго ад Айца, славу як Адзінароднага, поўнага благада́ці і íсціны.
15. Іаан све́дчыць пра Яго і, ускліка́ючы, гаворыць: гэта быў Той, пра Каго я сказаў: Той, Хто ідзе за мною, напе́радзе мяне стаў, бо ране́й за мяне быў;
16. і ад паўнаты́ Яго мы ўсе прынялí і благада́ць на благада́ць;
17. бо закон праз Маісея да́дзены, а благада́ць і íсціна праз Іісуса Хрыста ста́ліся.
18. Бога ніхто не бачыў ніколі; Адзінародны Сын, Які ва ўло́нні Айца, Ён явíў.
19. І вось све́дчанне Іаана, калі Іудзеі пасла́лі з Іерусаліма свяшчэ́ннікаў і левíтаў, каб спыта́лі яго: хто ты?
20. І ён вы́знаў і не адро́кся; і вы́знаў: я не Хрыстос.
21. І спыталі яго: дык што? ты Ілія́? І ён сказаў: не. Ты прарок? І адказаў: не.
22. Сказалі яму: хто ж ты? каб даць адказ тым, хто паслаў нас; што́ ты скажаш пра само́га сябе?
23. Ён сказаў: я голас таго, хто клíча ў пусты́ні: вы́прамце шлях Госпаду, як сказаў прарок Іса́ія.
24. А пасла́ныя былí з фарысеяў;
25. і яны пыта́ліся ў яго і каза́лі яму: чаго ж ты хры́сціш, калі ты не Хрыстос, і не Ілія́, і не прарок?
26. Адказаў ім Іаан, ка́жучы: я хрышчу́ вадою; але сярод вас стаіць Той, Каго вы не ведаеце;
27. гэта Той, Хто ідзе за мною, Які напе́радзе мяне стаў, у Якога я нява́рты развяза́ць раме́нь абу́тку Яго.
28. Гэта было ў Віфава́ры за Іарданам, дзе хрысцíў Іаан.
29. На другі дзень бачыць Іаан Іісуса, Які ідзе да яго, і кажа: вось Агнец Божы, што бярэ́ на Сябе граxí свету;
30. гэта Той, пра Якога я сказаў: «за мною ідзе Муж, Які напе́радзе мяне стаў, бо ране́й за мяне быў»;
31. і я не ведаў Яго; але, каб Ён быў я́ўлены Ізра́ілю, дзе́ля гэтага прыйшоў я хрысцíць вадою.
32. І све́дчыў Іаан, ка́жучы: я бачыў Духа, Які сыхо́дзіў як голуб з неба, і Ён заста́ўся на Ім;
33. і я не ведаў Яго; але Той, Хто паслаў мяне хрысцíць вадою, сказаў мне: «над Кім убачыш Духа, Які сыхо́дзіць і застае́цца на Ім, Той і ёсць, што хры́сціць Духам Святым»;
34. і я бачыў і засве́дчыў, што Ён — Сын Божы.
35. На другі дзень зноў стаяў Іаан і двое з вучняў яго.
36. І, убачыўшы Іісуса, Які ішоў, ён сказаў: вось Агнец Божы.
37. І пачулі або́два вучні, як ён казаў гэта, і пайшлі за Іісусам.
38. Іісус жа, абярнуўшыся і ўбачыўшы, што яны ідуць за Ім, кажа ім: чаго вы шука́еце? Яны сказалі Яму: Раввí (што азначае: Вучыцель), дзе Ты жыве́ш?
39. Ён кажа ім: ідзіце і ўбачыце. Яны пайшлі і ўбачылі, дзе Ён жыве, і прабылí ў Яго дзень той. Было́ ж каля дзясятай гадзíны.
40. Адзін з дваіх, што пачулі ад Іаана пра Іісуса і пайшлі за Ім, быў Андрэй, брат Сíмана Пятра.
41. Ён першы знахо́дзіць брата свайго Сíмана і кажа яму: мы знайшлі Месíю (што ў перакладзе азначае: Хрыстос).
42. І прывёў яго да Іісуса. Глянуўшы на яго, Іісус сказаў: ты Сíман, сын Іоны; ты будзеш звацца Кíфа (што азначае: ка́мень).
43. На другі дзень захацеў Ён ісці ў Галілею; і знахо́дзіць Філіпа і кажа яму: ідзі за Мною.
44. Філіп жа быў з Віфсаíды, з горада Андрэя і Пятра.
45. Знаходзіць Філіп Нафана́іла і кажа яму: мы знайшлі Таго, пра Каго пісалі Маісей у законе і прарокі, — Іісуса, Сына Іосіфавага, з Назарэ́та.
46. І сказаў яму Нафана́іл: ці можа з Назарэ́та быць што добрае? Філіп кажа яму: ідзі і паглядзí.
47. Убачыў Іісус Нафана́іла, які ішоў да Яго, і кажа пра яго: вось, сапраўды́, Ізраільця́нін, у якім няма крываду́шнасці.
48. Кажа Яму Нафана́іл: адкуль Ты мяне ведаеш? У адказ Іісус сказаў яму: перш, чым паклíкаў цябе Філіп, калі ты быў пад смако́ўніцаю, Я бачыў цябе.
49. Нафана́іл адказаў Яму: Раввí! Ты Сын Божы, Ты Цар Ізра́ілеў.
50. У адказ Іісус сказаў яму: ты верыш, бо Я сказаў табе: «Я бачыў цябе пад смако́ўніцаю»; убачыш бо́льшае за гэта.
51. І кажа яму: праўду, праўду кажу вам: з гэтага часу ўба́чыце неба раскры́тае і ангелаў Божых, што ўзыхо́дзяць і сыхо́дзяць да Сы́на Чалавечага.